Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

– З’ясавалі, пан Андрэй. Загнаў яго сюды Варона. Заўтра будзем яго браць.– Чаму заўтра? Можа, ён з’явіцца якраз сёння.– Сёння пятніца. Пан забыў пра гэта. Бандзюка, як кажуць, шукай у царкве. Святыя надта ды божыя. Рэжуць з імем святой тройцы на вуснах. Яны прыйдуць заўтра, бо страцілі цярпенне. Ім патрэбна пазбавіцца ад цябе. – Памаўчаў, вочы спалахнулі нядобрым полымем: – Заўтра нарэшце прывяду мужыкоў. З віламі. І табе дамо. Калі з намі, дык да канца. Будзем вартаваць ля паваленай агароджы. І ўсіх пакладзём, усіх. Пад самы корань чортава семя...Мы пайшлі разам да Балотных Ялін і там даведаліся, што Надзея Раманаўна не адна. У яе сядзеў пан Гарабурда. Яноўская за апошнія дні ўнікала мяне, а калі мы сустракаліся – адвяртала пацямнелыя, сумныя, як асенняя вада, вочы.Таму я праз ахмістрыню выклікаў яе ў ніжнюю залу, дзе Рыгор змрочна глядзеў на святога Юрыя, такі самы магутны і высокі, як статуя. Яноўская выйшла, і Рыгор сарамліва падцягнуў пад крэсла ногі, бо натаптаў на падлозе. Але голас яго па-ранейшаму быў грубы, калі ён звяртаўся да яе, толькі ў глыбіні нешта непрыкметна дрыжала.– Слухайце, ясная пані. Мы знайшлі караля Стаха. Гэта Варона. Дайце мне пару стрэльбаў. Заўтра мы скончым з імі.– Дарэчы, – перабіў я, – я памыліўся тады. Я пытаўся ў вас, ці не ведаеце вы чалавека, прозвішча якога пачынаецца з “Лікол...”. Зараз я пытаю, ці не ведаеце вы чалавека, мянушка якога “Лікол”, проста “Лікол”? Гэта самы небяспечны чалавек у гэтай бандзе, магчыма, нават натхніцель.– Не! – раптам крыкнула яна, засунуўшы кончыкі пальцаў у рот. Вочы яе пашырыліся, застыглі ў тузе. – Не! Не!– Хто ён такі? – змрочна спытаў Рыгор.– Пашкадуйце, пашкадуйце мяне! Гэтага не можа быць... Ён такі добры, шчыры. Ён трымаў Свеціловіча і мяне на каленях. Тады наш дзіцячы язык не мог вымавіць яго імя, мы яго перакручвалі, і з гэтага нарадзілася мянушка, якой мы называлі яго толькі між сабою. Нямногія ведалі яе.– Хто гэта? – няўмольна сказаў Рыгор, рухаючы каменнымі сківіцамі.І тады яна заплакала. Плакала ўзахлёб, як дзіцёнак. І праз рыданні нарэшце вырвалася:– Пан Лікол... пан Рыгор Дубатоўк.Я быў уражаны ў самае сэрца. Я аслупянеў, я задыхаўся:– Не можа быць! Што вы! Такі добры чалавек! І, галоўнае, якая яму карысць!А памяць паслужліва падсунула словы аднаго з мярзотнікаў пад дрэвам: “Любіць старажытнае”. І нават невядомае “ічкі на...” з ліста Свеціловічу раптам заканамерна ператварылася ў любімае прыслоўе Дубатоўка: “Балеснічкі нашы, што гэта робіцца на зямлі?!”Я працёр вочы, адагнаў ачмурэнне:– Не, не можа быць. Якая яму карысць, ён зусім і не спадчыннік пані.І тут адгадка бліскавіцай шуганула ў маёй галаве:– Пачакайце тут, Надзея Раманаўна. Пачакай, Рыгор. Я прайду да пана Гарабурды. Пасля мне трэба будзе перабраць рэчы Бермана.– Добра, – сумна сказала Яноўская. – Яго пахавалі ўжо.І я пабег па сходах. Думкі мае ішлі ў двух кірунках. Першае: Дубатоўк мог дамовіцца з Берманам (толькі чаму ён забіў яго?). Другое: Гарабурда таксама мог неяк залежаць ад Дуботоўка.Ірвануў дзверы. Насустрач мне з крэсла ўстаў пажылы мужчына з гамерычнымі ляжкамі. Ён здзіўлена глядзеў на мой рашучы твар.– Прабачце, пан Гарабурда, – рэзка кінуў я, як у вір скокнуў. – Я павінен паставіць перад вамі адно пытанне. Пра вашы адносіны з панам Дубатоўкам. Нашто вы далі гэтаму чалавеку так заўладаць вамі?