Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Ён выглядаў як спайманы на месцы крадзяжу. Нізкі лоб яго пачырванеў, вочы замітусіліся. Але, відаць, па маім твары ён зразумеў, што жартаваць са мною нельга.– Што зробіш... Вэксалі, – замармытаў ён.І зноў я трапіў у мішэнь, мецячы ў неба:– Вы далі пану Дубатоўку вэксалі пад маёнтак Яноўскай, які вам не належыць.– Гэта была такая мізэрная колькасць грошай. Усяго тры тысячы рублёў. Псарня патрабуе так многа...Усё пачынала ставаць на сваё месца. Пякельны план Дубатоўка яснеў у маіх вачах.– Па тэстаменту Рамана Яноўскага, – замармытаў ён, абіраючы дрыжачымі пальцамі нешта з візіткі, – устаўлена такая субстытуцыя. Спадчыну атрымліваюць дзеці Яноўскай... – І жаласна глянуў мне ў вочы. – Іх не будзе. Яна ж памрэ... Яна хутка памрэ... П-пасля іх – муж. А яна вар’ятка, хто з ёй ажэніцца?.. Пасля, наступная прыступка, апошнія Яноўскія. А іх няма, няма пасля смерці Свеціловіча. А я сваяк Яноўскіх па пралцы, з жаночага, так бы мовіць, боку. Калі не будзе дзяцей і мужа – палац мой. – І ён заенчыў: – Але як я мог чакаць? Я ўвесь у вэксалях. Я такі няшчасны чалавек. І большасць папер скупіў пан Рыгор... І яшчэ тры тысячы даў. Зараз ён тут будзе гаспадаром.– Паслухайце, – холадна кінуў я, – тут была, ёсць і будзе толькі адна гаспадыня, пані Надзея Яноўская.– Я не спадзяваўся на спадчыну. Яноўская ўсё ж магла выйсці замуж... І я даў Дубатоўку даўгавое абавязацельства пад забеспячэнне палаца.– Добра. Сорам з вамі нават не начаваў. Але няўжо вы не ведаеце, што гэта нядзейсны з фінансавага боку ўчынак? Што гэта крымінал?– Не, не ведаю. Я быў рады.– А вы ведаеце, што вы штурхнулі Дубатоўка на жахлівае злачынства, якому і наймення на чалавечай мове няма. Чым вінавата бедная дзяўчына, што вы пажадалі пазбавіць яе жыцця?– Я падазраваў, што гэта злачынства, – разрумзаўся ён. – Але мая псарня...– Гніда вы! Рук толькі пэцкаць не хочацца. Вамі будзе займацца губернскі суд. А пакуль што я сваёй уладай засаджу вас на тыдзень у сутарэнне гэтага дома, каб вы не маглі папярэдзіць іншых мярзотнікаў... Пакуль скончыцца гэтая справа.– Гэта гвалт, – заскуголіў ён.– Што вы ведаеце пра насільства? – кінуў я яму. – Што вы ведаеце, смоўж?Праз паўгадзіны Рыгор заштурхнуў Гарабурду ў скляпенне без акон пад цэнтральнай часткай будынка. Жалезныя дзверы з грукатам зачыніліся.

Раздзел шаснаццатыАгеньчык свечкі маячыў недзе далёка за цёмнымі шыбамі. Калі я падымаў вочы, я бачыў поруч з ім адбітак свайго твару з рэзкімі ценямі ў вачаніцах.Я разбіраў паперы Бермана. Мне здавалася ўсё ж, што я змагу адшукаць у іх нешта цікавае. Берман быў занадта складаны характар, каб жыць простай авечкай.І вось я з ведама гаспадыні выцягнуў усе паперы з бюро на стол, пераклаў на яго ж кнігі, лісты, дакументы і сядзеў, чхаючы ад пылу, які густа ўкрываў гэтыя рэліквіі.Цікавага было, аднак, мала. Трапіўся ліст ад маці Бермана, дзе яна прасіла аб дапамозе, і чарнавік ліста Бермана ёй, дзе ён пісаў, што на яго ўтрыманні знаходзіцца брат, што брат цяпер не перашкаджае маці жыць так, як яна хоча, а ў астатнім яны – квіты. Гэта было дзіўна: які брат, дзе ён зараз?Пасля я адшукаў нешта накшталт дзённіка, дзе поруч з грашовымі выдаткамі і вельмі разумнымі заўвагамі па беларускай гісторыі я прачытаў і такія-сякія разважанні Бермана. Вось некаторыя:“Паўночна-Заходні край як паняцце – фікцыя. Справа, магчыма, у тым, што ён крывёй і мозгам сваім служыць ідэі цалкам усяго космасу, а не пяцёх губерняў, расплачваецца за ўсё і гатуе ў глыбіні сваёй новага Месію для ўратавання людской пароды. Таму яго лёс – пакутаваць. Справа, аднак, не датычыцца лепшых яго прадстаўнікоў, людзей сілы, арыстакратаў духу”.