Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

– Бач ты, рыцар духу, чалавек сілы ў прадзёртых портках, – буркнуў я.“Адзіная любоў мая – брат. Часам мне здаецца, што ўсе астатнія людзі ёсць карыкатуры на яго, і патрэбны чалавек, які перарабіў бы ўсіх на яго капыл. Людзі павінны быць людзьмі цемры. Тады ў іхніх арганізмах лепей высоўваецца наперад тое цудоўна жывёльнае, што мы павінны зберагаць і любіць. Хіба геній не аддзяляецца ад ідыёта толькі фігавым лістком, які прыдумалі самі людзі. Беларэцкі мяне раздражняе сваёй звычайнасцю, і, дальбог, для яго было б лепей, каб ён хутчэй знік”.І яшчэ адзін запіс:“Грошы – эманацыя чалавечай улады над статкам іншых (на жаль!). Трэба было б навучыцца рабіць мазгавую кастрацыю ўсім, хто не варты свядомага жыцця. А лепшым даваць бязмернае шчасце, бо такая штука, як справядлівасць, не прадугледжана самой прыродай. Так і са мною. Мне патрэбен спакой, якога тут больш, ніж дзе-небудзь, і грошы, каб вынасіць ідэю, дзеля якой я з’явіўся на свет, ідэю вялікапышнай і надзвычайнай несправядлівасці. І мне здаецца, што першай прыступкаю магла б быць перамога над тым, да чаго імкнецца маё цела і што, аднак, неабходна знішчыць, над гаспадыняй Балотных Ялін. Яна ўсё адно асуджана сляпым лёсам на знішчэнне. На ёй праклён спраўджваецца з’яўленнем дзікага палявання пад мурамі палаца. Яна больш трывалая, ніж я думаў, дагэтуль не звар’яцела. Кароль Стах слабы, і выправіць яго памылкі суджана мне. І, аднак, я раўную яе да ўсіх маладых людзей і асабліва да Беларэцкага. Учора страляў па ім і быў вымушаны на рэтыраду. Дрэнна страляю”.Наступны лісток:“Магчыма, калі я выканаю ролю боскай сілы, вышэйшага наканавання (бывала ж такое са звычайнымі смертнымі), духі зла пакінуць гэтыя мясціны, і я стану гаспадаром. Пераконваў калісь Беларэцкага, што галоўная небяспека – паляванне. А якая небяспека ад зданяў? Іншая справа Малы Чалавек.Золата, золата! Тысячы панегірыкаў трэба спяваць уладзе тваёй над душамі людзей. Ты ўсё: пялюшка дзіцяці, купленае табою цела дзяўчыны, сяброўства, любоў і ўлада, мозг найвялікшых геніяў, нават прыстойная яма ў зямлі. І да ўсяго гэтага я праб’юся”.Я скамячыў паперкі і да болю сціснуў пальцы:– Брыдота!І раптам сярод іншых паперак рука мая натрапіла на складзены ў чатыры столкі аркуш пергаменту. Я расклаў яго на каленях і толькі галавою хітануў: гэта быў план будынка ў Балотных Ялінах, план ХVІ стагоддзя. І на гэтым плане выразна было азначана, што слухавак у мурах палаца аж чатыры, і яны так схаваны ў плафоне, што адшукаць іх ніяк нельга. Між іншым, адна з іх вяла ад сутарэнняў пад палацам да пакоя ля бібліятэкі (напэўна, каб падслухоўваць размовы вязняў), а другая злучала бібліятэку, закінутыя пакоі для слуг на першым паверсе і... пакой, у якім жыла Яноўская. Дзве другія былі невядома дзе: выхады іхнія былі ў калідоры, дзе жылі я і Яноўская, але далейшы іх ход быў старанна зацёрты пальцамі.Мярзотнік адшукаў план у архіве і схаваў яго.І было яшчэ тое-сёе цікавае. У вонкавым муры палаца была пустэча, выразна быў адзначаны вузкі праход і тры нейкія клетушкі. А выхад з прахода быў намечаны якраз за павароткай калідора, дзе я калісьці аддзіраў дзверы ў сапраўды забітым пакоі.Я лаяўся так, як ніколі ў жыцці. Шмат непрыемнасцей мінула б, калі б я абстукаў там сценкі, абшытыя панелямі. Але не позна было і зараз. Я схапіў свечку, глянуў на гадзіннік (палова на адзінаццатую ночы) і хутка пабег пераходамі да свайго калідора.