Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Стукаў я, напэўна, з палову гадзіны, пакуль не натрапіў на месца, якое адказала на стук гулкім водгукам, быццам я лупіў дно бочкі. Я шукаў на панелі месца, за якое можна ўзяцца і аддзерці яе ад астатніх, але дарэмна. Пасля пабачыў у адным месцы лёгкія драпіны, пакінутыя як быццам нажом. Таму я дастаў сцізорык і пачаў торкаць ім у ледзь прыкметныя шчыліны між гэтай часткай панелі і астатнімі. Даволі хутка мне ўдалося намацаць лязом нажа нешта, што паддавалася. Я націснуў мацней – нешта зарыпела, і пасля панель павольна пачала паварочвацца вакол свайго цэнтра, кажучы мне вузкую шчыліну. Я паглядзеў на адваротны бок панелі ў тыя месцы, куды торкаў лязом, – там была глухая дошка, знутры панель адчыніць на калідор было нельга. Я нават спусціўся быў уніз прыступак на пятнаццаць, але дзверы за спіною жаласна заспявалі, я пабег да іх і якраз своечасова паспеў прытрымаць іх нагою, каб яны не захлопнуліся. Не, аставацца ў нейкай пацуковай нары аднаму, з пагрозай прасядзець тут да другога прышэсця, ды яшчэ з абгаркам свечкі – гэта было глупствам.Таму я пакінуў дзверы напаўзачыненымі, паклаўшы ля восі ўласную хустку, а сам сеў непадалёк на падлогу, паклаўшы на калені рэвальвер. Свечку давялося загасіць, бо святло яе магло спудзіць істоту, калі б яна задумала вылезці з патаемнага ходу. І, аднак, свечка за павароткай калідора, якая гарэла ўсю ноч, хоць цьмяна, але асвятляла калідор, ды і ў акно ліўся няпэўны шэры водбліск.Не ведаю, колькі я так праседзеў, уткнуўшы падбароддзе ў калені. Было каля дванаццаці, калі раптам дрымота пачала падаць на мяне, навальвацца цяжарам, стуляць павекі. І я ўпарта дзюбаў носам, як ні намагаўся змагацца са сном: даліся мне ў знакі мінулыя бяссонныя ночы. У адзін з момантаў прытомнасць адмовіла мне, і я праваліўся кудысьці ў цёмную душную бездань.Вы спрабавалі калі-небудзь спаць седзячы, прыціснуўшы спіну да мура або, лепей, да дрэва? Паспрабуйце. Вы пераканаецеся, што пачуццё падзення, якое вы часам адчуваеце, лежачы пад цёплай коўдрай, ёсць шостае пачуццё, што перайшло нам у спадчыну ад продка нашага, малпы, што яно было ёй неабходна, каб не ўпасці з дрэва. І, седзячы ля дрэва, вы ў сне будзеце падаць вельмі часта, і адкрываць вочы, і зноў засынаць. І нарэшце дзіўныя сны авалодаюць вашай душой, знікне мільён год чалавечага існавання, і вам здасца, што пад дрэвам дапатопны мамант ідзе на вадапой і вочы пячорнага мядзведзя гараць з-пад скалы.Прыблізна ў такім настроі быў і я. Сны... Сны... Мне здавалася, што я сяджу з доўбняю на каленях недзе на дрэве і мне страшна злезці, бо пада мною, па зямлі, ідзе нейкі пітэкантрап. І ноч, і стогнуць ваўкі за дрэвамі. У той самы момант я ўпаў і раскрыў вочы.Проста ў паўцемры рухалася паўз мяне дзіўная істота. Зялёнае старадаўняе ўбранне было ў пыле і павуцінні, галава, доўгая, выцягнутая назад, як боб, задуменна апушчана, павекі, як у жабы, ледзь не закрывалі журботныя вочы, а рукі былі апушчаны ўніз, і доўгія-доўгія пальцы іх амаль даставалі да зямлі.Малы Чалавек Балотных Ялін прамінуў мяне і праплыў далей, а я сачыў за ім з рэвальверам. Будынак быў яму, відаць, добра знаёмы. Ён адчыніў акно, пасля другое, пасля вылез у адно. Я высунуў за ім галаву і пабачыў, што гэта істота з малпячым спрытам ідзе па вузкім, у тры пальцы, карнізе. Ён амаль бег, як павук, з нечалавечай жвавасцю. Па ходзе справы ён адшчыкнуў з галіны ліпы, якая падыходзіла да сцяны, некалькі плодзікаў. Пачамкаў іх. Адной рукой ён дапамагаў сабе рухацца. Пасля ён зноў пралез у калідор, зачыніў вокны і павольна рушыў кудысьці калідорам, страшны ў сваёй нечалавечнасці. Аднойчы мне пачулася нейкае мармытанне, Малы Чалавек хлопнуў сябе па лбе і знік у цемры, куды не даставала святло далёкай свечкі. Я хутка накіраваўся за істотай, бо баяўся знікнення. Калі я апынуўся ў цемры, я пабачыў два ззяючых вокі, што глядзелі з кута з невымоўнай пагрозай.