Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Вусны фарфоравай лялькі прыемна крывіліся.– Вы не заўважылі, васпан, якое гэта непрыемнае відовішча, калі чалавек харчуецца? О, гэта жахліва! Ён тупа плямкае, чамкае і нагадвае нейкую худобу. Ва ўсіх людзей так выразна праяўляецца падабенства да якога-небудзь звера. Той жарэ, як леў, той чамкае, як, прабачце, тая жывёла, якую пасвіў блудны сын. Не, пане-дабрадзею, я ніколі не ем на людзях.Я сеў. Пакой быў вельмі сціпла абстаўлены. Жалезны ложак, які нагадваў гільяціну, стол, два крэслы, яшчэ стол, увесь завалены кнігамі і паперамі. Толькі абрус на стале быў незвычайны, вельмі цяжкі, сіні з золатам. Звісаў ён да самай падлогі.– Што, дзівіцеся? О, васпане, гэта адзінае, што засталося з былых рэчаў.– Пане Берман...– Я слухаю вас, пане.Ён сеў, схіліўшы лялечную галаву, шырока раскрыўшы шэрыя вялізныя вочы і прыўзняўшы бровы.– Я хачу спытаць у вас, другіх планаў дома няма?– М-м... не... Ёсць яшчэ адзін, зроблены год трыццаць таму, але там проста сказана, што ён перамаляваны з таго, што я даў вам, і паказаны толькі новыя перагародкі. Вось ён, калі ласка.Я паглядзеў на план. Берман меў рацыю.– А скажыце, ці няма якога замаскіраванага памяшкання на другім паверсе, ля пустога пакоя з шафай?Берман задумаўся.– Не ведаю, васпане, не ведаю, вашамосць... Недзе там павінен быць сакрэтны асабісты архіў Яноўскіх, але дзе ён – не ведаю. Н-не ведаю...Пальцы яго так і бегалі па абрусе, выбіваючы нейкі незразумелы марш.Я падняўся, падзякаваў гаспадару і выйшаў.“І чаго ён так перапалохаўся? – падумалася мне. – Пальцы бегаюць, твар белы! У, халасцяк чортаў, людзей пачаў баяцца...”І, аднак, нейкая думка свідравала мой мозг.“Чаму? Чаму? Не, нешта тут нячыста. І чамусьці круціцца ў галаве слова “рукі”. Рукі. Рукі. Пры чым тут рукі? Нешта павінна ў гэтым слове хавацца, калі яно так лезе з падсвядомасці”.Я выходзіў ад яго з цвёрдай думкаю, што тут трэба трымацца пільнасці. Не падабаўся мне гэты лялечны чалавечак, і асабліва пальцы, пальцы, у два разы даўжэйшыя за нармальныя, якія выгіналіся на стале, як змеі.

Раздзел восьмыДзень быў шэры і змрочны, такі раўнадушна-шэры, што плакаць хацелася, калі я накіраваўся ў фальварак Жабічы, які належаў Кульшам. Нізкія шэрыя хмары паўзлі над тарфянымі балотамі. Казарменны, нудны ляжаў перада мною далягляд. На роўнай карычневай паверхні раўніны там-сям поўзалі брудныя плямы: пастух пасвіў авечак. Я ішоў краем Волатавай прорвы, і воку літаральна не было на чым адпачыць. Нешта цёмнае ляжала ў траве. Я падышоў бліжэй. Гэта быў вялізны, метры тры ў даўжыню, каменны крыж. Павалілі яго даўно, бо нават яма, у якой ён стаяў, амаль зраўнавалася з зямлёю і зарасла травой. Літары на крыжы былі ледзь бачныя: “Раб божы Раман памёр тут наглай смерцю. Лёзныя людзі, маліцеся за душу яго, каб і за вашу хтось памаліўся, злашча модлы вашы асабліва Богу да душы”.Я доўга стаяў ля яго. Вось, значыцца, месца, дзе загінуў Раман Стары!..– Пане, пане літасцівы, – пачуў я голас за спіною.Я павярнуўся. Жанчына ў фантастычных лахманах стаяла за мною і працягвала руку. Маладая, яшчэ даволі прыгожая, яна мела такі абцягнуты жоўтай скурай страшны твар, што я апусціў вочы. На руках яе ляжала дзіця. Я падаў ёй.– Мо хлеба трошкі будзе ў пана? Я, баюся, не дайду. І Ясік памірае...– А што з ім?– Не ведаю, – бязгучна сказала яна.У маёй кішэні знайшлася цукерка, я даў яе жанчыне.