Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Я кінуўся да яго, але яно застагнала цяжка і пабрыло кудысь, хістаючыся на нагах. Утаропіла на мяне свой позірк, пасварылася пальцам.Аслупянеўшы на імгненне, я апамятаўся, дагнаў Малога Чалавека і схапіў яго за плечы. І радасна страпянулася маё сэрца, бо гэта не была здань.Калі я выцягнуў гэтую істоту на святло, яна торкнула сябе пальцам у рот і сказала няпэўным рыпячым голасам:– Гам-гам!..– Ты хто такі? – трасянуў я яго за плечы.І Малы Чалавек, былая здань, адказаў завучана:– Я Базыль. Я Базыль.І раптам хітрасць, якая бывае і ў ідыётаў, асвяціла яго вочы:– Я вас... бачыў. Гы-гы! Я сядзеў пад сталом... пад сталом, брат мяне карміў. А вы раптам – шась!І зноў зачамкаў вялізным, да вушэй, ротам. Я зразумеў усё. Два мярзотнікі – кіраўнік дзікага палявання і Берман – дадумаліся, уласна кажучы, да аднаго і таго ж самага. Берман, які ведаў, што ён з’яўляецца сваяком Яноўскай, прыехаў у Балотныя Яліны і тут напаткаў план хадоў у мурах і слухавак. Пасля гэтага ён таемна паехаў у горад і, кінуўшы маці на волю лёсу, прывёз сюды брата, які не таму ўнікаў людзей, што любіў самоту. Брат проста быў непапраўным ідыётам, і нездарма ў клубе здзівіліся яго дрэннаму выхаванню (Берман, вядома, прывёз у клуб не брата, а нейкага захожага чалавека). Калі ён прывёз яго сюды, ён змясціў яго ў сваім пакоі, карыстаючыся тым, што да яго ніхто не заходзіў, і загадаў сядзець ціха. Пад час аднаго з гадаванняў я і заспеў іх на месцы злачынства. Малы Чалавек тады сядзеў пад сталом, і я мог бы схапіць яго, працягнуўшы руку.Уначы Берман заводзіў яго ў хады, і той крочыў па начных пераходах, абуджаючы ў слухаўках гукі, якія чулі жыхары дома.Зрэдку яго выпускалі і ў калідор: у гэтым выпадку ён апранаў назнарок пашыты стары ўбор, а Берман чакаў яго ля адчыненых дзвярэй ходу, бо адчыніць іх Малы Чалавек не мог. Сяды-тады яму дазвалялі пагуляць і на свежым паветры. З малпячым, а хутчэй з павучыным спрытам ён бегаў па карнізах будынка, глядзеў у асветленыя вокны і, у выпадку трывогі, маланкава знікаў за шматлікімі кутамі будынка.Яму тым лягчэй было гэта рабіць, што ў яго пячорным мазгу зусім адсутнічаў інстынкт самазахавання. Ён ішоў па гэтым карнізе так раўнадушна, як мы часам, забаўляючыся, ідзём па чыгуначнай рэйцы.Пад час адной такой пагулянкі і адбылося яго спатканне са мною. Што ж здарылася пасля? “Лікол” даслаў мне ліст, у якім, каб выбавіць мяне з хаты, рэкнуў здуру, што ведае штосьці пра Малога Чалавека. Берман, які апошні час сачыў за мною, прачытаў ліст і пайшоў на месца сустрэчы, каб неяк дамовіцца з невядомым. Там яго палічылі за мяне, і адбылася трагедыя, познім сведкам якой я быў.А карла сядзеў усе гэтыя дні ў хадах, не маючы змогі вылезці, і зусім заслаб з голаду. Каб я не адчыніў дзверы – ён, напэўна, памёр бы, так і не здагадаўшыся, чаму пакінуў яго той, што заўжды яго гадаваў і песціў.Што мне было рабіць з ім? Няшчасны малы ідыёт не быў вінен у тым, што яго стварылі такім на свет. Тут ён і выбывае з нашага апавядання. Я нагадаваў яго, абвясціў Яноўскай аб канчыне аднаго з прывідаў, якія насялялі палац Балотных Ялін, і наступнага дня адаслаў яго ў павятовую бальніцу для вар’ятаў.І ўпершыню гэтым вечарам я бачыў, што надзея загарэлася ў вачах гаспадыні Балотных Ялін цёплым, пакуль што яшчэ слабым агеньчыкам.

Раздзел семнаццаты– Ты, Рыгор?– Я, Андрусь. Праўдзівей, мы.