Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Я працягнуў Рыгору руку. Гэта ноч, пасля той, у якую я спаймаў Малога Чалавека, была першай за ўвесь час бясхмарнай месячнай ноччу. Поўны месяц заліваў тарфяныя балоты, пусткі, парк Балотных Ялін блакітным срэбрам і далёка-далёка блішчаў у акенцы нейкай самотнай хаты. Ноччу пахаладзела, і зараз балоты “пацелі”, нараджаючы ў ямінках касмылі белых рухлівых туманоў.Рыгор выступіў з-за хмызоў, якія ляжалі ля паваленай агароджы, а за ім з’явіліся з цемры людзі, чалавек дванаццаць.То былі мужыкі. Усе ў кажухах мехам наверх, у аднолькавых белых магерках, з аднолькавымі чырвонымі лапамі.І ўсе яны ў месячным святле былі на адзін твар: як быццам сама гэта зямля адначасова нарадзіла іх. У двух я пабачыў доўгія стрэльбы, як у Рыгора, адзін трымаў у руках пулгак, астатнія былі ўзброены доўгімі рацішчамі і віламі, а адзін нават простай дубінай.– Гэта хто? – здзіўлена спытаў я.– Мужыкі, – нутром прагудзеў Рыгор. – Хопіць цярпець. Два тыдні таму дзікае паляванне затаптала на верасовай пустцы брата вось гэтага мужыка. Міхалам яго завуць.Міхал сапраўды нагадваў “Міхала – бурага дзедзіна”. Глыбокія маленькія вочкі, скулы шырокія, рукі і ногі – не горш як у Дубатоўка. Вочы яго былі чырвонымі і апухлымі, рукі так сціснулі вілы, што аж суглобы пальцаў сталі белымі. Глядзеў ён змрочна і пахмура, але разумна.– Хопіць, – зноў сказаў Рыгор. – Зараз нам толькі паміраць і засталося. А паміраць мы не хочам. І ты, Беларэцкі, калі што-небудзь заўважыш, маўчы. Гэта справа наша. І Бог дазваляе на канакрада – усім мірам. Сёння мы іх адвучым не толькі людзей таптаць, але і хлеб есці.– Гэта ўсе?– Не, – сказаў мой наваз’яўлены Чортаў Бацька, – гэтыя, на чале з Міхалам, застануцца тут, пад тваёй рукою. А мае чакаюць ля балота, што акружае Яноўскую пушчу, ля Ведзьмаковай ступы. Там яшчэ два дзесяткі. Калі яны пойдуць там – мы іх сустрэнем, калі яны пойдуць невядомай нам, іншай дарогай – сустрэнеце вы. Мы трымаем пад увагай пушчу, Халодную лагчыну і пусткі, што поруч. Вы – Балотныя Яліны. Сустрэча, калі што такое, у Халоднай лагчыне. Калі спатрэбіцца дапамога – дасылайце чалавека.І Рыгор знік у цемры.Мы зрабілі засаду. Я загадаў шасці мужыкам размясціцца паабапал дарогі ля самай паваленай агароджы, тром – трохі далей. Атрымаўся мяшок, або, лепей, нерат. Трое павінны былі, у выпадку чаго, перагарадзіць паляванню шлях адступлення. Сам я стаў за вялікім дрэвам ля самай сцежкі.Я забыўся яшчэ сказаць, што на кожнага з нас было па тры паходні. Дастаткова было, каб асвятліць, у выпадку патрэбы, усё.Мае людзі ў шкурах як ляглі, так і зрасліся з зямлёю, нельга было адрозніць іх ад звычайных купін, а шэрая аўчына злівалася з шэрай, забітай восенню, травой.Так мы ляжалі даволі доўга. Месяц плыў над балотамі, мільгацелі там нейкія блакітныя іскры, туман то сплываў у суцэльную, каню па калена, смугу, то зноў распаўзаўся.Яны з’явіліся, як заўжды, нечакана. Два дзесяткі туманных коннікаў на туманных конях. Бязгучна і грозна насоўваліся яны. Не звінелі цуглі, не чуць было чалавечых галасоў. Бязлюдная маса рухалася да нас. Развяваліся доўгія валасы і плашчы. Паляванне імчала.А наперадзе, як раней, скакаў кароль Стах, прыкрыўшы капелюхом твар. Мы чакалі, што яны прылятуць, як вецер, але крокаў за сто яны... спешыліся, павазіліся ля конскіх ног, і, калі паехалі пасля гэтага, паехалі павольным крокам, да нас даляцеў зусім нечаканы пасля маўчання ляск капытоў.