Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Павольна набліжаліся яны. Вось мінулі дрыгву, вось пад’ехалі да агароджы, вось мінулі яе. Кароль Стах ехаў проста на мяне, і я пабачыў, што твар яго белы, як крэйда.Вось ён амаль ля майго дрэва. Я ступіў з-за яго і ўзяў каня за аброць. Адначасова левай рукою, у якой акрамя рэвальвера быў у мяне стэк, я пасунуў ягоны капялюх на патыліцу.Трупна-бледны, глядзеў на мяне вялікімі мёртвымі вачыма твар Вароны. Ад нечаканасці ён, напэўна, не ведаў, што рабіць, але затое я добра ведаў гэта.– Дык гэта вы кароль Стах? – спытаў я ціха.І перацягнуў яго стэкам па твары.Конь Вароны стаў дыбкі і кінуўся ад мяне ў натоўп.У той самы момант грымнулі стрэльбы засады, і ўсё закруцілася ў шалёным моры агню. Уставалі дыбкі коні, падалі коннікі, хтосьці нема крычаў. Я запамятаў толькі твар Міхала, які хладнакроўна цэліўся з доўгай стрэльбы. Сноп агню вырваўся з яе. Потым праплыў перада мною твар скуластага хлопца з доўгімі касмылямі валасоў, што падалі на лоб. Хлопец гэты працаваў віламі, як на таку, пасля ўзняў іх і з жахлівай сілай усадзіў у жывот каня, што стаў на дыбкі. Коннік, конь і хлопец упалі разам. А я стаяў і, нягледзячы на тое, што стрэлы нарэшце загучалі і з іхняга боку, што кулі пасвіствалі ля маёй галавы, на выбар страляў па конніках, што мітусіліся ў нашым коле. Ззаду іх таксама палівалі агнём.– Браткі, нам здрадзілі!– Даскакаліся!– Ратуйце!– Божа! Божухна!На тварах гэтых бандзюкоў я пабачыў жах, і радасць помсты авалодала мною. Ім трэба было думаць раней пра тое, што адплата прыходзіць. Я бачыў, як чалавек з дубінай удзёрся ў сярэдзіну коннага натоўпу і біў ёю наводмаш. Уся застарэлая ярасць, усё доўгацярпенне зараз выбухнула прыпадкам нечуванага запалу, баявой смеласці. Хтосьці рыўцом сцягнуў з сядла аднаго з паляўнічых, і конь пацягнуў яго галавою па карэннях.Праз дзесяць хвілін усё было скончана. Коні без седакоў працягла гігаталі, пехцярамі ляжалі на зямлі забітыя і параненыя. Толькі Варона, як д’ябал, круціўся сярод мужыкоў, адбіваючыся мячом. Рэвальвер ён заціснуў у зубах. Біў ён вельмі добра. Пасля пабачыў у натоўпе мяне. Твар яго перакрывіўся такой жахлівай нянавісцю, што нават зараз я памятаю яго і часам бачу ў сне.Стаптаўшы канём аднаго з сялян, ён схапіў рэвальвер:– Трымайся, падла! Адняў яе! Табе таксама не мілавацца!Селянін з доўгімі вусамі пацягнуў яго за нагу з каня. І толькі таму я не ўпаў на зямлю з дзіркай у чэрапе. Варона зразумеў, што яго зараз сцягнуць з каня, і стрэлам ва ўпор паклаў на месцы даўгавусага.І тады я, паспеўшы ўставіць новыя патроны, высадзіў у яго ўсе шэсць куль. Варона хітнуўся ў сядле, хапаючыся рукамі за паветра, але ўсё ж павараціў каня, збіў на зямлю скуластага хлопца і памчаў у напрамку да балот. Ён усё хапаўся рукамі за паветра, але яшчэ сядзеў у сядле і разам з сядлом (відаць, лопнула папруга) з’язджаў набок, пакуль не павіс паралельна зямлі. Конь збочыў, і галава Вароны з маху ўдарылася аб каменны слуп агароджы.Варона з’ехаў з сядла і гопнуўся аб зямлю, застаўся ляжаць на ёй нерухомы, мёртвы.Разгром быў поўны. Страшнае дзікае паляванне ляжала на зямлі, разбітае рукамі звычайных мужыкоў у першы ж дзень, калі яны трошкі паднатужыліся і паверылі сваім прымхлівым мазгам, паверылі, што нават супраць зданяў можна ўстаць з віламі ў руках.Я прайшоў па месцы бойкі. Коней сяляне зводзілі ўбок. Гэта былі сапраўдныя палескія дрыкганты, парода, ад якой зараз нічога не засталося. Усе ў палосах і плямах, як рысі або леапарды, з белымі ноздрамі і вачыма, якія адлівалі ў глыбіні чырвоным агнём. Я ведаў, што гэтая парода вызначаецца дзіўнай трывалай машыстай інахаддзю і пад час намёту імчыць вялізнымі скачкамі, як алень. Не дзіва, што ў тумане мне такімі вялізнымі здаваліся іхнія скачкі.