Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

І яшчэ дзве разгадкі прыйшлі нечакана. Па-першае, ля сядла кожнага паляўнічага віселі чатыры глыбокія аўчынныя торбы, якія, відаць, у выпадку патрэбы, можна было надзець на ногі коням і завязаць ля бабак. Крок рабіўся зусім бязгучны. Па-другое: сярод трупаў і параненых я пабачыў на зямлі тры чучалы, апранутыя так, як і паляўнічыя, у старыя капелюхі з пер’ямі, кабці, чугі, але прывязаныя вяроўкамі да сядла. Людзей у Вароны, відаць, не хапала.Але і нашы страты былі значныя. Мы ніколі не перамаглі б гэтай банды прафесіянальных ваякаў, каб не нечаканасць нашага нападу. Але нават і з гэтым атрымалася дрэнна: мужыкі ваяваць зусім не ўмелі. Скуласты хлопец, якога збіў канём Варона, ляжаў на зямлі з разбітай галавою. У даўгавусага мужыка дзірка ад кулі цямнела проста ў сярэдзіне лба. Мужык з дубінай, што ўдзёрся ў сярэдзіну між коннікаў, ляжаў на зямлі і стрыг нагамі, як нажніцамі: адыходзіў. Параненых было ў два разы больш. Я таксама атрымаў рану: куля рыкашэтам шчоўкнула мне ў патыліцу.Мы лаяліся. Міхал бінтаваў мне галаву, а я крычаў, што гэта глупства. Між тым сярод паляўнічых адшукалі аднаго і падвялі да кастра, які мы расклалі. Перада мною стаяў з вісячай, як бізун, рукою Марка Стахевіч, той самы шляхцюк, размову якога з Пацуком я падслухаў тады пад дрэвам. Ён быў вельмі каларытны ў сваёй чузе вішнёвага колеру, у маленькім капелюху, з пустымі похвямі ад шаблі на баку.– Ты, здаецца, пагражаў мужыкам, Стахевіч? Ты памрэш, як гэтыя, – спакойна сказаў я. – Але мы можам адпусціць цябе, бо адзін ты няшкодны. Ты паедзеш за межы яноўскага наваколля і будзеш жыць. Мы адпусцім цябе тады, калі ты раскажаш нам пра вашу дзейнасць.Ён павагаўся, паглядзеў на жорсткія твары мужыкоў, залітыя чырвоным сяйвом вогнішча, на кажухі, на рукі, якія сціскалі вілы, і зразумеў, што літасці тут чакаць нельга. Вілы з усіх бакоў абкружалі яго, датыкаючыся да цела.– Гэта ўсё Дубатоўк, – сказаў ён панура. – Палац Яноўскіх павінен быў перайсці да Гарабурды, але Гарабурда вельмі запазычыўся Дубатоўку. Ніхто пра гэта не ведаў, акрамя нас, людзей Дубатоўка. Мы пілі ў яго, і ён даваў нам грошы. А сам ён марыў пра палац. Ён не жадаў нічога прадаваць адтуль, хоць палац каштаваў многа. Варона казаў, што, каб прадаць усе рэчы адтуль па музеях, можна было б атрымаць многа тысяч. Выпадак звёў іх з Варонай. Варона не жадаў спачатку забіваць Яноўскую, хоць яму і паказалі на дзверы. Але пасля таго, як з’явіўся Свеціловіч, згадзіўся і ён. Казка пра дзікае паляванне караля Стаха прыйшла Дубатоўку да галавы яшчэ тры гады таму. У Дубатоўка аднекуль ёсць прыхаваныя грошы, хоць жыве ён назнарок бедна. Ён наогул вельмі хітры, вельмі скрытны, вельмі хлуслівы чалавек. Самага разумнага абкруціць вакол пальца, такім мядзведзем прыкінецца, што далей няма куды. І вось ён паехаў да самай лепшай у нашай краіне стайні, да збяднелага за апошнія гады пана, і купіў усіх дрыкгантаў, а пасля перавёў іх да Яноўскай пушчы, дзе мы пабудавалі сховішча і стайню. Усіх здзіўляла, як гэта мы можам імчаць па дрыгве, дзе і кроку ступіць нельга. А ніхто не ведае, як мы плазавалі па Волатнай прорве, шукаючы патаемных сцежак. І адшукалі. І вывучылі. І імчалі па мясцінах, дзе сцежка была на локаць пад тванню, а з бакоў бездань. І, да таго ж, гэтыя коні – цуд! Яны бягуць на голас Дубатоўка, як сабакі. Яны чуюць багну і, калі трэба, робяць над месцамі, дзе сцежка перарываецца, вялізныя скачкі. І яшчэ: мы заўжды выязджалі на паляванне толькі ўночы, калі туман паўзе па зямлі. І ўсе таму лічылі нас прывідамі. А мы яшчэ і маўчалі заўжды. Гэта была рызыка. Але што ж нам было рабіць, падыхаць з голаду на чвэрці валокі? А Дубатоўк плаціў. І, да таго ж, мы не толькі даводзілі гэтым да вар’яцтва або смерці Яноўскую, мы яшчэ і вучылі нахабных хлопцаў, каб ведалі жах божы і не думалі пра сябе занадта многа. Дубатоўк праз Гарабурду прымусіў тады Кульшу выклікаць да сябе дзяўчыну, бо ведаў – бацька занепакоіцца. І мы падлавілі Рамана, перастрэлі яго. Ух, і гонка гэта была!.. Уцякаў, як чорт... Але яго конь зламаў нагу.