Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

– Мы ведаем гэта, – з’едліва сказаў я. – Між іншым, Раман выдаў вас з галавою менавіта пасля смерці, хоць вы ягоным крыкам і не верылі. Не верылі яшчэ два дні таму, калі размаўлялі з Пацуком пасля забойства Бермана.У Стахевіча аж сківіца адвалілася. Я ўладна загадаў яму распавядаць далей.– Мы навялі жах на ўсё наваколле. Найміты згаджаліся на тую цану, якую даваў гаспадар. Мы сталі лепей жыць. А Яноўскую давялі да роспачы. І тут з’явіўся ты, Беларэцкі. Дубатоўк прывёз тады партрэт Рамана Старога нездарма. Каб не ты, яна была б вар’яткай праз тыдзень пасля гэтага. І тут пан Рыгор пабачыў, што памыліўся. Яна была вясёлай. Ты ўвесь час танцаваў з ёю. Дубатоўк назнарок запрасіў цябе, калі перадавалі справы апекі, каб ты пераканаўся, што яна бедная. Ён добра ўпраўляў маёнткам – гэта ж быў ягоны будучы маёнтак. Але беднасць Яноўскай на цябе не падзейнічала, і цябе вырашылі прыбраць.– Між іншым, – сказаў я, – я ніколі не думаў ажаніцца з ёю.Стахевіч невымоўна здзівіўся.– Але нічога. Ты ўсё адно перашкаджаў нам. Яна аджыла з табою. Між іншым, Дубатоўк сапраўды любіў Яноўскую. Яму шкада было яе знішчаць,і каб магчыма было абысціся без гэтага, ахвотна згадзіўся б. І цябе ён паважаў. Казаў нам заўжды, што ты сапраўдны чалавек, шкада толькі, што не згодзішся быць з намі. Тады, на баль, Дубатоўк прывёз Яноўскай стары ўбор, бо ён тых, хто не звык да яго, робіць непрыгожым. І сам здзівіўся, так гэта нечакана добра атрымалася. Словам, справы нашы ўскладніліся: трэба было ўбраць і вас, і Свеціловіча, які меў права на спадчыну і кахаў Яноўскую. Дубатоўк запрасіў вас да сябе, дзе Варона павінен быў вызваць вас на дуэль. Ён так добра разыграў усё гэта, што ніхто не падумаў, што не ён, а Дубатоўк быў натхніцелем справы, а мы тым часам разглядалі вас, бо трэба было добра запомніць ваш твар.– Далей, – кінуў я.Стахевіч завагаўся, але Міхал торкнуў яму злёгку віламі ў месца, адкуль растуць ногі. Марка паглядзеў вакол зацкаваным позіркам спадылба.– З дуэллю атрымалася глупства. Дубатоўк падпойваў цябе, але ты не п’янеў. Ды яшчэ выявіўся такім спрытным, што паклаў Варону, і ён сапраўды павінен быў пяць дзён праляжаць у ложку.– А як вы маглі адначасова быць у хаце і гнацца тады за мною?– За абсадай Дубатоўкавай хаты чакалі другія, навічкі. Мы думалі іх спачатку пусціць па слядах Свеціловіча, калі цябе заб’юць, але Свеціловіч сядзеў з намі да наступнага дня, а Варона быў паранены. Іх пусцілі за табою. Дубатоўк дагэтуль не можа дараваць сабе, што па тваіх слядах пусцілі гэтых саплякоў. Каб не гэта – ты б ад нас не ўцёк нізавошта. І, да таго ж, мы думалі, што ты ішоў па дарозе, а ты рушыў пусткаю ды яшчэ прымусіў страціць час перад балотнай лагчынай. Пакуль сабакі натрапілі на след – было ўжо запозна. І дагэтуль мы не ведаем, як ты ўслізнуў тады ад нас, спрытняга! Але ведай, спаймалі б – не пашчасціла б табе.– А чаму рог спяваў убаку? І яшчэ, дзе гэтыя навічкі зараз?Стахевіч павагаўся:– На паляўнічым розе граў адзін з нас, які ехаў нездалёк. А навічкі – вось яны, тут, ляжаць на зямлі. Нас было раней менш. І мы вялі з сабой коней з пудзіламі ў сядле. А частка маладых пайшла да Халоднай лагчыны Мы думалі, што ты там адзін, разам са сваім Рыгорам, вартуеш. Але мы не спадзяваліся, што вас тут – армія. І вось дорага заплацілі за гэта. Вось яны ляжаць: Пацук, Ян Стыровіч, Паўлюк Бабаед. І нават Варона. Ты пазногця ягонага не варты. Разумны быў Варона, а таксама не мінуў божага суда.