Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

– Нашто вы падкінулі мне запіску пра тое, што паляванне караля Стаха прыходзіць уначы?– Што ты, што ты, – захітаў Стахевіч галавою, – здані не падкідваюць запісак. Мы на такую дурасць не пайшлі б.“Гэта, напэўна, Берман зрабіў”, – падумаў я, а ўголас сказаў:– А мяне гэтая запіска пераканала ў тым, што вы не здані, якраз у той момант, калі я пачынаў гэтаму верыць. Падзякуйце за гэта невядомаму дабрадзею, бо са зданямі я наўрад ці адважыўся б змагацца.Стахевіч збялеў і, ледзь варушачы сківіцамі, кінуў:– Гэтага чалавека мы б раздзёрлі на кавалкі. А вас я ненавіджу, нягледзячы на тое, што не мая сіла. І я буду маўчаць.Рука Міхала схапіла палоннага ззаду за шыю і націснула за вушамі.– Кажы. Іначай мы цябе тут...– Добра. Ваша сіла... Радуйцеся, хлопцы... А мы вас таксама правучылі. Няхай хто даведаецца, куды галоўныя крыкуны падзеліся з вёскі Яркі, якую пан Антось Духвіца з зямлі сагнаў? Спытайце ў каго, можа, і даведаецеся. Шкада, што Дубатоўк не загадаў вас удзень падсцерагчы і застрэліць. А гэта ж лёгка было зрабіць, асабліва калі вы да Кульшаў ішлі, Беларэцкі. І я вас нават бачыў тады. Мы яшчэ тады зразумелі, што вы шворку на нашу шыю згатавалі. Кульша старая, хоць і вар’ятка, але магла пра нас нешта рэкнуць. Яна пачала здагадвацца, што была нашай зброяй у дзень забойства Рамана. Давялося яе тады толькі аднойчы з’яўленнем дзікага палявання настрашыць. Галава была слабая, адразу вар’яткай стала.Я аж кіпеў ад усіх тых агідных учынкаў, ад усіх паскудстваў, пра якія распавядаў мне гэты чалавек. Толькі тут бездань шляхецкага падзення адкрылася мне. І я згадзіўся з Рыгорам, што гэту пароду трэба знішчыць, што яна пачала смярдзець на ўвесь свет.– Далей, паскуднік!..– Калі мы даведаліся, што Рыгор згадзіўся шукаць разам з вамі, мы зразумелі, што нам будзе вельмі дрэнна. Тут я ўпершыню пабачыў, як Дубатоўк спалохаўся. Ён аж жоўты зрабіўся. Трэба, кажа, канчаць, і не дзеля багацця, а дзеля ўласнай шкуры. І мы з’явіліся тады да палаца.– Хто гэта крычаў тады? – сурова спатаў я.– Хто крычаў, таго больш няма. Вось ён ляжыць... Пацук...Стахевіч відавочна пацяшаўся, распавядаў пра ўсё з гонарам, хвацка і зухавата, з такім заліхвацкім маладзецтвам, быццам вось-вось “Баладу” Рубінштэйна заспявае, але я добра бачыў, што ён баіцца, хоць добра валодае сабою.– Ды і я магу амаль так крычаць.І ён закінуў галаву – жылы надуліся на яго шыі – і пачаў забіраць то вышэй, то ніжэй. Апошні раз я пачуў крык дзікага палявання: нялюдскі, жахлівы, дэманскі.– Раман! – рыдаў і галасіў голас. – Раман! Раман! Авой! Помста! Мы адпачнём! Раман у дваццатым калене, выходзь!Голас яго пакаціўся над Волатавай прорвай кудысьці далёка, пачаў пераклікацца з рэхам, запоўніў сабою ўвесь абшар. У мяне мароз пайшоў спіною.І Стахевіч зарагатаў:– Ты не выйшаў тады, Беларэцкі. Нічога, на тваім месцы другі здох бы з жаху. Мы спачатку падумалі, што ты спудзіўся, але на другі дзень здарылася амаль непапраўнае. Свеціловіч нарваўся на Варону, які ездзіў для вярбоўкі новых паляўнічых і спазніўся. І гэта было якраз ля сцежкі, што вядзе ў пушчу, да нашай схованкі. А пасля мы прасачылі, што ён сустрэўся з табою, Беларэцкі, у лесе. І хоць ён не сказаў табе гэтага пакуль што, мы разумелі – яму нельга даць ані гадзіны жыцця. Палову людзей накіравалі да трох хвояў. Дубатоўк даслаў Свеціловічу ліст і выбавіў з хаты. А пасля з паловаю людзей, з трыма старымі хлопцамі і навічкамі, паехалі да Балотных Ялін. Сам Дубатоўк спешыўся тады і падкраўся да цябе ззаду. Але ты паспеў ужо даць некалькі стрэлаў, і нашы неабстраляныя кампаньёны кінуліся ўцякаць. І яшчэ адно дзіва: ты наклаў у патыліцу Дубатоўку і так даў яму, што ён дагэтуль не сядае на каня, сядзіць дома. Дома ён і сёння, так што ты сцеражыся, хлоп. А цябе, Беларэцкі, ён добра тады абкруціў. Ты і ачуняць не паспеў, а ўжо яго падсаджваў на каня. Затое з Свеціловічам нам пашанцавала. Варона дачакаўся яго, спытаў коратка: “Адкрыў дзікіх паляўнічых?” Той толькі плюнуў у бок Вароны. Тады Варона стрэліў. І тут з’явіўся ты, страляў па нас, аднаму прастрэліў руку. А пасля ты пабіў станавога, а пасля цябе выклікалі ў павет не без нашай дапамогі. Ты, напэўна, не ведаеш, што цябе павінны былі заарыштаваць, а пасля забіць па дарозе “пры спробе ўцячы”. Але ты быў занадта спрытны, д’ябал, табе пашанцавала, і ліст губернатара прымусіў суддзю адмовіцца дапамагаць нам. Ён на каленях маліў Дубатоўку, каб цябе хутчэй застрэлілі. Дарэчы, Варона чакаў тады Свеціловіча пад дрэвамі, страляў па ім і ўжыў такую хітрасць, якой ты ніколі не адгадаеш.