Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

– Чаму не, – раўнадушна сказаў я. – Дубатоўк выдраў з часопіса ў Яноўскай некалькі аркушаў, і з іх зрабілі клак. Вы думалі, што я, калі выб’юся жывым з вашых лап, грунтуючыся на гэтым, буду падазраваць Бермана.Скручаныя, падобныя на кіпцюры пальцы Стахевіча драпалі сабе грудзі.– Д’ябал! – ледзь прахрыпеў ён. – Не трэба было нам звязвацца з табою. Але хто думаў? Вось яны, не думаючыя, ляжаць тут зараз, як торбы з дзярмом, нінавошта не вартыя.Пасля зноў пачаў гаварыць:– І вось яшчэ наша памылка. Глядзелі за табою, а за хлопамі пакінулі глядзець, за Рыгорам пакінулі. А яны дабраліся да нас, да схованкі, да патаемных сцежак...І нават ля крыжа Рамана табе пашанцавала, мы забілі кураня, выпусціўшы цябе з лап. Забілі на скаку, не спыняючыся. Кокнулі – і далей. І пасля толькі пайшлі праверыць. І нават тут нарваліся на цябе, як дурні. А пасля знікнуў Гарабурда, і мы вырашылі не вяртацца ў гэтую ноч дахаты, перш чым не здабудзем цябе. Вось і здабылі...– Хопіць, – сказаў я. – Слухаць брыдка. І хоць ты варты пятлі – мы не знішчым цябе. Мы далі слова. Пасля мы разбяромся і, калі ты будзеш вельмі вінен, перадамо цябе ў губернскі суд, а калі не – выпусцім.Я не паспеў сказаць гэта, як Стахевіч раптам адштурхнуў двух мужыкоў, вырваўся і з надзвычайнай хуткасцю пабег да коней. Вартавому ён даў нагою ў жывот, ускінуў цела ў сядло і з месца ўзяў намётам. На хаду ён павярнуўся і здзекліва крыкнуў:– Чакай яшчэ губернскага суда! Я зараз да Дубатоўка, ён на вас, хлопцы, усю шляхту ваколіцы падыме. Вас тут на месцы пакладуць. І табе, хамло сталічнае, не жыць, і шалаве тваёй таксама. А ты, дурны Міхал, ведай, гэта я твайго брата нядаўна стаптаў. Тое самае і табе будзе.Міхал павёў у паветры руляй доўгай стрэльбы і, не цэлячыся, націснуў на спуск. Стахевіч моўчкі, быццам так трэба было, кульнуўся з сядла, абаранкам некалькі разоў перавярнуўся на зямлі і заціх.Міхал падышоў да яго, узяў за аброць каня і стрэліў Стахевічу проста ў лоб. Пасля ён сурова сказаў мне:– Ідзі наперад, атаман. Няўчасна ты з імі добры стаў. Дабрыню прэч. Абыдзецца без марцыпанаў цыганскае вяселле. Ідзі, мы цябе дагонім. Ідзі па дарозе, да Халоднай лагчыны. І не павяртайся.Я пайшоў. І сапраўды, якое я меў права міндальнічаць з імі. Каб гэты здраднік дабраўся да Дубатоўка – яны б усё наваколле залілі крывёй. А Дубатоўка трэба хутчэй узяць. Трэба ўзяць сёння ж уначы.Ззаду пачуліся стогны і лямант. Там дабівалі параненых. Я паспрабаваў павярнуцца – і не мог. Шчыпала ў глотцы. Але хіба яны не зрабілі б з намі яшчэ горшага?Дагналі яны мяне на палове дарогі да лагчыны. Імчалі на дрыкгантах з віламі ў руках.– Сядай, атаман, – дабрадушна сказаў мне Міхал. – З гэтымі скончылі. А прорва-матухна не раскажа нікому. Вось як з імі...Я зусім спакойна адказаў:– Ну і добра. А зараз хутчэй да Рыгора. Пасля, разам з ім, пойдзем на дом Дубатоўка.Мы дамчалі да лагчыны ў вокамгненне і там таксама заспелі самы канец трагедыі. Рыгор і два дзесяткі мужыкоў збіліся ў лагчыне. Рыгор стрымаў слова, хоць са спайманымі ўдзельнікамі палявання не ўчынілі расправы, як з канакрадамі, а проста забілі. Перад Рыгорам ляжаў на спіне апошні з жывых: зусім маладзенькі шляхцюк. Я так і кінуўся да іх. А той, пазнаўшы па маёй вопратцы, што я не селянін, раптам закрычаў:– Матулька! Матулька! Мяне забіваюць!– Рыгор, – узмаліўся я. – Не трэба, ён зусім яшчэ малады: