Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

І я ўчапіўся ў яго плячо, але тут мяне схапілі ззаду за рукі.– Прэч! – гаркнуў Рыгор. – Бярыце яго! Боўдур! А яны дзяцей з Яркоў шкадавалі? Тыя з голаду здыхалі... з голаду! Чалавек есці, па-твойму, не мае права?! У яго матулька! А ў нас матулек няма?! А ў Міхалавага брата не было матулькі? А ў цябе яе няма, што ты такі добры?! Слюнцяй! А ты ведаеш, што гэты вось “хлопчык малады” сёння Сымона, Зосьчынага брата, застрэліў! Нічога, мы ім зараз учынім, як у песні, “Ваўкалакаву ноч”.І Рыгор, павярнуўшыся, з сілаю ўсадзіў вілы ў тое, што ляжала на зямлі.Я адышоў убок і сеў на кукішкі. Мяне пачало ванітаваць. І я не адразу пачуў, як Рыгор, калі забітых пакідалі ўжо ў багну, падышоў і ўзяў мяне за плечы:– Дурань ты, дурань... Ты думаешь, мне не шкада? Сэрца крывёю абліваецца. Спаць спакойна, здаецца, ніколі ў жыцці не змагу. Але цярпець дык цярпець, а калі пачалі ўжо – дык да канца. Каб ніводнага не пакінуць, каб толькі мы адны, пад кругавой парукай, ведалі. “Малады”! Ты думаеш, не вырасце з гэтага маладога стары гад? Вырасце. Асабліва пры ўспамінах аб гэтай ночы. Так будзе нашага брата, хлопа, шкадаваць, што дзіву дасіся... Пусці яго – суд сюды з’едзецца. Мяне з табою – у пятлю. Міхала і астатніх – на катаргу. Крывёю наваколле зальюць, шмагаць будуць так, што мяса з задніц шматкамі паляціць.– Я разумею, – адказаў я. – Трэба, каб ніводны з іх не ўцёк. Я толькі што Свеціловіча ўспомніў. Трэба, браце, падавацца да апошняга з жывых, да Дубатоўка.– Добра, – ласкава прабурчаў Рыгор. – Вядзі.І атрад рушыў за мною ў бок дома Дубатоўка. Мы ляцелі намётам, і коні імчалі так, як быццам за намі гналіся ваўкі. Месяц цьмяна асвятляў нашу кавалькаду: кажухі мужыкоў, вілы, змрочныя твары, пудзілы на некаторых конях. Нам давялося агінаць балота вакол Яноўскай пушчы. Мы даволі доўгі час марудзілі там, пакуль перада мною не ўзніклі верхавіны ліп ля дома Дубатоўка. Месяц заліваў іх мярцвячым святлом, і, нягледзячы на позні час, пад ліпамі міргалі тры ружовыя агеньчыкі.Я загадаў людзям спешыцца сажнях у пяцідзесяці ад дома і акружыць яго плотным колам. Паходні трымаць у руках і быць гатовымі па сігналу запаліць іх. Загад выканалі моўчкі. Сам я пералез праз нізенькую агароджу ў сад і пайшоў між радамі амаль ужо голых яблынь, залітых мігатлівым святлом месяца.– Хто з коньмі? – спытаў я ў Рыгора, які ішоў за мною.– Хлопец адзін. Ён, у выпадку чаго, сігнал нам дасць. Свішча надта ўжо добра. Проста салавей-разбойнік: коні на калені падаюць.Мы краліся далей, і боты нашы мякка ступалі па мокрай, ільснянай, як мак, зямлі. Я падышоў да акна: Дубатоўк быў у пакоі і нервова хадзіў з кута ў кут, часта пазіраючы на вісячы гадзіннік.Я ніколі не бачыў такога твару. Гэта быў другі Дубатоўк, і тут, сам-насам з сабою, вядома, сапраўдны. Куды падзеліся дабрыня, памяркоўнасць, ружовы твар каляднага дзеда. Гэты твар быў жоўты, з моцна апушчанымі кутамі рота, з рэзкімі зморшчынамі ля носа. Вочы запалі, глядзелі мёртва і змрочна. Я жахнуўся, пабачыўшы яго, як жахаецца чалавек, які праспаў ноч у ложку і толькі ранкам знайшоў у ім змяю, якая залезла туды для цеплыні.“Як я мог быць такім бестурботным?” – з жахам падумаў я.Не, з ім трэба было канчаць. Ён сам – больш небяспечны, чым дзесяць дзікіх паляванняў. Добра, што я пазбавіў яго тады на некаторы час магчымасці ездзіць верхам, іначай мы б не выкруціліся. Ён бы не паехаў проста на кулі, ён бы не драбніў атрад, ён бы раздушыў нас з Рыгорам, як кацянят, капытамі сваіх коней, і зараз мы ляжалі б недзе на дне прорвы з выкалатымі вачыма.