Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

– Дасылай сюды, Рыгор, чалавек сем. Яны будуць выбіваць дзверы тут, вы – з параднага ўвахода, а я паспрабую ададраць дошку ў імшаніку і кінуцца на яго. Толькі ўсім адразу.– А можа, паспрабаваць выдаць сябе за паляванне, пастукаць у акно і, калі адчыніць, схапіць. Сваякоў ён на гэтую ноч адаслаў, сам у доме, – прапанаваў Рыгор.– Нічога не атрымаецца. Гэта хітры ліс.– А ўсё ж паспрабуем. Разумееш, крыві шкада...– Глядзі, хлопча, каб горш не было, – пакруціў я галавою.Коней падвялі да дома. Людзі мае загаманілі. Я з радасцю пабачыў у акно, што твар пана Рыгора прасвятлеў, як быццам ён дачакаўся нарэшце. Ён пайшоў са свечкаю да дзвярэй, але раптам спыніўся, непаразуменне адбілася на яго твары. У той самы момант ён дзьмухнуў на свечку, і пакой патануў у цемры. Справа зрывалася.– Хлопцы! – крыкнуў я. – Акружайце дом.Пачуўся тупат бягучых ног, воклікі. З двух бакоў пачалі ламаць дзверы, біць у іх цяжкім. А з мезаніна адначасова прагучаў стрэл.І адразу за стрэлам пачуўся з вышыні нялюдскі ад ярасці голас:– Абклалі, сабакі. Чакайце! Шляхта так не здаецца!.. З другога акна мезаніна вылецеў сноп агню. Дубатоўк, відаць, перабягаў ад акна да акна, страляючы ва ўсе бакі па падступаючых людзях.– Ого, ды ў яго там цэлы арсенал, – ціха сказаў Рыгор.Словы яго перарваў яшчэ адзін стрэл. Малады хлопец поруч са мною пакаціўся па зямлі з прабітай галавою. Дубатоўк страляў лепш за лепшага паляўнічага-палешука. Яшчэ стрэл.– Прыціскайцеся да сцен! – крыкнуў я. – Там кулі не дастануць.Кулі нашых хлопцаў, што стаялі за дрэвамі, адбівалі трэскі ад бярвенняў мезаніна, пырскалі атынкоўкай. Але зразумець, у якім акне з’явіцца Дубатоўк, было нельга. Перамога наша абяцала быць Піравай.– Андрэй! – грымеў голас Дубатоўка. – Ты таксама атрымаеш сваё. Па маю душу прыйшлі, д’яблы – аддасцё свае душы!– Паходні паліце, – крыкнуў я. – Кідайце іх на дах. У той самы момант палыхнулі вакол дома тры дзесяткі агнёў. Некаторыя з іх, апісаўшы ў паветры паўкола, падалі на дах і, распырскваючы вакол сябе смалу, паступова пачыналі працягваць языкі полымя да акон мезаніна. У адказ на гэта пачуўся роў.– Сорак на аднаго! Ды і то агнём карыстаецеся! Высакароднасць!..– Маўчы! – крыкнуў я. – А на адну дзяўчыну дваццаць коннікаў выпускаць высакародна?! Унь яны, твае коннікі, зараз у багне ляжаць. І ты там будзеш.У адказ ля маёй галавы цокнула аб атынкоўку куля.Дом Дубатоўка палаў. Жадаючы быць далей ад сценкі, я мятнуўся да дрэў і ледзь не ўпаў: куля караля Стаха праспявала ля майго вуха. Нават валасы заварушыліся.Полымя ахапіла мезанін. Я ўскінуў рэвальвер і адначасова стрэліў.Дубатоўк дзіка завыў.Полымя заглядвала ў мезанін, і там, у агні, самі пачыналі страляць загадзя зараджаныя стрэльбы. Мы супакоіліся і зусім былі адышлі ад дома, які ператварыўся ў суцэльную свечку, калі раптам голас хлопца ля коней устрывожыў нас. Мы глянулі ў той бок і ўбачылі Дубатоўка, які вылез з закінутага сутарэння сажняў у пяцідзесяці ад дома.– А-ах, – прарыпеў зубамі Рыгор. – Забылі, што ў лісіцы ў нары заўжды другі ход ёсць.А Дубатоўк, пятляючы, бег у напрамку да Волагавай прорвы. Правая рука яго вісела. Відаць, я ўсё ж пачаставаў яго.Ён бег з хуткасцю, нечаканай для яго таўшчыні. Я стрэліў з рэвальвера – далёка. Цэлы залп вырваўся са стрэльбаў маіх людзей – хоць бы што. Дубатоўк прабег невялікі паплавок, з маху кінуўся ў балота і пачаў скакаць па купінах, як коннік, з такой хуткасцю, што ў вачах мільгацела. Апынуўшыся на бяспечнай адлегласці,ён пагразіў нам кулаком.