Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

– Трымайцеся, пацукі!.. – даляцеў да нас ягоны страшны голас. – Ніводнаму з вас не жыць. Шляхецтвам, імем, крывёю сваёй клянуся – выражу вас разам з дзецьмі.Мы былі ўражаны. Але ў гэты момант свіст такой сілы, што ў мяне забалела ў вушах, аддаўся над балотамі. Я глянуў у той бок і пры святле пажара ўбачыў, як хлопец торкнуў аднаму каню проста пад хвост калючы сухі бадзяк. Зноў свіст...Статак дзіка гігатаў. Коні ставалі дыбам. Зразумеўшы план гэтага юнака, мы кінуліся да дрыкгантаў і пачалі сцябаць іх. У наступны момант ахоплены панікаю статак памчаў да Волатавай прорвы. На некаторых конях яшчэ сядзелі постаці фальшывых паляўнічых.Дзікі пошчак капытоў раздзёр ноч. Коні імчалі як шалёныя. Дубатоўк, відаць таксама зразумеў, чым гэта пахне, і, азваўшыся шалёным крыкам, пабег з хуткасцю роспачы балотнай сцежкай. Ён бег, а коні за ім, прывучаныя да гэтага тым, хто зараз уцякаў ад іх.Мы бачылі, што шалёна імчала дзікае паляванне караля Стаха, пазбаўленае коннікаў. Развяваліся ў паветры грывы, твань ляцела з-пад капытоў, і зорка гарэла над галовамі коней.Бліжэй! Бліжэй! Адлегласць паміж Дубатоўкам і шалёнымі коньмі змяншалася. У адчаі ён збочыў са сцежкі, але звар’яцелыя коні збочылі таксама.Крык, споўнены смяротнага жаху, даляцеў да нас:– Ратуйце! О, кароль Стах!..У той самы момант ногі ягоныя з маху ўскочылі ў бездань, а коні наздагналі яго і пачалі правальвацца. Першы дрыкгант змяў яго капытамі, уціснуў глыбей у смярдзючую багну і загігатаў. Забулькацела, загаварыла дрыгва.– Кароль Стах!.. – даляцела да нас.Пасля нешта вялізнае заварочалася ў глыбіні, глытаючы ваду.Пасля коні і чалавек зніклі, і толькі вялікія булькі засіпелі на паверхні.Як свечка, палаў палац апошняга “рыцара”, рыцара начных разбояў і воўчага сонца. Мужыкі ў вывернутых кажухах і з віламі ў руках стаялі вакол дома, залітыя чырвоным трывожным святлом.

Раздзел васемнаццатыЯ з’явіўся дадому брудны, стомлены і, калі вартаўнік адчыніў мне дзверы, адразу прайшоў да сябе. Нарэшце ўсё было скончана, нарэшце раздушылі чыгунную дзікую сілу. Я быў такі выснажаны, што, запаліўшы свечку, ледзь не заснуў на ложку, напалову сцягнуўшы адзін бот. А калі я лёг, усё паплыло перад маімі вачыма: балоты, полымя над домам Дубатоўка, мерны пошчак капытоў, коннікі, жудасныя крыкі, твар Рыгора, які апускае цяжкія габлі-трайчаткі. І толькі потым цяжкі сон зваліўся на мяне, уціснуў галаву ў падушку, як конь капытом галаву Дубатоўка. Нават у сне я жыў падзеямі ночы: бег, страляў, скакаў і адчуваў сам, што ногі мае рухаюцца, бягуць у сне.Дзіўным было маё абуджэнне, хоць і нельга было назваць абуджэннем мой стан. Яшчэ ў сне я адчуваў, што нешта цяжкае, вельмі нядобрае робіцца вакол, што ў пакоі гусцее цень нейкай невымоўнай, апошняй бяды. Быццам нехта сядзеў у мяне на нагах, так наліліся яны цяжкім. Я адкрыў вочы і пабачыў смерць пад руку з Дубатоўкам, які смяяўся. І я разумеў, што яны ў сне, што вочы я адкрыў у сне, што бяда па-ранейшаму жыве ў гэтым пакоі, рухаецца, што яна ўсё набліжаецца і набліжаецца.Балдахін навісаў, плыў на мяне, душыў, і кутас яго вісеў проста перад маімі вачыма. Сэрца шалёна калацілася. Я адчуваў, што невядомае ідзе на мяне, што яго цяжкія крокі гучаць на пераходах, і я адчуваў, што я быў слабы, бездапаможны, што ўся мая сіла зараз дарэмная, што нейкае дурное страшыдла зараз схопіць мяне, або нават не мяне, а яе, і хрупнуць тонкія, слабыя яе костачкі. А я буду толькі глядзець. Я круціў галавою і мыкаў, не ў змозе адбіцца ад кашмарнага цяжкага сну.