Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Але дзіцёнак не еў.– Што ж мне рабіць з табою, любая?Селянін на валакушы ехаў дарогаю. Я паклікаў яго, даў яму рубель і папрасіў завезці жанчыну ў Балотныя Яліны, каб яе там накармілі і далі дзе-небудзь адпачыць.– Дай вам Божа здароўечка, пане, – бязвольна сказала жанчына. – Нам нідзе тут не давалі есці. Пакарай Божа тых, хто зганяе людзей з зямлі.– А хто сагнаў?– Пан.– Які пан?– Пан Антось. Худы такі...– А як яго прозвішча, дзе ваша вёска?– Не ведаю. Тут, за лесам. Добрая вёска. У нас і грошы былі, пяць рублёў. Але сагналі.І ў вачах яе было здзіўленне перад тымі, хто не ўзяў нават пяці рублёў і сагнаў іх з зямлі.– А муж дзе?– Забілі.– Хто забіў?– Мы крычалі, плакалі, не хацелі ісці. Язэп таксама крычаў. Пасля стралялі. Ён лёг. А ўночы прыйшло дзікае паляванне і зацягнула ў багну самых большых крыкуноў. Яны зніклі... Больш ніхто не крычаў.Я паспяшыў адправіць іх, а сам пайшоў далей, не памятаючы сябе ад роспачы. Божа мой, якая цемра! Якая забітасць! Як звараціць гэту гару? У Дубатоўка мы зжэрлі столькі, што хапіла б сорак Ясікаў выратаваць ад смерці. Галоднаму не даюць хлеба, ягоны хлеб аддаюць салдату, які страляе ў яго за тое, што ён галодны. Дзяржаўная мудрасць! І гэтыя няшчасныя маўчаць. За якія грахі караешся ты, мой народ, за што ты мяцешся па ўласнай зямлі, як асенняе лісце? Які забаронены яблык з’еў першы Адам майго племя?Адны жэрлі не ў сябе, другія паміралі пад іхнімі вокнамі. Вось павалены крыж над адным, які шалеў ад тлушчу, а вось паміраючы дзіцёнак. Вякамі ішла гэтая мяжа паміж аднымі і другімі – і вось канец, лагічнае завяршэнне: адзічэнне, цемра ва ўсёй дзяржаве, тупы жах, голад, вар’яцтва. І ўся Беларусь – адзінае поле смерці, над якім вые вецер, гной пад нагамі тлустай, задаволенай усім худобы.Не памоляцца над табою лёзныя людзі, Раман Стары. Плюне кожны на твой пахілы крыж. І дай Божа мне сілы выратаваць апошнюю з твайго роду, якая ні ў чым не вінаватая перад няўмольнай праўдай мачыхі нашай, беларускай гісторыі.Няўжо такі забіты, няўжо такі мёртвы мой народ?...Мне давялося хвілін сорак прадзірацца праз невысокі, вельмі вільготны лясок за Волатавай прорвай, пакуль я не выбіўся на сцежку, зарослую і вузкую. Паабапал яе стаялі амаль абляцелыя асіны. Сярод іх чырвонага масіву плямамі выдзяляліся жоўтыя бярозы і амаль зялёныя яшчэ дубы. Сцежка спусцілася ў яр, дзе бег ручай з карычневай, як густы чай, вадою. Берагі ручаіны былі зялёнымі і мяккімі ад імхоў, і такія самыя зялёныя масты з бураломных дрэў злучалі іх. Па бураломінах ручай і пераходзілі, бо на некаторых мох быў здзёрты.Глуха і бязлюдна было тут. Зрэдку цінькала ў верхавінах дрэў маленькая птушка, ды яшчэ самотныя лісцікі падалі і павісалі на павуціне паміж дрэў. Вада ручаіны несла сумныя жоўтыя і чырвоныя чоўнікі лісцяў, а ў адным месцы, дзе быў вір, лісце круцілася ў вечным танцы, быццам там вадзянік варыў з яго суп на вячэру. Каб перайсці цераз ручай, мне давялося зламаць на падпорку даволі тоўстую, але зусім сухую асінку, зламаць адным ударам нагі.За ярам лес зрабіўся зусім густым. Сцежка знікала ў непралазным гушчары, яе акружалі джунглі з малінніку, сухой крапівы, ажыны, дудніку і іншай дрэні. Хмель бег на дрэвы, як зялёнае полымя, абкручваў іх, выдзіраўся на волю і цэлымі снапамі звісаў, чапляючы мяне за галаву. Хутка з’явіліся першыя адзнакі жыцця: кусты здзічэлага бэзу сярод дрэў, прамакутнікі лепш угноенай зямлі (былыя курціны), спадарожнік чалавека – вялізны дзядоўнік. Хутка бэз стаў такім густым, што не пралезеш. Я ледзь выдзерся з яго на маленькую галявіну, на якой стаяў надзейна схаваны дом. На каменным высокім падмурку, з каменным ганкам і драўлянымі калонамі, якія за памяці дзядоў былі, напэўна, пафарбаваныя ў белы колер, ён нахіліўся на мяне, як смяротна паранены, які вось-вось упадзе. Перакошаныя ліштвы, абадраная ашалёўка, шыбы, вясёлкавыя ад старасці. На парадным ганку паміж прыступкамі выраслі лопухі, ваўчкі, магутны скрыпень, які амаль закрываў дзверы. А да чорных дзвярэй праз калюжу былі пакладзены дзве цагліны. Дах быў зялёны, тоўсты ад тлустых пушыстых імхоў. У шэрае акенца ўнутранасць хаты здавалася панурай і занядбанай. Словам, хатка на курыных ножках. Не хапала толькі бабы-ягі, якая ляжала б на дзевятай цагліне і казала: “Фу-фу, чалавечым духам тхне!”