Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

І раптам полымя свечкі пацягнулася да столі; стала чэзнуць, чэзнуць, знікаць і згасла нарэшце, знясіленае барацьбою з цемрай.Я глянуў на дзверы – яны былі прыадчынены. Зноў цяжкі кашмар. Месяц распляскаў святло па сценах пакоя, паклаў квадраты на падлогу, блакітным туманом курыўся ў праменнях дымок ад згаслай свечкі.Застагнаў, не маючы змогі варухнуцца. І раптам пабачыў два вялікія бессэнсоўныя вокі, якія глядзелі на мяне з-за парцьеры. Гэта было жахліва! Я хітнуў галавою: твар жанчыны глядзеў на мяне. І яшчэ каб вочы яе глядзелі, а то яны ўтаропіліся кудысьці за мяне, быццам бачылі мяне наскрозь і ў той жа час не заўважалі.Пасля невядомая істота паплыла да мяне. Я глядзеў на яе, на Блакітную Жанчыну Балотных Ялін, і валасы мімаволі ўставалі дыбарам на маёй галаве, хоць я і не ведаў, ява гэта ці сон, сон майго знясіленага цела. Гэта была яна, жанчына з партрэта, падобная на Надзею Яноўскую і адначасова зусім не падобная: даўжэйшы твар, спакойны, як смерць, зусім не той выраз на ім, постаць больш высокая і моцная. І вочы глядзелі мёртва і пранікнёна, глыбокія, як вір.Блакітная Жанчына плыла. Вось яна ў сваім дзівосным блакітным уборы, які зіхацеў пераліўчатымі хвалямі пад туманным святлом месяца, выплыла на сярэдзіну пакоя, выцягнула рукі, мацаючы імі паветра.Я адчуваў, што канчаткова прачнуўся, што ногі мае скутыя, што дзівосная здань рухаецца да мяне, цягне свае рукі.“Што здарылася з гаспадыняй, можа, яна мёртвая зараз, нездарма ж такі невымоўны жах ахапіў маю істоту толькі што, у сне?”Гэтая думка надала мне сілы. Я збіў нагамі коўдру, прыгатаваўся да нападу і, калі яна падплыла бліжэй, схапіў яе проста за выцягнутыя рукі. Адна мая рука трапіла ў нейкі, унікаючы пальцаў, флёр, другая моцна схапіла за штосьці невымоўна тонкае, слабае і цёплае.Моцна ірвануў яе на сябе, пачуў крык і зразумеў сутнасць з’явы, калі пабачыў, як грымаса жаху зноў села на твар, як у вачах, быццам абуджаных ад сну, з’явіўся асэнсаваны агеньчык, выраз болю, трывогі і яшчэ чагосьці, што бывае ў вачах сабакі, які чакае ўдару. Блакітная Жанчына закалацілася ў маіх руках, не здольная ад нечаканасці сказаць ані слова, а пасля сутаргавае рыданне вырвалася з яе вуснаў.І схожасць, новая схожасць гэтай істоты з Надзеяй Яноўскай была такой моцнай, што я, не памятаючы сябе, крыкнуў:– Надзея Раманаўна, супакойцеся! Што вы, дзе вы?!Яна і слова не магла сказаць. Пасля жах споўніў яе зрэнкі.– А! – крыкнула яна коратка і спуджана і затрэсла адмоўна галавой.Абуджаная з самнамбулічнага стану, яна яшчэ нічога не разумела, толькі жах поўніў яе маленькае, дрыжачае, як кацяня, сэрцайка. І нязнаны жах споўніў і мяне таксама, бо я ведаў, што ад такога раптоўнага спуду людзі часта вар’яцелі або заставаліся нямымі.Я не ведаў, што я раблю, як мне ратаваць яе ад гэтага, і стаў укрываць пацалункамі яе духмяныя доўгія валасы, спуджана дрыжачыя павекі, халодныя рукі.– Надзея Раманаўна! Надзея Раманаўна! Любая! Пяшчотная! Не бойся, я тут, я з табою, я знішчыў караля Стаха! Ніхто ўжо не парушыць твой добры ласкавы спакой!Павольна, вельмі павольна вярталася да яе прытомнасць. Зноў адкрыліся вочы. І я паступова пакінуў цалаваць яе, хоць гэта было цяжэй за смерць.– Што гэта? Што за пакой? Чаму я тут? – прашапацелі вусны.Я ўсё яшчэ трымаў яе ў абдоймах, танюткі сітняг, без якога я, моцны, адразу зламаюся. Я трымаў яе, бо ведаў: пакінь – і яна ўпадзе.