Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

А ў вачах яе між тым плескануўся такі жах, змешаны з такой вар’яцінкай, што я пашкадаваў, нашто я абудзіў яе ад гэтага.– Надзея Раманаўна! Супакойцеся, калі ласка! Не трэба больш, усё-ўсё будзе добра, светла для вас на зямлі.Яна не разумела. Чорны цень поўз аднекуль з кута да яе (відаць, хмара засноўвала месяц), і яна глядзела на яго, і зрэнкі, і вочы яе ўсё шырыліся, шырыліся, шырыліся.Вецер раптам загрукацеў недзе напаўадарванай аканіцай, завыў, заскуголіў у коміне. І гэта было так неймаверна падобна на далёкі грукат капытоў дзікага палявання, на нялюдскі крык: “Раман! Раман! Выходзь!”Гэта было так падобна на ўсё гэта, што я здрыгануўся.А яна раптам закрычала, прыціснулася да мяне так, што я адчуваў яе грудзі, калені пад тонкім флёрам, учапілася за мяне, і я, падначалены нястрымнаму жаданню, прыціснуў яе ўсю да сябе.– Клятыя грошы. Клятыя грошы! Забярыце, забярыце мяне адсюль, забярыце!.. Моцны, вялікі чалавек мой, уладар, забяры мяне адсюль! Тут так жахліва, так холадна, так змрочна! Я не жадаю, не жадаю паміраць...Я перанёс яе на ложак, лёгкую, як дзіця. “Капыты” ўсё яшчэ грукацелі за акном. Яна так учапілася ў мае рукі, што я адчуў сапраўдны боль.– Забярыце, забяры мяне!.. Я не магу, я не магу.І ўсё прыціскалася да мяне, лавіла мой позірк, хавалася за мае грудзі.Я адварочваў твар, я задыхаўся. Але я не мог. Гэта наляцела, як навала, і слабы чалавек не вытрымаў. Усё злілося, закруцілася ў чырвоным кругавароце, і яна даравала мне нават боль.Месяц схаваўся за домам, апошнія адбіткі яго праменняў падалі на яе твар, на радасныя спакойныя вочы, якія глядзелі ў змрок.Амаль рыдаючы ад шчасця, якое заўжды валодае першым і першай, калі ніхто раней не кранаўся так тварам да тваёй рукі, я з жахам думаў, што яна, мая першая, адзіная, назаўжды свая,магла, каб гэтыя мярзотнікі дабіліся свайго, быць падобнай чымсьці на тую, у Кульшавым доме.Гэтага не будзе. Пяшчотай, вечнай удзячнасцю, дабрынёй – я зраблю так, што знікне яе самнамбулізм. Ніводнага крыўднага, ніводнага чэрствага слова не скажу я ёй. Хіба не вянчаў нас нясцерпны жах, чаканне смерці, агульнае жаданне звычайнай цеплыні? Хіба не рызыкавалі мы адзін для аднаго? Хіба не ўзяў я яе, як найвялікшае шчасце, на якое не спадзяваўся?

Раздзел дзевятнаццатыВось і ўсё. Праз дзень упершыню за ўсе гэтыя дні сонца разам з лёгкім ранішнікам пала на балоты, пусткі, на старыя яліны парку, на замшэлыя муры маёнтка. Высокая трава была абсыпана белай халоднай пудрай і ружавела ад першых праменняў сонца. І муры былі ружовымі, нават памаладзелі, прачнуўшыся ад цяжкага сну, які вісеў над імі тры гады. Молада блішчалі вясёлкавыя шыбы, сонца кідала нягрэючыя праменні, і адхонні пацелі ад яго, трава на іх рабілася мокрай.Мы ад’язджалі. Вазок стаяў ля дзвярэй маёнтка. Небагатыя пажыткі прывязалі ззаду. Я вывеў з дома Яноўскую, захутаную ў лёгкую футрачку, сам сеў поруч. Мы кінулі апошні позірк на палац, у якім зведалі боль і пакуты і знайшлі, нечакана для сябе, каханне, за якое не шкада аддаць і жыццё.– Што ты думаеш рабіць з гэтым? – спытаў я.Яноўская знізала плячыма, як ад марозу:– Старыя рэчы аддам музеям, астатнія няхай бяруць тыя мужыкі, што сталі на абарону сваіх хат і выратавалі мяне. Палац таксама аддамо пад бальніцу, школу і яшчэ што-небудзь. – І горка ўсміхнулася: – Маярат! Столькі крыві, такі клубок подласці, падступных злачынстваў, інтрыг... І дзеля чаго? Жменька золата... Не, Бог з ім, з маяратам, гары ён ясным агнём!..