Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Я абняў яе за тонкія плечы:– Я так і думаў. Так і трэба было рабіць. Непатрэбна гэта нам, калі мы адшукалі адзін аднаго.Мы пакінулі ў палацы новую ахмістрыню, удаву з дзіцёнкам, якіх я падабраў тады на дарозе. Слугі таксама засталіся на сваіх месцах.І мы вельмі лёгка ўздыхнулі, калі палац знік за павароткай алеі. З кашмарам было скончана.Калі мы выехалі з парку на верасовую пустку, што ішла ля Волатавай прорвы, і брама зачынілася за намі ў апошні раз, і ўжо заскакалі вакол курганы і пусткі, я пабачыў чалавека, які стаяў ля дарогі.Чалавек гэты пайшоў вялікімі крокамі нам насустрач, затрымаў за аброць каня, і мы пазналі Рыгора. Ён стаяў у сваім кажусе, зблытаныя валасы падалі з-пад магеркі на лоб, на добрыя дзіцячыя вочы.Я скочыў з воза.– Рыгор, дарагі, што не прыйшоў развітацца?– Хацеў адных вас сустрэць. Цяжка мне пасля гэтай гісторыі. Вы малайцы, што едзеце, тут паўсюль вам усё будзе нагадваць старое.Палез рукою ў кішэнь і, пачырванеўшы, дастаў гліняную ляльку.– Гэта вам, Надзея Раманаўна... Можа, паставіце дзе... успамінаць будзеце...Надзея ўзяла яго за скроні і пацалавала ў лоб. Пасля дастала з вушэй завушніцы і паклала іх у шырокую чорную далонь паляўнічага.– Будучай жонцы тваёй.Рыгор крэкнуў, пакруціў галавою.– Бывайце вы... Бывайце, лепей, хутчэй... А то адзін грэх з вамі: разрумзаешся, як баба... Дзеці вы. Жадаю вам найлепшага, самага добрага на зямлі.Я расцалаваў Рыгора ад усяе душы.– Рыгорка! Лепшы друг! Ёдзем з намі, перасядзіш той час, калі будуць шукаць Дубатоўка і іншых. А то яшчэ які-небудзь паскуднік заб’е цябе.Вочы Рыгора пасуровелі, і жолвы зарухаліся на сківіцах.– Го, няхай паспрабуе!..І рукі ягоныя сціснулі доўгую стрэльбу, аж жылы на іх надзьмуліся.– Зброя ў руках. Вось яна. Няхай возьмуць! Не паеду. Маё царства – лясы. І гэтае царства павінна быць шчаслівым.– І я веру ў гэта, – проста сказаў я.Калі мы ад’ехалі далёка, я з узлесся яшчэ раз пабачыў на кургане ягоны вялізны сілуэт. Рыгор стаяў на фоне чырвонага неба з доўгай, вышэй галавы, стрэльбаю ў руках, у кажусе поўсю наверх, які абцягваў яго ладную постаць. Вецер развейваў яго доўгія валасы. Цар лясных мясцін!..Мы праехалі лясы праз дзень, таксама на світанні. Тут толькі я зразумеў, якая была розніца паміж яноўскім наваколлем і гэтай зямлёй. Мокрая высокая трава, сонца, радасць...І над чыстымі хаткамі бусліныя вялізныя гнёзды і блакітная цішыня.Гэта была новая, зусім іншая Беларусь. Там-сям стаялі на рэчках сукнавальні – зусім іншая эпоха, іншыя звычаі.Як жа павінна была глядзець на гэта мая жанчына з васемнаццатага стагоддзя, калі нават я за гэтыя тыдні забыў усё гэта!..Я глянуў на тую, што мелася стаць маёй жонкай. Вочы яе былі шырока і шчасліва раскрытыя, яна прыціскалася да мяне і часам перарывіста ўздыхала, як дзіця пасля слёз. Мне вельмі хацелася, каб ёй было яшчэ лепш. І я часам нахіляўся і цалаваў яе тонкую руку.Непакоіла мяне ў той час, ды і пазней, толькі яе хвароба. Таму я наняў на ўскраіне горада маленькую хатку з садам. Урачы сказалі, што гэта пройдзе ад спакойнага жыцця.І сапраўды, гэта прайшло, калі яна пражыла са мною два месяцы і сказала, што ў нас будзе дзіця.Мы акружылі адзін аднаго такім морам пяшчоты і ўвагі, такой любоўю, што я нават праз дваццаць год здзіўляўся гэтаму, як сну. Нам было добра паўсюль, нават у Сібіры, куды я трапіў у 1902 годзе. Яна была больш чым проста жонкай, яна была другам да смерці.