Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

– Не называй ты мяне панам. Я такі самы пан, як ты. А прычына – што ж... цікава проста. І шкада гаспадыню і многіх людзей.– Так. Пра гаспадыню і я чую, – скоса глянуў Рыгор і хмурна ўсміхнуўся. – Мы гэтыя рэчы разумеем. Гэта ўсё адно як Зося мне. А чаму ты мне не кажаш, што ты на іх злуешся, адпомсціць жадаеш? Я ж ведаю, як ты ад дзікага палявання ля ракі ўцякаў.Я быў уражаны:– Адкуль ведаеш?– У чалавека ёсць вочы, і кожны чалавек пакідае след на зямлі. Толькі нявістныя не бачаць. Уцякаў ты, як чалавек з розумам. А вось горш тое, што я іхнія сляды заўжды губляю. І пачынаюцца яны, і канчаюцца на гасцінцы.Я распавёў яму пра ўсё, з самага пачатку. Рыгор сядзеў нерухома, вялікія шурпатыя рукі яго ляжалі на каленях.– Я даслухаў, – сказаў ён проста, калі я скончыў. – Ты мне падабаешся, пан. З мужыкоў, ці што? І я так думаю, што ты калі і не з мужыкоў, дык ля мужыкоў блізка ляжаў. І сам я даўно думаў гэтых зданях трахануць, каб пер’е паляцела, ды таварыша не было. Калі не жартуеш, давай разам. Але ж, бачу я, ты гэта толькі зараз прыдумаў: звярнуцца да мяне. Чаму раптам так прыдумаў? І чаго хацеў да гэтага?– Чаму вырашыў, сам не ведаю. Пра цябе казалі, што ты Яноўскую, калі яна сіратой засталася, шкадаваў. Надзея Раманаўна казала, што ты нават хацеў вартаўніком у Балотныя Яліны перайсці, ды не атрымалася. Ну і потым спадабалася мне, што ты незалежны, што хворую так даглядаеш. А да гэтага я проста жадаў спытаць, чаму якраз у той вечар, калі загінуў Раман, дзяўчынка затрымалася ў Кульшаў?– Чаму затрымалася, я ведаю. У той дзень у маёй гаспадыні дзяўчаты сабраліся з навакольных фальваркаў. Весела было. А вось чаму яе, Яноўскую, запрасілі сюды – я не ведаю, яна ж тут колькі гадоў да гэтага не была. Але пані, самі бачыце, якая, яна не скажа.– Чаму не, – усміхнулася раптам амаль разумна старая. – Я скажу. Я зусім не звар’яцела, мне проста так зручна і бяспечна. Папрасіў запрасіць бедную Надзейку пан Гарабурда. І ягоная ж пляменніца была тады ў мяне. Такому рыцару, як вы, пан фельдмаршал, я ўсё скажу. Так, так, гэта Гарабурда даў тады такую параду ўзяць дзіця. У нас усе такія добрыя. Нашыя вэксалі ў пана Дубатоўка – ён іх не падаваў да сыскання. Гэта, маўляў, залог, што будзеце часта ездзіць да мяне ў госці, піць віно. Я вас зараз нават сілаю магу запрасіць піць гарэлку... Так, усе запрашалі Надзейку. Гарабурда, і фельдмаршал Каменскі, і Дубатоўк, і Раман і кароль Стах. Вось гэты. А бедная ж твая галовачка! А ляжаць жа твае косы залатыя поруч з бацькавымі касцямі.Мяне перасмыкнула ад гэтага галошання па жывым чалавеку.– Бачыце, нямнога даведаліся, – панура сказаў Рыгор. – Выйдзем на хвіліну.Калі мы выйшлі і лямант старой сціхнуў, Рыгор буркнуў:– Дык давайце шукаць разам. Карціць і мая душа на гэта дзіва паглядзець. Я буду на зямлі шукаць і сярод простых людзей, а вы ў паперках ды сярод шляхты. Можа, і знойдзем.Вочы яго раптам сталі злоснымі, вугальныя бровы з’ехаліся да пераносся:– Бабы д’яблам выдуманыя. Іх трэба ўсіх задушыць, а за нямногіх, што застануцца, хлопцам усім перадушыцца. Але што зробіш...І лагічна скончыў:– Вось і я, хоць шкада маёй лясной волі, хоць, можа, і дажыву век адзін у лесе, усё ж часам пра Зоську думаю, якая тут таксама жыве. Можа, і ажанюся. Яна кухаркаю тут. Дык вось што я скажу табе, сябар. Таму я і табе паверыў, што сам так часам пачынаў шалець з-за чортавых бабскіх вачэй. (Я зусім не думаў пра гэта, але не палічыў патрэбным пераконваць гэтага мядзведзя.) Але скажу табе шчыра. Калі ты прыйшоў падбіць мяне на гэта, а потым здрадзіць – многія тут на мяне зубы точаць, – так і ведай – не жыць табе на зямлі. Рыгор тут нікога не баіцца, наадварот, Рыгора ўсе баяцца. І сябры ў Рыгора ёсць, іначай тут не пражывеш. І страляе гэтая рука добра. Так што ведай – заб’ю.