Дзікае паляванне караля Стаха, частка 2

Я глядзеў на яго з дакорам, і ён, глянуўшы мне ў вочы, засмяяўся, быццам у бочку, і зусім іншым тонам скончыў:– А наогул, я цябе даўно чакаў. Здавалася мне чамусьці, што ты гэтай справы так не пакінеш, а калі пойдзеш разблытваць яе – мяне не абмінеш. Што ж, дапаможам адзін аднаму.Мы развіталіся з ім на ўзлессі, ля Волатавай прорвы, дамовіўшыся аб новых сустрэчах. Я пайшоў дадому нацянькі, праз парк.Калі я з’явіўся ў Балотныя Яліны, прысмерак ужо агарнуў парк, жанчына з дзіцем спала, нагадаваная ў адным з пакояў на першым паверсе, а гаспадыні не было ў доме.Я чакаў яе з гадзіну і, калі стала ўжо зусім цёмна, не вытрымаў, і пайшоў насустрач. Я не паспеў далёка адысці змрочнай алеяй, як пабачыў белую постаць, якая палахліва рухалася мне насустрач.– Надзея Раманаўна!– О-о, гэта вы? Дзякуй Богу. Я так непакоілася. Вы пайшлі нацянькі?І засаромелася, апусціла вочы ў зямлю. Калі мы падыходзілі да палаца, я сказаў ёй ціха:– Надзея Раманаўна, ніколі не выходзьце з двара ўначы. Абяцайце мне гэта.Мне ледзь удалося вырваць у яе гэтае абяцанне.

Раздзел дзевятыГэта ноч прынесла мне разгадку аднаго цікавага пытання, якое выявілася зусім нецікавым, калі не лічыць таго, што я лішні раз пераканаўся ў тым, што подласць жыве і ў дурных, добрых, наогул, душах.Справа ў тым, што я зноў выйшаў уначы на крокі, пабачыў ахмістрыню са свечкай і зноў прасачыў яе да пакоя з шафай. Але на гэты раз я вырашыў не адступаць. Шафа была пустая, значыцца, шукаць трэба было там. Я пахітаў дошкі ў задняй сценцы (шафа стаяла, засунутая ў нішу сцяны), пакруціў усё, што магчыма было круціць. Пасля паспрабаваў падняць іх угару і пераканаўся, што мае спробы маюць поспех. Бабуля была,напэўна, глухаватая, іначай яна пачула б мае практыкаванні. Я з цяжкасцю пралез у атвор і пабачыў скляпеністы ход, які спускаўся строма ўніз, як быццам у сутарэнне. Збітыя цагляныя прыступкі збягалі ўніз, і ход быў такі вузкі, што я чапляўся плячыма за сценкі. З цяжкасцю спусціўся па прыступках і пабачыў невялічкі, таксама скляпеністы пакоік. Ля сцен яго стаялі скрыні, акутыя палосамі жалеза, дзве шафы. Усё гэта было адчынена, і аркушы пергаменту і паперы ляжалі паўсюль. Пасярэдзіне пакоя стаяў стол і ля яго грубы табурэт, а на ім сядзела ахмістрыня і разглядала нейкі пажоўклы аркуш. Мяне ўразіў выраз сквапнасці на яе твары.Калі я ўвайшоў, яна закрычала з перапуду і паспрабавала схаваць аркуш. Я паспеў узяць яе за руку.– Пані ахмістрыня, дайце мне гэта. І ці не скажаце вы, чаму вы кожную ноч ходзіце сюды, у таемны архіў, што робіце тут, нашто палохаеце ўсіх сваімі крокамі?– Ух ты, бацюхна мой, які спрытны!.. – незадаволена сказала яна. – Усё яму ведаць трэба.І, відаць, таму, што знаходзілася на першым паверсе, загаварыла з выразнай народнай інтанацыяй:– А скулля з макам ты не хочаш? Бачыце вы, што яму трэба! І аркуш схаваў. Каб ад цябе твае дзеці так хлеб на старасці год хавалі, як ты ад мяне той аркуш! У мяне, можа, больш правоў тут сядзець, чым у цябе. А ён, бачыце, сядзіць ды пытаецца. Каб на цябе так верады сядалі ды не пыталіся!Мне гэта апрыкрала, і я сказаў ёй:– Ты што, у турму захацела? Ты чаго тут? Ці, можа, ты адсюль дзікаму паляванню знакі даеш?Ахмістрыня пакрыўдзілася. Твар яе сабраўся ў вялікія зморшчыкі.– Грэх вам, пане, – ледзь вымавіла яна. – Я жанчына сумленная, я за сваім прыйшла. Вось яно ў вашай руцэ, тое, што мне належыць.