1 2 3 4 5 6 7 8 9 10

Дрэва вечнасці

Мне было так, нібы недзе на месцы бою я пакінуў адным друга, які не можа ісці са мною. Нават горш. Друга я цягнуў бы або застаўся з ім. Гэтага – нельга было. Ён бы памёр ад першага кроку... Я не мог застацца з ім... А ён не мог жыць там, дзе я, у цяснінах вуліц і ў шолаху шын, сярод нашых бясконцых размоў і, магчыма, хлусні, без жывушчага паветра, без гэтых простых людзей, без першароднай палескай мовы. Будзь вечнай дзеля нас, зямля мая! Ты не магло пайсці са мной, Вечнае Дрэва. Але і цяпер, калі мне бывае цяжка, я раптам, без усякага, здаецца, поваду, успамінаю, што недзе стаіць, недзе шуміць або маўчыць спакоем самой гісторыі заліты веснім святлом, дажджом або засыпаны начным снегам, стаіць і чакае другога свайго тысячагоддзя сведка ўсёй нашай пісанай гісторыі, усіх учынкаў нашых і ўсіх беларускіх жыццяў, што прайшлі за нашу гісторыю па твары зямным. Стаіць і расце вялікі Бацька-Дуб.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10