Информация доставка пиццы в орше здесь.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10

Дрэва вечнасці

Ехалі насустрач стагоддзям. Праскочылі Прыпяць, праскочылі ўтульны ўзгорысты Мазыр. Дзень далёка пераваліў за палову, і я дамогся таго, каб гэтую ноч мы пераначавалі на беразе Прыпяці. Гэтую зямлю нельга глядзець стомленымі вачыма, яна такая адна, і перад ёю, як перад сур’ёзнай кнігай, павінен быць пралог або хаця лірычны ўступ. Лепей за Прыпяць у гэтым сэнсе нічога не прыдумаеш. Мы ад’ехалі далёка ад горада, разбілі палатку і паехалі шукаць рыбакоў “у разважанні, чаго б пад’есці”. Самім лавіць было позна. Прыпяць не любіць тых, што бяруцца за справу на хапка. Каб мы былі разумнейшыя, мы б ведалі, што ніхто не будзе займацца такой дурасцю, як ловы рыбы, калі за ракою касьба, калі звіняць косы, калі гучна смяюцца каля буданоў бабы, гатуючы вячэру, калі хлопцы, абцершы пукам травы касу, кідаюцца ў раку, каб змыць з сябе дзённы пот, і гучна, цераз мыс, перакідваюцца з дзеўкамі рызыкоўнымі жартамі і ўсім такім іншым, вячэрнім. Рыбакоў мы сапраўды не знайшлі. Затое знайшлі калег. Яшчэ калі мы ехалі нетрамі, я зразумеў, што дзеля паўнаты шчасця нам не хапае толькі сустрэчы з мядзведзем. Але мядзведзі былі далей (выяўляецца, па шматлікіх расказах, што яны ёсць і тут, а не толькі на Бярозе, мы самі сустракалі людзей, якія зусім нядаўна бачылі іх), за тымі мясцінамі, куды мы ехалі. І вось мы выехалі на палянку над ракой і ўбачылі там апараты, танваген, людзей і... ніштаватае ўжо медзведзянятка. Нас сустрэлі знаёмыя храпы. Малады аператар расцвіў пралескай і ўсміхнуўся сонцу, беларускім лясам, Прыпяці і мне. І я ўспомніў, як у адной экзатычнай кватэры мы сядзелі і папівалі сухое віно пад крыкі шматлікіх папугаяў і як потым нам, як дарагім гасцям, падарылі каштоўны падарунак: руку эгіпецкай муміі. Я спаў тую ноч у інтэрнаце і ўсю ноч з прыемнасцю ўспамінаў, што ў мяне пад ложкам, у чамадане, ляжыць рука муміі. Магчыма, эгіпецкай царэўны. Раніцай я зразумеў, што не магу скарыстацца з такога дарагога падарунка, і велікадушна пераўступіў руку муміі майму сябру. Я страшэнна паважаў яго як маладога таленавітага аператара. Я не мог абяздоліць яго, пакінуўшы руку муміі толькі сабе. Раніцай ён сказаў, што занадта малады і не можа адзін карыстацца рукой муміі, што ён нічым не праявіў сябе як малады таленавіты аператар (дагэтуль ён гэтага чамусьці не казаў, а казаў зусім адваротнае), і аддаў руку муміі трэцяму сябру. Увесь час у нашым пакоі нябачна прысутнічала рука муміі. Урэшце мы калектыўна аднеслі руку муміі назад і сказалі, што нашы заслугі перад гэтым домам і ўвогуле нашы добрыя якасці нявартыя такой дарагой узнагароды. Пасля я купіў новы чамадан, а стары вынес і паставіў на вуліцы. Ад усёй душы спадзяюся, што нехта карыстаецца ім да гэтага часу. Гэта быў харошы, дыхтоўны чамадан. Хай пашле яму Бог доўгае жыццё. Чаму я ўспомніў аб муміі? А чорт яго ведае... Так. Медзведзяня знемагала ад спёкі і здаровага маладога апетыту. Дублёр ягоны хроп на ўсе застаўкі і не ведаў, што заўтра менавіта яго чакае тая ж самая цяжкая чаша, а храпці і есці будзе гэты. Медзведзяняці ў дзень здымак да вечара не давалі досыта пад’есці. Іначай нажарэцца і не захоча працаваць. Зусім як чалавек. Небарака замарыўся на працы (здымалі чорт ведае колькі дубляў) і нічога ўжо больш не хацеў. У перапынку ён знайшоў пад машынай лёд, накрыты скрынкаю, перакуліў яе і вельмі бадзёра – у спёку гэта добра – узяўся за справу: жэр гэты лёд, як дзеці марожанае, – аж храбусцела.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10