1 2 3 4 5 6 7 8 9 10

Дрэва вечнасці

Лёд адабралі. Тады ён пачаў шукаць нешта другое, але нічога не адшукаў. Знайшоў, што праўда, распачатую бутэльку мёду (у чалавека гэта называецца “прэміяльныя”) і палічыў, што за такую работу мае на яе права, – дык і тую не далі. Тады ён вырашыў уцячы, але паколькі яго якраз узялі на павадок – ён даводзіў, што ўнутрана свабодны, тым, што бег на месцы, падскакваў на ўсіх чатырох таўстапятых лапах. Што ўспамінаеш ты цяпер, бедны, седзячы ў клетцы ў Бярэзінскім запаведніку? Прыпяць? Лёд? Або можа тое, як, вымыты ў ванне і дасуха выцерты, аднойчы ў Менску хроп на маёй тахце, укрыты да галавы народнай посцілкай? Мы тады ўзнялі келіхі і за цябе. А можа думаеш, што людзі знявечылі табе жыццё, што, вольны, ты ніколі б не цягнуўся да іх і, вялізны ўжо, не прасіў бы, выйшаўшы з лесу, цукру і нікога б не палохаў, а значыцца, не трапіў бы і ў клетку? Хто цябе ведае, аб чым ты думаеш, бедны, палонены людзьмі звер. Памятаеш, тады, над Прыпяццю, я казытаў табе круглае пуза, перакуліўшы на спіну? Успомні мяне дабром, як і я ўспамінаю цябе. Пасля ночы, якая паўзла парай з Прыпяці і малочнымі туманамі з лагчын, пасля ракі, спачатку поўнай вячэрняй заранкай, а пасля зорамі, пасля вогнішча і мёртвага сну добра было ехаць Палессем. Выдаўся цудоўны, раскошны сонечны дзень, такі цёплы, што мы знялі тэнт, апусцілі, спадзеючыся на бязлюддзе і адсутнасць інспекцыі, ветравое шкло, скінулі кашулі і ехалі, і толькі глядзелі, пілі ўсімі вачыма прыгажосць, разлітую вакол. Цэлымі гадзінамі лясы і лясы, старыя, гордыя сваім узростам лясы! Цэлымі гадзінамі няма ні машыны, ні чалавека, ні вёскі! Чорныя вольхі ў нізіне, ля дарогі. Чорныя вольхі ў два абхваты. Грабы і хвоі ў невыносна злітых абдымках, зараснікі, джунглі падлеску ля ног волатаў, рэчкі, што з цяжкасцю крадуцца праз пушчы. Ціха-ціха, каб хуткім бегам не разбудзіць якога-небудзь паўмёртвага ляснога патрыярха, каб не ўздумаў ён перад смерцю зрынуцца на рачную плынь, перагарадзіць яе, забараніць бегчы далей і прымусіць хітрыць і шукаць абходу. На рэдкіх палянах – буслы, што бродзяць берагамі ручаін, дзічкі, падобныя на дубы, на зялёныя, у палову неба, хмары. Продкі пакланяліся дубу і дзічцы, лічылі, што жывуць у іх гордыя душы палескіх мужчын і пяшчотныя душы мясцовых жанчын, ледзь не самых прыгожых на ўсёй Беларусі. Нашчадкі не вераць (а можа і вераць падсвядома, памяццю тысячагоддзяў) у лясных багоў. Але яны і зараз пазбягаюць чапаць гэтыя дрэвы і не чапалі б іх зусім, каб часам не пільная неабходнасць або не загад чалавека, які не ведае звычаяў гэтай зямлі. Замест гэтага яны ўсцягваюць на кожную такую палянную дзічку, на кожны дуб калоду для дзікіх і свойскіх пчаліных раёў. Часта па тры-чатыры і больш калод на кожнае вялікае дрэва. Мы завём гэта калодай. Продкі паўсюль называлі гэта “свепет”. Мясцовыя людзі кажуць «слепет», і ў гэтым слове ясна адчуваецца старажытнае праславянскае “в”, якое так нідзе і не паспела перайсці ў беларускае “ў”. Але я пад гэтымі дубамі, дзічкамі, каштанамі і грабамі з трапятаннем адчуваю дыханне майго прашчура, зменлівае і вечнае Слова яго. Палессе! Ты ўсё – бясконцая і вечная паэма. Кожная лясная рэчка твая – драмлівы рэчытатыў ліры. Кожнае тваё ўрочышча – урачысты хор магутных галасоў. Кожнае дрэва тваё – Песня Песняў. Кожная галіна пад ветрам – неўміручы радок. І кожны свепет на дзічках тваіх – ода гэтаму вялікаму небу, на якім зараз ласкавыя і чыстыя адценні вечара. І пад гэтым небам мы ехалі ў стагоддзі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10