1 2 3 4 5 6 7 8 9 10

Дрэва вечнасці

Кіламетры за чытыры ад Данілег (Данілевічы таксама) я яшчэ здалёк убачыў нешта такое, што сэрца маё не паверыла і ўпала, а пасля ледзь не выскачыла ад радаснай упэўненасці, што вочы мае не падманулі мяне. Упоперак пешаходнай сцежкі, якая ў мініяцюры паўтарала сабою гэты зарослы травой прасёлак, ляжаў, па казацкім звычаі, раскінуўшы рукі і ногі, каржакаваты, моцны стары. А ля яго стаяла і прасілася ўзяць старая. У нас было страшэнна цесна ад экспедыцыйнага барахла, але я непахісна вырашыў: “Гэтых трэба ўзяць”. Калі б трэба было – я пасадзіў бы ў гэтую ж самую машыну яшчэ мільён такіх, як яны, а сам выйшаў бы і пайшоў пеша. Старая была першым прывітаннем ад стагоддзяў, у якія мы падарожнічалі. Нібы прыйшла з сярэдніх вякоў у сваім, з ног да галавы напэўным, народным уборы. Не было хіба што наміткі, або «галавы», таго дзіўнага падабенства белай кісейнай чалмы, што завесаю падае на плечы і пакідае адкрытым адзін толькі твар. Замест яе на галаве была багацюшчая хустка, гладкая і вышытая толькі “на вугал” вышыўкай дзіўнай прыгажосці і майстэрства. На белай доўгай сарочцы не было жывога месца ад візэрункаў, зробленых, магчыма, за доўгія і доўгія месяцы дасканалай у сваім адчуванні прыўкраснага рукой. Сумесь геаметрычнага арнаменту з раслінным была натуральная і завершаная. Такому навучыць нельга. Тут вучылі тысячагоддзі, а майстар інтуітыўна, але ж прыўносячы сваю індывідуальнасць, паўтараў неабвержны вопыт і густ мільёнаў. Тут было, як з вялікім майстрам народнай песні, які ў вочы не бачыў ніводнай ноты, але спявае, як усе пакаленні вялікіх майстроў да яго. Пачніце яго вучыць, калі ён ужо склаўся. Кажыце яму аб фальшы ў гучанні той ці іншай ноты, аб “пясочку” ў гуку, аб “сцершымся” тэмбры. Вы навучыце! Пры поспеху можа быць нават і добры спявак. Але вялікага майстра не будзе. Вы навучыце, але вы і заб’еце, бо ваш вопыт – нішто перад вопытам тых, якія, не ведаючы, тысячы год спявалі “душой”. Паўзверх гэтай снежна-белай сарочкі з рассыпанымі па ёй вясёлкамі была накінута ядвабіста-сіняя шнуроўка, якая яшчэ і зараз строга і ладна абцягвала стройны (відаць ужо да смерці) і прамы старэчы стан. Тканы ў рознакаляровыя дробныя шашачкі андарак быў, як трохі прыглушаны (бо так патрабаваў узрост) жар, і дзівосны па спалучэнні колераў. Пасля я ўбачыў маладых. У тых на андараках пераліваліся чыстыя, нязмешаныя колеры. А тут былі хутчэй адценні двух-трох колераў, але адценняў гэтых было мноства. Відаць, і тыя і тыя ткаліся не менш як у дваццаць чатыры ніты. Чабоцікі каляровай скуры давяршалі ўсё. Нічога не выбівалася з агульнага строю. І я зразумеў, што ў вобразе гэтай старой, сярод гэтых лясоў, пад гэтым беларускім небам, упершыню ў маім нябедным жыцці сустрэлася мне сама Гармонія. Яе не магло быць ува мне. А ў гэтай старой, у адпаведнасці яе і яе ўбора гэтым ціхім прыглушаным лясам, гэтай забытай дарозе, гэтаму залацістаму вячэрняму небу – яна была. Поўная і дасканалая, пакуль што на адзін толькі вечар у маім жыцці. А можа, на адзін толькі вечар да самага майго скону. Мы сяк-так размясцілі іх на рэчах, і, дзіўна, наша машына не стала дысанансам, а сама пакорліва падпарадкавалася старажытнай прыгажосці. А старая гаварыла, усплёскваючы рукамі, і, таксама як сама Гармонія, гучаў, пераліваўся, звінеў у яе вуснах пявучы палескі дыялект. Быў дзень Пятра і Паўла. Стары, муж, па даўняй традыцыі ўчыніў ім патрэбнае ўзліванне (а паколькі святых было два, то няма чаму здзіўляцца, што ўзліванне было двайное) і, нягледзячы на гэта, пераапрануўся і пайшоў на кашару, дзе працаваў вартаўніком.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10