1 2 3 4 5 6 7 8 9 10

Дрэва вечнасці

Яго хацелі затрымаць, прыводзілі рэзонныя доказы, што стаіць лета, а значыць, няма чаго палохацца ваўкоў, што не толькі злодзея, а і ўвогуле чалавека не знойдзеш з агнём на многія вёрсты, але стары занатурыўся. І вось, нібы чула яе сэрца, устрывожылася, пайшла і ўбачыла, што ляжыць яе стары лясны казак – па казацкім звычаі – упоперак сцежкі і наадрэз не хоча ісці дахаты. Напетрапаўліўся-а. Каб не вы, галубочкі, невядома б, што і рабі-іць. Я грэшным чынам падумаў, што старая за ўсё жыццё так і не раскусіла яго да канца, што не такі ён і п’яны (дарэчы, ён трохі пасля і давёў гэта), а проста не хацеў ні дадому, дзе ад адных баб кранешся, ні на кашару, дзе авечкі. Усё было прасцей. Чаму не застацца тут? Цёплае паветра, цёплая зямля, родны лес вакол і чыстыя зоры над галавой. Добра ляжаць і марыць і нешта ціха спяваць самому сабе. Ніхто не праедзе, ніхто не пройдзе. Гэта ж табе не горад, дзе не дадуць добраму чалавеку нават паляжаць упоперак дарогі ў сваю ахвоту. І мы прыехалі ў невялічкую вёску, усю аточаную лесам, усю патопленую садамі і шатамі вялізных дрэў, нібы апушчаную на дно зялёнага мора, нібы паглыбленую ў зялёны і трохі аранжавы ад заранкі паўзмрок. Быў мяккі вечар. Даўно асеў пыл ад чарод (а можа, яго і не было? Можа, каровы і начавалі ў лесе?). Шэрыя хаты з таўшчэразных бярвенняў насунулі па самыя вушы цёплыя шапкі стрэх. Драмалі або марылі пад песні. А песні гучалі паўсюль. На бярвеннях ля хат, на лавах, на прызбах, проста на паплаўцах. Паўсюль сядзелі жанчыны, дзяўчаты, старыя і дзеці, чыста ўсе апранутыя накшталт сустрэтай намі старой. Розныя ўборы, розныя колеры, фарбы і адценні, розныя густы, крышачку рознае ўмельства. Але вёска дзякуючы ім нагадвала букет або стракаты ад разліву чэрвеньскіх красак поплаў. Бо ўсе былі ў сваім, напэўна, у амаль такім самым, як пры Уладзіміру, як пры войнах з татарамі, як тады, калі бушавала ў гэтых мясцінах полымя паўстання, запаленага Крывашапкай. Гэта не было старамодна і смешна (гэта былі людзі дваццатага стагоддзя, і яны шмат ведалі). Гэта было велічна. Гамер і лірныя песні не старэюць. Старэюць многія нядаўнія песні. Старэюць многія кінастужкі, падобныя на оперу ўдзень, пад чыстым небам. Старэюць і выклікаюць смех. А Г э т а было велічна. У дваццатым веку, сярод гэтых людзей, смешныя былі мы ў нашай гарадской, ды яшчэ і патрапанай, рабочай вопратцы. Тут і новая выглядала б пачварна... Гармонія – гэта былі яны. Дасканаласць – гэта былі яны. А старамоднымі і непатрэбнымі на вока дваццатага стагоддзя тут былі мы. Мы былі дысанансам. Сярод гэтых людзей Толькін прыяцель, расеец, саромеўся сваёй кніжнай расейскай мовы, а я саромеўся сваёй гарадской беларускай. Мы, аднак, пастараліся не даць ім зразумець гэтага. Той пераважна слухаў, а я адразу ўключыўся ў балбатню і жарты, стаў пераймаць іхнія інтанацыі, імітаваць непараўнальную музыку іхніх сказаў. І – дзіўна! – у мяне пайшло. Можа, яны проста зрабілі выгляд, што не заўважаюць гэтага, па прыроднай, адвечнай далікатнасці сваёй, але я не думаю. Са мною аднойчы ўжо было так. Я слухаў, як грае на жалейцы вясковы пастух, прыгожы і чысты, як голуб, сівы дзед. І таксама быў вечар, і каровы жавалі жвачку і слухалі. Мне здалося, што я нібыта разумею ўсё. І дзед быццам зразумеў гэта, выцер жалейку аб прыпол сарочкі і працягнуў мне: – На. І я, нібы так і трэба было, узяў яе і... зайграў. Таму што я зразумеў: тут непатрэбна загадзя прыдуманая мелодыя, тут павінна гучаць душа. Гэта яна павінна выказваць сябе ў подыхах і рухах пальцаў, а астатняе прыйдзе само. Таму што музыка твая толькі акампанемент вечару.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10