1 2 3 4 5 6 7 8 9 10

Дрэва вечнасці

– Добра, – сказаў дзед. – Дайшло. Нешта падобнае было і тут. Мы сядзелі і гаварылі і ціха смяяліся, чакаючы нашага дзеда. Мы хацелі, каб нехта яшчэ сёння паказаў нам дуб. Заўтра мы паедзем здымаць яго, нікога не турбуючы. Вызваўся наш дзед. Мы далікатна (галоўным чынам дзеля старой) усумніліся ў ягоных магчымасцях. Што тут пачалося! Дзед намыліў нам галаву оптам і ў розніцу. Ён сказаў, што ніхто лелей за яго не ведае, дзе ён, гэты дуб, што ён ужо тысячу разоў хадзіў да яго за доўгае сваё жыццё, што ён бываў каля яго яшчэ дзіцем, што ніхто так добра не пакажа нам, дзе менавіта ўжо “тышчу гадоў” расце гэты дуб. І мы згадзіліся, і вось чакалі яго. А жанчыны спявалі. А я глядзеў на іхнія прыгожыя твары, на іх ільняныя або чорныя як смоль (сярэдняга не было) косы, на іхнія ўборы і думаў, што гэта дзіва як добра. Таму што гэтыя шнуроўкі і андаракі былі не ад оперных пейзан у лапціках, а было гэта заўсёды так. Аб гэтым сведчылі чорныя рабочыя рукі (правядзі такімі па чымсьці – сто разоў зачэпяцца), што зараз адпачывалі на дзіўнай прыгажосці андаракоў, вытканых імі. Рукі, якія насілі сена з балотаў і палян і ўмелі рабіць яшчэ тысячы спраў. Рукі, што цяжка здабывалі свой “штодзённы”. На д’ябла былі ім патрэбныя мы. Іхнія песні плылі над вёскай да залатой завесы захаду. Плылі над гэтай сумнай, вячэрняй, нібы закінутай зямлёй. І песні гэтыя былі – дзіва. І казалі яны пра каханне, пра варанога коніка і дальнюю дарогу, пра здраду і рэўнасць, пра гэтыя дубы – пра ўсё, што было і давеку будзе на зямлі. Стары выйшаў з хаты, як адноўлены. Твар свежы, трохі нават урачысты. Белая сарочка з хатняй палатніны багата вышываная. Паважна сеў побач з шафёрам і – перад бабамі – уладна сказаў: – Паняй! І тут адна гожая чарнявая маладзіца са снежнымі зубамі сказала: – Ну вось. А я тут і жыццё-о пражыла-а, а дуба таго не бачыла-а. Вочы смяяліся. Я запрасіў яе сесці з намі, і яна нават устала. Але астатнія схапілі яе, пачалі валтузіцца і крычаць ёй, што “няма чаго адной”, што хлопец той, відаць па ўсім, “адарвірог”, а нам – каб мы хутчэй рушылі. Сілком пасадзілі на бярвенні, утрымалі. Машына наша рванула і пакаціла. Так і давялося мне задаволіцца пачэснай мянушкай “адарвірога”, сесці на месца ды глядзець вакол. “Казёл” наш праехаў трохі па дарозе і звярнуў налева. Стары расказваў нешта аб тым, колькі гэтаму дубу, якіх людзей і якія падзеі ён бачыў. Фігурыравалі там чамусьці шведы (і тут было зашмат шведаў!), царыца Кацярына, французы (зашмат французаў!) і ўласны дзедаў прадзед. Зрэдку ён перарываў свае цікавыя гістарычныя рэмінісцэнцыі, каб кінуць: – Паняй-паняй! ...Гэта былі нізінныя месцы. Туман, як продкавы душы, слупамі стаяў над ямамі, поўнымі празрыстай вады. Удзень яна была, пэўна, колеру чырвонага дрэва. Цяпер – чорная як смоль. Трапляліся даўнія лесасекі, зарослыя дрэўцамі, маліннікам і кіпрэем. Белы туманец шматкамі поўз з нетраў. Было бязлюддзе. І цішыня. Залаты і шафранны захад шырокай паласой дагараў за ляснымі волатамі. І тут наш “газік” выглядаў дзіка, як машына часу. – Паняй-паняй! Як глуха! Якая закінутая журба! Быццам і не было ні кіеўскіх князёў, ні Ванькі Крывавага, ні Пятрухі-Мучыцеля. Нібы толькі што пад гэты халодны небасхіл, пад першую крынічную зорку на ім, да залатога іканастаса захаду прыйшлі людзі – мы. І зноў пушча. Зноў ствалы волатаў, а за імі гараць крылы соцень жар-птушак. Гараць і дымна згараюць у цішыні.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10