1 2 3 4 5 6 7 8 9 10

Дрэва вечнасці

І раптам я ўбачыў: вышэй за ўсе дрэвы ўзносілася над светам не дужа густая, але магутная верхавіна і некалькі велізарных, як бярвенні, галін. Стройны, як калона, у мноства абхватаў ля зямлі, усё раўней і танчэй угору, дасканалы ў сваёй велічнай зграбнасці, стаяў сярод лесу, сярод сыноў сваіх, унукаў, праўнукаў, далёкіх нашчадкаў лясны волат. Здавалася, метраў на сорак – пяцьдзесят – бо яго ні з чым вакол нельга было параўнаць – вышэйшы за ўсё на зямлі. Роўны амаль да самай верхавіны, гладкі, амаль як мармур, карою (так уяўлялася ўпрыцемку), без адзінай шышкі на ёй, без адзінага наросту ці галінкі, ён толькі ля верхавіны шырыў недзе ў саміх нябёсах магутныя свае лапы. Ён быў вечны і неўміручы. Ён, здавалася, павінен быў быць нязменны і канчатковы ў сваёй класічнай закончанасці. І, аднак, ён рос. Разумееце? Ён яшчэ рос. Ён нарадзіўся ад жолуда нейкага такога самага волата, ад якога даўно не засталося і слядоў. Бацька ягоны жыў у часы Цэзара і Спартака, Хрыста і Нерона, Атылы і Катула. І вось аднойчы ён задумаўся аб неўміручасці і вечнасці і неспадзявана скінуў жолуд. А з жолуда прадзёўбнуў зямлю пяшчотны ружавата-жоўты парастак велічынёй з палову мізінца. Яго чакалі тысячы бедаў. На яго мог наступіць чалавек або алень. Тысячы дубовых малят гінуць вось так. Але вось ён стаіць і яшчэ расце. А перад ім у маўчанні стаім мы. Неўміручая мозгам і справамі мятуліца-аднадзёнка. А ён стаіць. Галава ягоная ў небе. Падпірае крыштальную першую зорку. Расце. Кіеў быў зусім малады. Полацак трохі старэйшы. Осла не было. Масквы не было. Ні Берліна, ні Нью-Йорка, ні Рыгі – нічога гэтага яшчэ не было. Не было Францыі, а была толькі Франкская дзяржава. А ён ужо рос. І наўрад ці быў намнога меншы, калі чалавек з вачыма хітруна і аматара пагуляць, з сэрцам, у якім жыла, аднак, гарачая любоў да сваёй беларускай зямлі, Крывашапка, стаяў пад ім і клікаў на паўстанне беларускіх сялян, сваіх братоў. Палалі вогнішчы. Полымя іхняе адбівалася на лёзах кос, на вострых іглах вілаў, у глыбокіх вачах, чырванела на кары Вечнага Дрэва. Яно скакала недзе высока ўверсе на ягоных галінах. А сярод людзей, магчыма, быў продак у дванаццатым калене нашага дзеда. Не ведаю, ці адпавядае дрэву імя “цар-дуб”. Назва “дуб Крывашапкі” адпавядае больш, хаця і яна не з лепшых. Усякае імя будзе вартым жалю перад гэтай велічнай, перад гэтай мудрай вечнасцю. Ён быў сведкам усёй пісанай нашай гісторыі. Сведкам канца радавога строю, сведкам з’яўлення князей і ўвядзення хрысціянства, сведкам разгрому беларусамі татарскай навалы, сведкам паўстанняў семнаццатага стагоддзя і сведкам апошняй вайны. Крый Божа стаць яму сведкам вайны атамнай, сведкам канца чалавецтва і сваёй смерці разам з ім. Гэтага не павінна быць. Гэтага не будзе. Залог гэтага – мудрыя чалавечыя вочы, чорныя рукі і апошні водсвет захаду на вяршыні Дрэва Вечнасці. І калі гэта не будзе, год трыста ён яшчэ прастаіць, здаровы, поўны сіл стары. А да таго часу ягоныя суседзі (і, напэўна, дзеці), трохі маладзейшыя за яго, стануць такія самыя, а тады, значыцца, і падаць можна. У гэтай дуброве не павінна стукаць сякера. Уся з шасцісот-сямісотгадовых дубоў, яна павінна зрабіцца запаведнікам велічы, сведчаннем таго, што можа даць наша зямля. Мы вярнуліся ў дзедаву хату і вячэралі там. Чысцюткія беленыя сцены, музейныя па хараству і майстэрству ручнікі, дзівосныя па прыгажосці посцілкі на сценах і ложках, стракатыя налаўнікі. Бялюткая печка з мноствам ніш, выступаў і прыступак была як гожая архітэктурная спаруда. Страшна было спаць пад гэтымі вясёлкавымі посцілкамі, на гэтых вышываных падушках, на беленькіх, хатняй палатніны, таксама расшытых па краях просцінах. Мы папрасіліся на сена, пасля ўпартай барацьбы атрымалі згоду і былі за сваю ўпартасць пакараныя.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10