1 2 3 4 5 6 7 8 9 10

Дрэва вечнасці

У тую ноч, як казакоў і шляхту ў паходзе, нас моцна кусалі блохі. Я-то не адчуваў гэтага, але казалі сябры. Уначы я прачнуўся, адчуваючы, што цалкам выспаўся пасля кароткага каменнага сну. Унізе шумна ўздыхала карова. Даносіўся сонны начны шум лесу. Рэдкімі ўздыхамі. Я злез са стога, выйшаў на двор, сеў на пасечаную калоду і закурыў. Лес шумеў і шумеў. Мігцелі над галавою зоры. А думкі ўсё вярталіся да таго, што бачыў. Так, гэтай дубровы нельга пілаваць ні ў якім разе. Патрэбен закон. Ніякая выгада не заменіць тут вялікай духоўнай страты. Унікальныя дрэвы, якіх, пэўна, няма больш нідзе ў Еўропе. А ўжо ў такім масіве – напэўна няма. Іх трэба бараніць, прыводзіць сюды іншаземцаў, каб дзівіліся, прыводзіць сюды кожнае дзіця, каб бачыла і на ўсё жыццё пранікалася сыноўняй павагай да зямлі, якая дала жыццё яму і здолела нарадзіць гэткіх волатаў. Пад раніцу я на хвіліну задрамаў. Здаецца, проста ўпала галава, а калі ўзняў яе – вось-вось павінна было ўзысці сонца, весела сінела неба, свежы подых паветра быў, як каханы пацалунак. Разбудзіў мяне нейкі строкат. Сарокі ўлетку пазбягаюць вёсак, але ж тут сама вёска была амаль лесам. І вось нада мною сакатала сарока, весела паглядаючы на мяне бісерным вочкам. Вельмі смешная, бясхвостая сарока, подобная з гэтай прычыны на апалонік без ручкі. І я засмяяўся і ўстаў насустрач усходу. Пасля мы зноў паехалі да дуба. Здымаць, на жаль, было цяжка. У густой цяністай дуброве і пры сонцы стаяў паўзмрок. Зямля развяла вакол сотні курыльніц. Туманны дым поўз да верхавіны, нібы гэта язычнікі прыносілі тут ахвяры. Толька пашкадаваў, што нельга ўзлезці на вяршыню. Гэтае «нельга» сказаў ён, здатны здымаць на дарозе ў падаючага дрэва (незадоўга да гэтага, пад Шчорсамі, нас з ім ледзь не забіла такім чынам), на вяроўцы над безданню, на крыле самалёта і, напэўна, нават у чэраве кітовым. Нельга было ўзлезці на роўную калону, ды яшчэ ля самай верхавіны віўся ля адзінага маленькага дупла “дымок”: дзікі пчаліны свепет. Яго ніхто не мог дастаць. Дзед казаў, што свепет там быў яшчэ ў гады ягонага дзяцінства. Не варта было б пра гэта пісаць, але не пісаць нельга. Пры дзённым святле мы ўбачылі, што кара на вышыню чалавечага росту пакрыта драбнюткімі выразанымі літарамі. Так бы мовіць, – пакінулі сляды на твары зямным і прылучыліся да вечнасці. Хаця гэта і не па сэрцавіне, а па тоўстай, у 3 – 4 цалі кары, але ўсё адно рэжа па сэрцы гэты выгляд спісанага, спаласаванага дрэва. Ці ж не малпы? А пасля надпісы гэтыя счэсваюць, але яны з’яўляюцца зноў, паласуюць жывую плоць і могуць дайсці да жывога нутра. Былі тут людзі адусюль, людзі з імёнамі і прафесіямі (а трэ было б па гэтых надпісах шукаць, прыводзіць у міліцыю ды даваць па лапах і кішэнях), але я не буду ўвекавечваць іх яшчэ і на паперы. Хопіць ім і кары. Аб адным, аднак, не сказаць нават неяк і нязручна. На кары распісаўся ва ўласнай дурасці нехта Х “ад імя камсамольскай арганізацыі гомельскага педінстытута”, так бы мовіць, ад імя будучых сейбітаў разумнага, добрага і вечнага. Бедныя хлопцы! Як ім не пашанцавала! Разумныя ж, відаць, яны людзі збольшага, а выбралі, каб гаварыў ад іхняга імя, таварыша Х. І толькі вышэй, куды рукі розных там Х не дасталі, быў першазданнай чысціні крэмавы ствол. Крэмавы, аж белы. Стаяць яму вякі, каб не малпы. Некалькі год назад Янка Брыль, Валодзя Калеснік і я наведалі стражытны дуб у Варончы, звязаны з імем Адама Міцкевіча. Дрэва-волат зеўрала страшэннай велічыні дуплом, у якім магло б стаць дзесяткі два чалавек. У гэтым дупле было і акенца на другі бок дрэва. Я ўлез і высунуў у акенца галаву, як таемны лясны дух. Відаць, калісьці ў гэтым дупле нейкі варвар расклаў агонь, але дрэва згасіла яго ўласнай крывёй і засталося стаяць. Патрэбна было б некалькі вазоў цэглы і пару мяхоў цэменту, каб запламбаваць дупло, і жалезны абруч, каб ахапіць ім галіны і не даць дрэву раскалоцца, і яно прастаяла б яшчэ семсот год. Мы вырашылі напісаць пра гэта старшыні камітэта па ахове прыроды. Праз некаторы час Янка меў гонар атрымаць ад яго ліст, у якім было напісана, што сапраўды ля вёскі Варонча, што пад Наваградкам, існуе шматвяковы дуб, звязаны з імем Міцкевіча, і ў гэтым дубе сапраўды ёсць дзірка. Такім чынам мы атрымалі магчымаць праверыць нашы асабістыя ўражанні.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10