1 2 3 4 5 6 7 8 9 10

Дрэва вечнасці

Вялікае дзякуй! То можа б хаця цяпер нехта засаромеецца, спахопіцца і зберажэ частку нашага народнага гонару? І можа зробіць гэта хутчэй? Год назад дуб Міцкевіча ў Варончы яшчэ стаяў. Можа яшчэ не позна? ...Пасля мы паехалі ад нашага дуба і на зваротнай дарозе, на лесасецы, убачылі двухногі дуб. Нідзе не было відаць, што зрасліся два дрэвы. Проста плялося, валаклося па высецы самотнае схіленае дрэва на дзвюх нагах, нібы хацела і не магло пайсці, уцячы са спустошанага людзьмі месца. Пакуль хлопцы здымалі яго, я не вытрымаў і пеша вярнуўся да свайго волата. Белы, ён стаяў у змроку, думаў пра нешта, а зямля кадзіла яму. У-у, якая вечная, якая жывая стаяла вакол яго цішыня! І я стаў і, няверуючы, пагаварыў з ім у думках, ціха памаліўся яму і папрасіў аб самым дарагім. А аб чым прасіў, аб чым маліўся – не скажу. Пасля мы паехалі. Ізноў было бязлюддзе. Бачылі мы дуб, пашчапаны маланкай. Маланкі любяць дубы, часцей за ўсё змагаюцца менавіта з імі, бо гэта варты праціўнік, і амаль ніколі не чапаюць бярозу, такая яна плакучая, пакорлівая і ніцая. Літуй цябе лёс ад бліскавіц, Вечнае Дрэва! Машына бегла. Вялізныя дрофы, падобныя на страусаў, часта глядзелі на нас з травы. У адной лясной вёсцы мы заселі ў вялізнай лужыне. Пакуль хадзілі па трактар, мы скінулі кашулі і на вачах у мясцовых жыхароў загаралі, рабілі выгляд, што так і трэба. Чорная як смоль, румяная, вельмі прыгожая маладзіца з вялізнымі вачыма весела крычала мне з садка: – Гэй, каторы з голаю спіной! Хадзем пад яблыню, казку раскажу. Яна была такая чарнавокая, такая ладная, што другім разам я насмяшыў бы ўвесь свет: узяў і застаўся. Мы ляжалі б пад яблыняй, і гаварылі, і смяяліся б, тым больш што, скажу вам па сакрэту, я таксама не зусім ужо благі казачнік. Але тут я аджартаваўся, і калі машына пакаціла далей – забыў пра гэта і ўспомніў толькі цяпер. Таму што я быў перапоўнены іншай казкай, той, якая засталася за маёй спіной. Бліжэй да вечара лінула раптоўна страшэнная залева. Стала цёмна. Вакол стаяла непранікальная, непраглядная, здавалася, над усім светам, сцяна дажджу. Серабрыста-шэры, ён амаль хаваў нават блізкія дрэвы, паласаваў, сек, плыў цэлымі патокамі па перапоўненай вадою зямлі. Мы імчалі праз гадзіны і кіламетры, а ён ліў, не слабеючы. Мы ўехалі ў ноч, а ён яшчэ пасіліўся, хаця і здавалася, што гэта немагчыма. Паветра было менш, чым вады. Бледныя бліскавіцы ўспыхвалі часам у чарнільным змроку. Над бясконцымі лясамі, над усім Палессем ішоў некуды і не праходзіў несамавіты лівень. Машына ледзь прабівалася праз яго, ляцела ў залеву. Я сядзеў, і думкі цяклі ў галаве маёй. Думкі аб стагоддзях, якім я прычасціўся і якім цяпер быў прыналежны. Я быў звязаны цяпер з імі, з усёй гісторыяй свайго народа праз неразрыўнае, праз жывое звяно, праз тысячагадовае Дрэва Вечнасці. Звязаны з самым першым паэтам гэтай зямлі, які, магчыма, таксама датыкаўся далонню да белай кары. Дождж паласаваў. І я ўвесь час уяўляў, што вось стаіць недзе ў глыбінях гэтых лясоў, у глухой пушчы, у чарнільным змроку, пад гэтым начным, глухім і вечным, як стагоддзі, жыватворным і безвыходным дажджом мой, наш дуб. Стаіць, адолеўшы маланкі, людскія сякеры і сам Час, і вось прыходзяць людзі і моляць яго, каб ён жыў дзеля іх, нявечных ягоных сыноў, каб вечнай была зямля мая, што нараджае волатаў. Стаіць. Па нешматлікіх галінах, па пацямнелай ад вільгаці белай кары сплываюць алавяныя струмені дажджу. А вакол ноч. Пасля яе прыйдзе раніца, але зараз над ім ноч.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10