1 2 3 4

Завеі

Хутка ногі мае пачалі правальвацца, i я зразумеў, што дарогі пад iмi ўжо няма. Іду па компасу i не ведаю, цi правільна іду. I, галоўнае, страшна, бо мясцовасць наша няроўная, яры адзін за адным па левы бок ад дарогі, а я не ведаю нават, на які бок я выбіўся, на левы цi на правы.Але iдy, сцяўшы зубы. Часам да плячэй снег, i я паўзу, паўзу, паўзу. Ат, чорт! На ўсякі выпадак прыкмеціў, што вецер мне дзьме спераду і трохі ў правую шчаку – мала што бывае. Налез на хмыз, а на гэтым хмызе дрыжаць пад ветрам пяток чырвоных ягад шыпшыны, як кроплі крыві, быццам нават голле крывавымі слязьмі плача пад такім ветрам. А я ж чалавек, мне цяжэй. Узяў я ягаду, салодкая, разлезлася у пальцах. Не высахла чамусьці. Дарогу я грунтова згубіў. Iду толькі па компасу. Думкі ў мяне пайшлі ўсё такія, што вось добра б у цёплую хату, добра гарэлкі шклянку выпіць. Да добрага такія думкі не даводзяць. Ледзь я другую шклянку паспеў да губ паднесці, як пачуў, што глеба ў мяне пад нагамi абарвалася i я кудысьці лячу. Доўга ляцеў i рэзнуўся ў такую гурбу, што зарыўся з галавою. Не ведаю, дзе верх, дзе ніз. Лезу кудысь i яшчэ глыбей правальваюся. Яр. Пачаў я патроху падмінаць пад сябе снег. Доўга падмінаў і нарэшце выбраўся на паверхню, нішто больш не лезе ў вочы. Чамадан у руцэ i ўверх, наколькі вока бачыць, гліністая цёмная сцяна. Што ж рабіць? Мацаю рукамі – так, трапіў у яр. Дзе ж яго пачатак, каб вылезці, бо калі пойдзеш у другі бок, то можаш пяць вёрст icцi i ўсё будзе яр. Пачаў думаць. Бачу, ля самых вачэй танюсенькія прамыіны, дзе вясной беглі струменьчыкі вады. І ўсе гэтыя прамыіны ідуць з правага верхняга боку ў левы ніжні. Думаў, думаў i вырашыў, што няйначай яны таму так ляжаць, што струмкі беглі ў тым напрамку, куды i яр ідзе, бо вада бегла ў повень менавіта туды. А ці так гэта – не ведаю. І папоўз я ў супрацьлеглы бок. Гадзіну поўз, напэўна, правальваючыся, вылязаючы, як дзікі звер. І чалавечага ў постаці маёй, напэўна, нічога ўжо не было. А выйсця ўсё няма. Я поўз, паклаўшы грудзі на чамадан, i ён так-сяк трымаў мяне.Але вось i сіл не стала. Я вырашыў адпачыць. Скурчыўся, сеў, і нечакана пачалі да мяне думкі розныя прыходзіць і мары. Вось я на санях пад’ехаў да брамы, развярнуў ix. Бацька выйшаў, каб распрэгчы, а я хутчэй у хату. Там з мяне ўсё сцягнулі, і я шклянку “акавітай” хапіў і на печку, а на прыпечку ўжо каўбаса на патэльні шыпець пачынае: “кр-х-л, кр-х-л-л”. І жонка да мяне быццам на печ узлезла, глядзіць на мяне светлымі, добрымі вачыма i кажа:– Вася, пацалуй мяне.І тут як стукнула мне:“Божа, гэта ж я замярзаю. Як замерзнуць тут, у пяці вёрстах ад жонкі?! Хто ж мне тады такое скажа?”І я, сцяўшы зубы, пачаў выбірацца. Не памятаю, колькі я лез, але нарэшце пабачыў верх гліністай сцяны, i хутка рукі мае напаткалі змаршчакаватую кару старой таполі. І зразумеў я, што iшoў па правым баку, бо там толькі адзін яр: якраз у пачатку яго старая таполя расце, не пушчае яр выбіцца на дарогу. Старая-старая таполя. Я яшчэ тут упершыню жонку пацалаваў. І да вёскі нашае адсюль кіламетр які.А завіруха раве, лютуе, плача – амаль нічога не бачна, ног cвaix не бачу. Лапнуў я ў кішэні – няма компаса. Я яго, напэўна, у яры згубіў. I, дурны такі, не жыцця мне стала шкода, а той пайкі махры, якую гэты мардаты Сідар замест мяне скурыў.Ледзь не заплакаў я, але прыпомніў напрамак ветру і на нагах, якія не гнуліся, пайшоў у тым кірунку, дзе павінна быць вёска.

1 2 3 4