1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22

Залаты бог

У старой былі дзівосныя вочы. Нават цяпер, запалыя, яны былі вялікія, нібы ў маладой… На палову аблічча. Мудрыя, усё разумеючыя і адначасова па-дзіцячаму разгубленыя і здзіўленыя, яны ззялі маладой, гарачай сінню… Можа, ад мора, на якое яна неадрыўна глядзела…– Дзень добры, сіняе мора,– сказала яна. – Вось я і ўбачыла цябе. – І, схіліўшыся ў зямным паклоне, дакранулася рукою да мокрай галькі.Шыпучая цёплая вада дакацілася да чорнай, пабітай зморшчынамі і вечнымі мазалямі рук і лізнула яе. І старая ўсміхнулася, такая цёплая і празрыстая была вада.Сагнулася яна таксама надзіва лёгка. Як нявеста, калі яе вымушаюць збіраць рассыпаныя сваццяй на падлозе голкі: ”Ці гнуткая ў стане?”Яна стаяла, гледзячы на мора. Стаяла без стомы, прамая, уся ў чорным, з шалем, які звісаў з яе галавы, як вялізныя чорныя крылы. Стаяла пасля снядання, пасля абеду. Часам нават пасля вячэры.Вусны яе няўлоўна ўсміхаліся, а мора шыпела і білася ля ног.Быў канец верасня. Стаяла ласкавая цеплыня без спёкі. На курорце было мала народу. Будынкі стаялі ў засені парадзелых акацый напаўпустыя, сумнаватыя.Начамі старая дрэнна спала. Патрэсквалі за акном сухія карычневыя струкі гледычый, уздыхала – недзе вельмі блізка – мора.А ўдзень яна зноў ішла ад свайго двухпавярховага будынка да мора. Астатнія домікі курорта былі аднапавярховыя, хаваліся ў зарасцях і нагадвалі ёй вёску. Вось толькі кактусы, што дацвіталі між іх, ды мясістыя калючыя агавы ўраз разбівалі ўражанне.“Альясы якія велічэзныя выраслі, – думала старая.– Вядома ж, не ў гаршку.” А потым яна выходзіла на бераг, бачыла ў левым баку доўгі гарбаты мыс, то зеленаваты, то ліловы, то жоўты, бачыла направа вялікую цёмную гару, усю з дзікага каменю, а пасярэдзіне – сіняе мора, нібы крышталь чысцейшай вады, устаўлены ў іржавы, грубы пярсцёнак скал.На дне ён, відаць, быў вельмі дакладна і нерухома падагнаны да аправы, гэты крышталь. Да самай маленькай трэшчынкі. А паверхняю ён гуляў, як той камень, што старая калісь бачыла ў пярсцёнку на руцэ ў настаўніцы: то ён табе як бэз, то як сліва, а то як ружовае сонейка.– Тэкля Данілаўна, – падыходзіла да старой сястра-гаспадыня, – вы зараз на гадзінку якую прыселі б у шэзлонг… Гарачыня пачынаецца.– Дзякуй, Ларысачка… Дзякуй, табе, донечка мая. Ларыса з самай хвіліны прыезду ўпадабала старую. Увесь час сачыла за ёй: каб не перагрэлася, каб ела, як трэба ў яе ўзросце, каб не стамлялася. Спрабавала адгаварыць ад экскурсіі, але старая была трывалая і неяк па-харошаму цікаўная добразычлівай і прыхільнай цікаўнасцю да свету, якой вызначаюцца тыя, хто мала пабачыў у жыцці, але шмат перажыў. – Не клапаціся, галубка, – казала яна Ларысе. – Нічога.І сядала на першую лаўку аўтобуса. “Каб шырэй бачыць”.– Не стамляйцеся, бабуля.– Як малая ты ў мяне, – аблічча старой аж свяцілася.

Яны смяяліся. А суседзі потым пыталі: – Колькі ж вам год, маці?– Семдзесят пяць, – адказвала яна.– Ого! – А што там “ого”! Жыць – жыла.

І, памаўчаўшы, дадала: – Не нажылася… І не нажывуся…На курорце было ўжо раскошна і пуставата. Зачыніліся на зіму амаль ўсе кіёскі. Толькі “віно”, “кактэйлі” ды “чабурэкі” яшчэ гандлявалі. Выконвалі план. Але мора дыхала па-ранейшаму цеплынёю, радасцю, шчасцем, летам. Толькі ў сініх ценях, што ляжалі на схілах вялікай гары, ды ў прыглушаных адценнях неба жыў, асенні ўжо, ласкавы сум.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22