1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22

Залаты бог

– Не трэба вам пра гэта.– Трэба… Баюся я… Мне зараз што? Мне зараз толькі б унукаў, а там і – мосцік. Не помніка мне трэба, не слоў іхніх, не т о й жанчыны. Мне б простую дзеўку, каб спакойнай была. Не чужую, не нядобрую… Мосцік…– Кінь, Тэкля, – упершыню на “ты” сказаў скульптар. – Іншыя яны людзі.Вяртаючыся назад, яны ўбачылі яшчэ асветленыя вокны пакоя скульптара. Значыцца, госці не разышліся. А паварочваючы за рог дома, якраз туды, дзе сцежка бегла між сініх кактусаў і блакітных агаў, дзе мяшалася з ценямі месячнае сяйва, пачулі – зусім блізка – два галасы.…Дарэмна цямнелі ад слоў маці яго вочы. Словы не дапамаглі. Словы, магчыма, нават штурхнулі.– Чаго ж ты не пайшла са мною тады? – спытаў ён.І голас Агаты адказаў:– Я не магла…Скульптар і маці застылі без змогі пайсці. Яны – адначасова – зразумелі, што выявіць сябе – позна. І таму яны адступалі, міжвольна падслухоўваючы, адступалі павольна-павольна, больш за ўсё баючыся, як бы не наступіць на галінку, на хрусткі панцыр мідзіі, на струк гледычыі.– Я не магла… Але я кахала цябе.– Няпраўда. Ёсць такія жанчыны… ці не задужа інтэлігентныя. – Сын гаварыў спакойным тонам, але з нейкім слабым клёкатам у глотцы. – Яны лічаць, што жыццё прапала, калі не было ў ім мужчыны-хлопчыка, бязмерна закаханага, пяшчотнага, здатнага на смерць за яе… Выходзяць замуж яны, канечне, не за такіх. Для гэтага ў іх душах… не, не табліца лагарыфмаў… звычайная лічыльная машына.– Валерый…– Ты слухай. Досыць ужо я слухаў цябе… Але над японскім сервізам плакаць не будзеш. Вось яны і шукаюць, як бы танней абярнуцца… Каб потым, у старасці, прыемна паплакаць над шкатулкай з лістамі: “Было, да жыццё не звяло”.Ціха, літаральна дзюйм за дзюймам, яны адсоўваліся ад блакітных зараснікаў, а сын усё казаў, і гнеў, які гучаў у яго голасе, не мог падмануць маці. – А ім начхаць на… Яны не яго любяць, а любяць свой сум, сваю гэтую гульню. “Ах, як мяне кахалі!.. Якое яно было!..”– Яно сапраўды было, – непарушальна-спакойным тонам сказала яна.– Было? Яны, такія, чулі, што чалавеку патрэбна мець і вялікае няшчаснае каханне. Яны здатныя на яго, але набываюць на ўсякі выпадак і такое… Для калекцыі. І тут яна засмяялася. У маці пахаладзела ў грудзях. Яна магла сабе дазволіць смяяцца. Значыць, была ўпэўнена.– Пагавары, любы, – сказала яна. – Пагавары. Я ж разумею цябе.– Нічога ты не разумееш. Не разумееш, што такое “ў калекцыі” не варта і гразі, калі не кахаеш сам, калі сам не аддаў усяго. У голасе яго гучала нешта гаротнае, безнадзейнае і страшнае. Ён казаў страшныя рэчы, але маці ведала: дарэмна.– Дарэмна, – сказала Агата. – Ты ж ведаеш: табе лепей за ўсё са мною.– І што?– А мне – з табою, – проста сказала яна. – Ёсць ноч і дзень. І словы дня не прыдатныя для ночы. Памятаеш, як я “хавалася” за табою… Вось так… Кажы не кажы, а гэта было. І ты казаў, што валасы мае пахнуць дурманам, і падбіраў гэта слова на ўсіх мовах: “дурнап’ян”, “лема”…– Ах, як кранаюча, – сказаў ён. – Толькі досыць. Я табе не хлопчык. Даволі.Маці адыходзіла далей і далей, але і галасы, відаць, мацнелі.“Не, – думала яна. – Не… не досыць табе, сыне… Не”.– Ты ведаеш, – гаварыла Агата, – ты нікуды не пойдзеш. Мой, кажу я, і гэта значыць, мой… А я – твая… Бо мне хочацца плакаць, і калі ты мяне цалуеш… І з табою адзіным хочацца быць пакорлівай. Маўчанне. Потым яе голас:– Даруй… Я ж была з табою… І заўсёды буду… Як ты хочаш – так і будзе.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22