1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22

Залаты бог

І, нечакана голасна, сказала:– Ануча.– Што? – спытаў скульптар.– Нічога.А сама думала:“Панаваць, пэўна, толькі над харошымі ды добрымі і можна. А тут… Ды што ты, не бачыш, хто побач?.. Ды яна цябе ў кожнай бядзе кіне”.…Пасля абеду ўсе, хто жадаў, паехалі на чаўнах у Львіны грот. Маці не села з Валерыем. Яе ўзяліся апекаваць калегі сына. Іх было якраз на човен, і таму скульптар таксама аддзяліўся ад яе.Яна амаль узрадавалася, калі Ларыса прывяла на бераг Яраполка.– Ярынька, – сказала маці. – Хадзі сюды, дзетухна.Светлавалосы падлетак, сінявокае, танюткае, даўганогае жарабя, глядзеў на маці, як верабей з кулака, са смешнай непрымірымай непрыязнасцю.– Не, – сказаў ён.Добры ягоны рот быў сціснуты як мага больш жорстка, а ля яго дрыжалі – зусім як у Ларысы – ямачкі.– Ярка, – сказала сястра амаль гнеўна. – Ты што гэта?!– Нічога, – сказаў Яраполк. – Што ты мяне?.. Я да… Петры Мадэставіча.Ларыса вінавата зірнула на маці і паціснула плячыма. Калі Ярка адышоў, яна сказала ёй ціха:– Вы прабачце ўжо. Узрост пераходны. Так цяжка з ім.Маці нічога не магла сказаць.Падлетак уладкаваўся ля ног скульптара і глядзеў яму ў вочы з адданай, трохі вінаватай усмешкай дзіцяці, якое не помніць бацькі і сумуе па ім.А скульптар – нават здалёк было відаць – стаў раптам такі бессаромна шчаслівы, так заўсміхаўся, што маці стала зайздросна… Ён расказваў нешта хлопцу, і той глядзеў на таўстуна ўлюбёна, і весела, і кранаюча.Маці адвяла позірк і ўбачыла сына. Валерый стаяў у чаўне і глядзеў на гэтую сцэну пацямнелымі вачыма, на дне якіх стала асеў сум.– Сядай, – сказала яму Агата. – Хіба хто стаіць у чаўне?

Ён стаяў і глядзеў.– Сядай.– А як апазналі шкілет Яраслава? – спытаў хлопчык.– Сядзь ты, калі ласка, – сказала Агата.– “Яраслаў бысць хром”, – як даросламу, тлумачыў скульптар. – І яшчэ у яго на чэрапе быў след ад удару мячом. Астатнія ў ягоным саркафагу былі маладыя… Відаць, зладзеі. Залезлі, а тут трывога. А можа, і проста крышка ўпала. Яна ж больш тоны важыць.– Не засці ты мне, – сказала Агата.– Адкасніся, – сказаў сын.Яны адплылі ад берага. Скульптар усё яшчэ расказваў. А Валерый моўчкі і засяроджана веславаў, не звяртаючы больш аніякай увагі на астатніх.– Дарваўся да дзіцяці, – сказала Агата.– А што табе? – сказаў сын. – Ты што, не любіш іх?– Не ведаю. Не было. Дый палкага такога жадання няма, прызнаюся.– Дзеці – харошы народ, – сказаў сын.– Сумуеш? Пройдзе. Гэта ўзрост такі.– Яны – харошы народ.Човен аддаляўся, і маці ўжо нічога не чула.…Гадзінай пазней маці сядзела ў бухце, у лёгкім цяні скалы, а побач з ёю звісала з гары тонкая ніць вадаспада. Людзі паразыходзіліся. Чаўны спалі каля берага, як вялізныя снулыя рыбы. Непадалёку ад маці сядзела на беразе Агата, ды Валерый як апантаны хадзіў берагам, углядаючыся сабе пад ногі. У яго пачыналася “каменьчыкавая хвароба”.Вышэй, на выступе скалы, завіхаліся скульптар і Ярык. Таўстун падцягваў да ўрвішча вялізны камень: ладзіўся, відаць, скінуць яго са стромы на камні.– Што там ў вас? – крыкнуў Валерый.– Агатавую бомбу выбіваем, – змрочна адказаў таўстун.– Вялікая?– З два кулакі.Маці слухала спеў вады і глядзела з уступу проста ў глыбіню. Глыбіня была ўся чысцюткая, блакітна-зялёная, празрыстая, як неба. У глыбіні плавалі ліловыя і белыя медузы. Белых было многа. А яшчэ глыбей, у расколінах падводных скал, раслі сінія дзівосныя кашлатыя сады. Зрэдку іх галіны варушыліся. Гэта праплывала рыбка.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22