1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22

Залаты бог

Потым ён ні на каго ўжо не звяртаў увагі. Двума-трыма глыбокімі ўздыхамі ён расправіў лёгкія і з напругаю ўзняў брылу, над якой за некалькі хвілін да таго дарэмна завіхаўся таўстун.– Падтрымай, – сказаў ён Петры, – падтрымай, каб уздыхнуць. Як міргну – пускай.Малінавы ад напругі, скульптар падтрымаў. Ноздры Валерыя раздзьмуліся. У наступны момант ён разам з каменем зрабіў крок з уступа, увайшоў у ваду амаль без пырскаў і пачаў паглыбляцца, цьмянець, рабіцца з блакітнага сінім так хутка, што маці спалохалася. Вада была такая празрыстая!Ля самага дна ён закруціў галавою. Яму, відаць, пакутліва не хапала паветра. Але брылы не выпусціў. А потым з дна ўзнялася каламуць: ён моцна адштурхнуўся нагамі.

Маці бачыла, як ён усё хутчэй круціць галавою. Хутчэй і хутчэй.Боўтнула нешта ў вадзе. Гэта скульптар кінуўся на дапамогу і там, пад вадою, падхапіў штосьці і штурхнуў цела Валерыя ўгору.… Яны ляжалі на водмелі, як два трупы. Сын – ніцма, і плечы ў яго ўздрыгвалі зрэдку. Толькі па гэтым і можна было здагадацца, што ён жывы.А Яраполк ляжаў на спіне і не падаваў ніякіх прыкмет жыцця. Яму рабілі штучнае дыханне – нічога не змянілася. Ляжаў бледны, мокрыя валасы пацямнелі, веі апушчаны.Урэшце ўсе адступіліся і стаялі вакол разгублена і непаразумела.…Сын са стогнам узняўся на руках, хапануў паветра.– Качайце, качайце!!! – сказаў ён.Людзі маўчалі.– Ён мёртвы, – сказала АгатаІ тут у сына папаўзлі па абліччы чырвоныя плямы. Маці ніколі яшчэ не бачыла яго ў такім гневе, бяссільным, але жахлівым, вышэй за ўсё.– Мёртвы… Ты гэта сястры скажы… Мёртвы… Адступіліся лёгка…Ён, хістаючыся, зрабіў некалькі крокаў.– Адыдзіце.І, узяўшыся за шчыкаладкі тоненькіх і доўгіх, як у жарабяці, ног, падняў вузкае абвіслае цела ў паветра. Яго матляла, але ён трос, трос, трос. Бялявыя валасы Яраполка то дакраналіся да галькі, то адрываліся ад яе.– Ды што ж гэта? – крыкнуў нехта. – Кіньце гэты здзек!– Рукі прэч… пэцкаль, – рыкнуў сын.Струменьчык крыві папоўз з краёчка ягонага рота. На падбароддзе, на грудзі. Цельца ў ягоных руках усё яшчэ было нерухомае, але ён трос, трос – ужо не ад надзеі, а толькі ад адчаю. І маці разумела яго. Яму было трэба. Яму абавязкова трэба было.…Разам з патокам вады, які лінуў з рота хлопчыка, вырваўся пакутлівы, жаласны стогн… Яшчэ… Яшчэ…І, калі ўсё скончылася, Валерый, хістаючыся, адышоў і сеў на гальку. Яго калаціла. Ён браў прыгаршчамі ваду, змываючы з грудзей кроў. Усе глядзелі на яго.І раптам ён заплакаў. Заплакаў не ад палёгкі, а нібы ад бязмернай, безвыходнай правіны і невычэрпнай крыўды, якой не скупіць ніхто… Нічым…За ўсе ягоныя трыццаць год маці ўпершыню бачыла, як ён лаецца, як гневаецца і як плача. І яшчэ яна ўпершыню зразумела, на якія ўчынкі ён можа быць здатны. Таму, калі Ларыса на прычале кінулася да брата, маці не стала глядзець, як яна цалуе яго.Яна глядзела, як Валерый адышоў, як прыклаў да рота хустку, паплямаваную бурым. І яна здзівілася: упершыню за ўсе гэтыя дні ранейшы чалавечы выраз з’явіўся ў ягоных вачах. …Нічога не змянілася.Як і раней, былі ў гэты вечар танцы. Як раней, уздыхала пад поўным месяцам мора. І маці, як раней, бачыла, як танцавалі два чалавекі. Бачыла шэрыя халаднаватыя вочы дзяўчыны, яе аблічча, бясстраснае і прывабнае ў промнях зеленавата-блакітнага святла.“Царыца”, – зноў падумала маці.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22