1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22

Залаты бог

– Ты лічыш, што ў адносінах да гэтай адной патрэбен быў кій?– Не… абыякавасць.– Ты надзіва рыцарственны.– Не. У мяне не хапае для гэтага шчырай адкрытасці. Маё насланнё робіцца ўсё больш моцным. Мне часам немагчыма дыхаць, такое яно.– Гэта табе і шкодзіла.Ён кінуў каменьчык у ваду. Мускулы ля ягонага рота закамянелі.– Петра Мадэставіч меў рацыю. Нашто мне ідал? Мне патрэбна падзвіжніца. А тут за ўсе маленні я атрымаў адзін толькі боль. Насланнё мацнее… Але мне сумна. Сёння на танцах мяне працяў такі несамавіты адчай, што мне стала страшна. Я зразумеў: нішто не вечнае ў чалавеку. І тое, што са мной нібы трапеча на апошнім дыханні… Розум не можа вечна быць рабом пачуцця… нават самага вялікага ў жыцці. Дарэмна я маліў аб здароўі і сіле і свабодзе. Хлопец сказаў гэта з такой шчырасцю, што бровы жанчыны здрыгануліся. Яна пасунулася бліжэй і, паклаўшы галаву на ягоныя калені, абхапіла яго за шыю гнуткімі і пяшчотнымі рукамі.– Прабач, родны, – сказала яна. Далоні, якія ён падсунуў пад яе плечы, злёгку дрыжалі.– І мне лёгка і страшна, – сказаў ён.Адвечная прывычка ўладарыць выявілася і тут. Гонар патрабаваў, нясцерпна было бачыць, як паўстае самы адданы і верны, як ён патрабуе, – і жанчына, не стрымаўшыся, сказала:– Нашто ты патрабаваў так да канца? Я ж не казала табе, што заўсёды буду толькі тваёй. Нашто ты патрабаваў так многа?– Нашто я жыву? Нашто дванаццаць год я забіваў сябе на рабоце, дабіваўся славы? І нашто ты патрабавала так мала? Чаму цяпер хочаш большага?– Я кахаю цябе, – сказала яна.Але мужчыну, здаецца, уразіла нейкая думка. Вялікія яго вочы пашырыліся. Ён уздыхнуў і адчужана выпраміўся.Тонкі стан і шырокія плечы. Знізу яны здаваліся ёй трохвугольнікам, пастаўленым на востры кут. Скура пад месяцам адлівала золатам і блакітам. Раўнамерна ўздрыгвала скура пад левым саском, і гэта было адзінай адзнакай хвалявання, якое па-ранейшаму перапаўняла яго.– Цяпер ты хочаш быць толькі са мною. Чаму?– Чалавек мяняецца, – шапнула яна. – Праз год, месяц, дзень – ён другі. Я кахаю толькі цябе.– Так мала? Я ведаю, штo табе было да ўсяго, што я адчуваў. Ты лічыла – перад табою сусвет… І вось цяпер у табе прайшло многа, засталося мала… І ты шукаеш мяне. Цяпер я патрэбны табе.Яна цягнула рукі вышэй і вышэй. Ніжэй і ніжэй схілялася да яе вуснаў галава хлопца. Аж пакуль ён са стогнам не адвярнуўся.– Мой гонар паранены, – глуха сказаў ён.– Позна ж ты успомніў пра гэта.– І я ў сутаргах кідаюся ля цябе. У апошніх, бо не хачу згадзіцца, што каханне памерла. Яно ў кожнага адно.– Позна, – усміхнулася яна. – Ты быў мой. І ніхто не адбярэ ў тваёй памяці ўсяго, што было. Не адбярэ ні шчасця, ні гэтых… прыніжэнняў… – І пасля паўзы дадала:– Так што маўчы. Пацалуй мяне.Прагна, як да струменьчыка вады, што падаў у распаленую, чырвоную ад сонца бухту, яна прыпала да яго вуснаў. Нібы вакол была смяротная спёка і адзін гэты струмень нёс у сабе жыццё.– Так будзе заўсёды, – сказала яна.Ён гладзіў яе валасы.– Заўсёды, – паўтарыла яна.– Заўсёды? – спытаў ён.– Але.– Ты пойдзеш са мной паўсюль?– Магчыма.Яна цяпер ведала: нішто не прайшло, няма чаго баяцца. Таму што гэты залаты бог усё яшчэ належаў ёй і толькі ёй. Яна бачыла гэта па сухому, ліхаманкаваму бляску бязмежна адданых вялікіх вачэй.– Я буду з табою, як толькі ты працягнеш руку.

Гэта была памылка. Яна адразу зразумела гэта.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22