1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22

Залаты бог

– Я стаміўся трапятаць над урвішчам, – сказаў ён.– Калі стаміўся?– Сёння. Калі трымаў на руках хлопчыка… Магчыма, раней. Калі ён за здраду пайшоў да таўстуна… А потым ён усміхнуўся мне. За што? За такую драбніцу? Плаціў дабром. Тое, чаго ніколі не рабіла ты.– Кветкі жыцця, – ужо гневаючыся, сказала яна.– Мне не да жартаў, – сказаў ён. – Я напалову загубіў жыццё. Для чаго? Для таго, за што мне ніхто не скажа “дзякуй”. Загубіць і другую палову?– Табе з кім-небудзь будзе лепей, чым са мной?– Не, – сказаў ён.– Дык вось, – сказала яна, сядаючы. – У гэтым уся розніца. Я для цябе ўсё. І я адчуваю гэта. І спускаюся да цябе, бо ты самы гожы, разумны, добры чалавек на свеце… Бо мне хораша з табою. Мне хораша, і я з табою, ледзь ты працягнеш руку. Але для мяне, як для кошкі, галоўнае не дом, а сад… – Або суседні дом, – з’едліва сказаў ён. – Ты хочаш затрымаць мяне на ўсё жыццё, нічым не рызыкуючы, нічога не аддаўшы. Так не бывае.Ён мякка адвёў са сваёй шыі яе рукі. – Табе засталося менш – і ты шукаеш мяне. Табе засталося менш, а ты хочаш панаваць над маім пачуццём, жыццём, шчасцем. Нібы я джын. Патры лямпу – і адразу з’явіцца. А да гэтага смірна чакае недзе ў бутэльцы.

Устаў на ногі, заліты сяйвам месяца. Сеў далей. – Так не атрымаецца. Роўнасць, калі хочаш.– А памяць?І тут Валерый ціха засмяяўся.– Калі застанецца зусім мала – ты не будзеш плакаць над маімі лістамі з думкаю, што ўсё залежала толькі ад цябе… Ты будзеш смяротна, запознена тужыць.Ён амаль трыумфаваў, нібы зразумеў нешта.А пасля ён сказаў:– Тужыць, што вось была ты маладой і чыстай і быў я. І ты магла мець мяне з усімі думамі, хвілінамі слабасці і гадамі сілы, з вачыма, валасамі, рукамі, з абдымкамі і стомай… усяго, да апошняй клетачкі. Усё магло стаць тваім. Цэлы свет… Магло.Яна глядзела на яго пільна і неспакойна.– Яно будзе маім, – сказала яна.– Пэўна, будзе, – сказаў ён. – Але папярэджваю, гульні не будзе.Ён раптам страпянуўся.– Куды ты глядзіш? – спытала яна.– Чакай.На ўступе недалёкай нізкай скалы з’явіліся дзве постаці: дзявочая і хлапечая. Абедзве вузкія, тоненькія, блакітныя ў праменнях месяца.– Сядзі тут, – прагучаў здалёк голас Ларысы.– І не падумаю. Буду ратаваць цябе, – сказаў хлопчык.– Ты ў мяне ўжо мужчына.– Ты рада, што я твой брат?– Рада.– І таму ты такая вясёлая? Толькі таму?– Толькі таму, – сказала яна. – Мне, відаць, трэба навучыць цябе вельмі добра плаваць і ныраць.– Чаму?– Калі-небудзь ты нырнеш і дастанеш для мяне з самага дна скіфскую карону.– Фу, лухта якая, – уздыхнуў ён.– То не дастанеш?– Дастану, – уздыхнуў ён. – Дастану, калі яна ёсць.Дзяўчына выпрамілася на скале, выгнула плечы трохі назад і працягнула да месяца тонкія, кранаюча тонкія, амаль яшчэ дзіцячыя рукі.– Месяц які, – сказала яна. – Мора. Бачыш, карона на дне?– Гэта адбітак, – сказаў Яраполк.– Не, карона.Залітая сяйвам, Ларыса стаяла, ускінуўшы рукі.– Я цябе вельмі люблю, – сарамяжліва сказаў падлетак. – Нават калі ты замуж выйдзеш, я цябе буду любіць.– Дурненькі, – сказала яна.Блакітныя, тоненькія, яны стаялі на ўступе над уздыхаючым морам. Дзяўчына з дзіцём. Нібы маленькая рахманая ланка з аляняткам.– І я цябе люблю,– сказала яна. – Я такая шчаслівая, што ты ёсць у мяне.І, схіліўшыся над ім, пацёрлася шчакою аб яго валасы. Нібы ланка правяла мордачкай па кучараваму лобіку аляняці.– На табе карону, – сказаў хлопчык і нырнуў.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22