1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22

Залаты бог

Яна гадзінамі стаяла на беразе. І глядзела. І не магла наглядзеццаУ адзін з такіх дзён побач з ёю села маладая жанчына. Купальнік шчыльна абцягваў яе кволыя і пяшчотныя плечы, танюткую – пальцамі ахопіш – талію, моцныя і гнуткія клубы. На купальніку, якраз на высокіх маладых грудзях, дыхаў, плыў кудысь караблік пад блакітнымі ветразямі.Жанчына закінула за спіну рукі, абаперлася імі, закінула назад галаву і апусціла зацістыя ногі ў ласкавую ваду. І вада, празрыстая, блакітна-зялёная, набягала на гэтыя ногі, рабіла іх бліскучымі, залатымі, усмоктвалася ў гальку і зноў наступала.Аблічча было бясстраснае, з велікаватым ротам, роўным носам, вельмі доўгімі веямі. Нічога на ім не было, акрамя млявай насалоды ад цеплыні і салёных павеваў ветрыка.Старая акінула яе позіркам і зноў стала глядзець удалячынь. Жанчына ёй не спадабалася. Было ў гэтай дзіўнай стаці нешта нядобрае, халаднаватае, занадта ўпэўненае ў сабе. “Царыца, – падумала старая, – Толькі царам тваім цяжкавата”. Гэтая зусім дзіўная, цалкам падсвядомая і інстынктыўная непрыхільнасць была такой раптоўнай, што старая нават трохі разгубілася. Нібы яны сустракаліся недзе ў другім жыцці і там гэта жанчына нанесла ёй нейкі вялікі боль, самы горшы, за які нельга дараваць. Яна зноў агледзела жанчыну і прызналася сабе, што побач з ёй сядзіць дзіва. Трэба было быць справядлівай: за такою мужчыны ідуць, куды яна хоча. І не тое, каб яна была прыгожая, а так… Кожны з іх адчувае, самым запаветным, што вось яно, тое, што даводзіць да забыцця самога сябе. Прыйдзі, працягні рукі – і нічога ўжо больш не трэба. Старая заплюшчыла вочы, села пад тэнт і сядзела так, нерухома. – Вам, бабулечка, не трэба было сюды ехаць, – пачула яна занадта мілагучны голас. – Спёка. – Чаму гэта?Яна ўбачыла шэрыя, халаднаватыя вочы суседкі, якія зараз былі… не, даволі добра ўдавалі прыхільную зацікаўленасць.– Позна гэта вам, – адказала жанчына, – поўдзень.Старая пакрыўдзілася:– Лёгка ты гэта гаворыш, “позна”. Я, любая, два гады толькі як рабіць скончыла, хай табе вядома будзе.І дадала:– Я ўсё жыццё марыла пра мора. Так што…– Што, дзяцей няма? – шэрыя вочы глядзелі прыхільна і халаднавата. – Дапамагчы не было каму, што работалі?– У мяне, любая, сын. Лепшы на свеце.Іскрынку смеху ў вачах суседкі не заўважыў бы ніхто, акрамя яе.– І грошай у мяне цяпер, магчыма, больш, чым у цябе.Абрэзала:– Ты, мабыць, гэтага не разумееш. Але зямля… зямлю кідаць нельга.На гэтым размова скончылася. Старая пасля таго не завяла сабе знаёмых. Суседка не віталася з ёю, страціла цікавасць. Адна Ларыса ўвесь час займалася старой.“Сакоча сабе і сакоча, – з пяшчотай думала старая. – Такая цацарачка, лялечка ты мая, дай табе бог шчасця, ды мужа добрага, ды дзетак”.…Народу было мала. Нейкія ваенныя, што з дня ў дзень вудзілі – і не вывуджвалі – рыбу, некалькі пісьменнікаў, дзяўчаты, якім да старой не было справы.Пасябраваў з ёю толькі паджылы таўстун, Петра Мадэставіч, сівы, з дабрадушнай, да вушэй, дзіцячай усмешкай. У яго былі спадзістыя плечы, тлустыя грудзі, што зараслі сівым воласам, і вялізны круглы жывот. Плаваў ён, як плавок, гадзінамі, а калі ставаў па грудзі ў вадзе і скрыжоўваў караценькія лапкі, то вельмі нагадваў “дзядулю вадзяніка” з карціны Білібіна.Спецыяльнасць у Петры Мадэставіча была рэдкая – скульптар. І не проста скульптар, а такі скульптар, які аднаўляе партрэты даўно памерлых людзей па іхняму чэрапу. Здавалася б , пры такім частым сутыкненні са стагоддзямі быць яму змрочным і разважаць аб тленнасці жывога, а ён быў рухавы, вясёлы, крыклівы, як канюка, і цікаўны да ўсяго.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22