1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22

Залаты бог

Дзяўчына войкнула, але блакітны сілуэт плыў пад вадою да залатога дрыготкага кола. І тады яна, выгнуўшыся, кінулася за ім. Яны плылі, а вакол фасфарасцыравала мора.Яны вынырнулі недзе далёка, якраз на залатым шляху, і засмяяліся, а потым паплылі далей і зніклі з вачэй.З незвычайнай, вострай і пакорлівай пяшчотай Агата абняла шыю мужчыны.– Яно будзе маім, – паўтарыла яна.Ён маўчаў. Ён жменямі, са свістам, кідаў каменьчыкі ў ваду. Нібі сеяў.…Сонца ўстала ў той дзень ласкава-мяккае. І спёка была таксама прыемная і мяккая. Мора прамянілася аж да дна, празрыстае, такое сіняе, што балюча і шчасна было глядзець на яго.Валерый зайшоў у будку лодачніка, узяў там вёслы і, выйшаўшы да маці, пакрочыў з ёю да шлюпак. Адна са змен паехала, новай ужо не магло быць, і таму на пляжы было пуставата. У маці амаль усю ноч балела галава, але раніцай неяк ухадзілася, і цяпер, як след болю, свет здаваўся трохі незразумелым і кранаюча добрым.– Куды гэта вы? – спытаў Петра Мадэставіч, які, мокры яшчэ, ляжаў на гальцы і курыў.– Ды вось, – сказала маці, – хоча мяне пакатаць.– Даўно час, – сказаў скульптар. – Даўно… Ну як?– Добра, Мадэставіч. – І сумна трохі?– І сумна, – пакорліва сказала яна.– Наша справа такая, – сказаў ён. – Нічога.– Нічога.– То да вечара, – сказаў скульптар. – Пойдзеш у кіно?– Да вечара, – сказала яна. – Да вечара, даражэнькі мой.“Прымірылася”, – падумаў Петра Мадэставіч, сумнавата, са спагадай пазіраючы, як яны ішлі да чаўноў.Ён ішоў, магутны, загарэлы, горды ў паставе, такі гожы, што дзяўчаты азіраліся на яго. А побач ішла яна, прамая яшчэ, але нібы падсохлая, уся ў чорным. Ён пасадзіў яе на карму, сам раскрыў парасон.– Ларысачка, – сказала раптам маці.Ён ускінуў веі. Далёка ішла пляжам постаць. І Валерый здзівіўся, чаму маці ўбачыла раней яе, а не Агату, якая была ўжо амаль ля чоўна.– Добры дзень, – сказала Агата, сядаючы на самай мяжы пены і галькі. – Куды гэта вы?– У скалы, – сказаў сын і дадаў: – Да вечара вернемся.– То добра, – сказала яна і раптам устала, пайшла ў ваду.Яна была ўся ў пене і сонцы. І яна была халаднаватая, як пена. А на яе высокіх грудзях плыў паруснік пад блакітнымі ветразямі.Паплыла.– Дзень добры, – сказаў голас Ларысы.Сястра-гаспадыня стаяла ля чоўна просценькая, у сваім звычайным белым халаце.– Не баіцеся? – спытала яна ў маці.– З ім? – усміхнулася Тэкля.Нібы нічога не было, такая мяккая добразычлівасць ззяла ў вачах Ларысы. Ды яно й сапраўды нічога не было. Усё было лухтою ў параўнанні з учарашнім.– Яшчэ раз дзякуй вам, Валерый Максімавіч, – сказала сястра. – Не ведаю, што было б, каб не вы. – Не трэба, – сказаў ён. – Я жыў трыццаць год. Гэта першае сапраўды вартае, што я зрабіў.– Не ведаю, што было б, – паўтарыла яна. Ён сумна ўсміхнуўся. І гэта была ранейшая, чалавечая ўсмешка.– Я ведаю, што н е б ы л о б, – сказаў ён. – Чаго?– Кароны. Скіфскай кароны на дне.– О-ох… Вы?..– Лухта, – сказаў ён. – Гэта вам дзякуй.Вочы дзяўчыны, нібы яна ўсё разумела, змяніліся, засвяціліся нейкай няўпэўненай, трохі шкадоблівай пяшчотай..– Бывайце, – сказала яна маці. – Да вечара.Сын моцным рыўком адштурхнуў човен, уладкаваўся з вёсламі. Шлюпка павольна адыходзіла ад берага.– Ё-луп, – сказала маці.Яны былі ўжо далёка. Мора іскрылася, але ў яго прыгашаных адценнях быў нейкі сум. А можа, гэта маці толькі здавалася. На беразе гучала музыка, усё тая самая, страсная, поўная чакання, на якой павар’яцелі ўсе, хто адпачываў тут.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22