1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22

Залаты бог

Музыка, напэўна, абяцала ім нешта перад наступленнем доўгай паўночнай зімы.Постаць Ларысы на беразе стала ўжо зусім маленькай. Меншай за суглоб мезенца. Дзяўчына нясмела прыўзняла руку і павольна махнула кісцю ў бок маці. Раз ці два. А голас скардзіўся, амаль рыдаў у сваёй страсці, пяшчоце, чаканні…До завтра… І, что бы с нами ни случилось,Я расстаюсь с тобой, как с солнцем,Как с солнцем…До за-а-а-а-автра!!!Постаць стала зусім маленькай. Але, як апошняе прывітанне, ляцеў наўздагон чоўну голас.Знікла постаць. Знік бераг за адрогам вялікай гары. Адрог спускаўся ў мора, нібы піў яго.Твар маці быў заценены парасонам, але вакол усё чырванела, ззяла, звінела апошнімі цыкадамі і шаптала ўсплёскамі хваль аб скалы.І дзіўна, маленькімі частымі плямамі барвавеў на недасяжных сініх скалах сумак. “Нібы крывёй пацеюць, – падумала маці. – А што, гэта ж цяжка, каменна-цяжка – быць скалой… Нежывая… Бясплодная… Вось і плача крывавымі слязьмі”.Мяняліся бухты, мяняліся скалы. А яна сядзела, склаўшы на каленях зведзеныя працай рукі, і амаль малітоўна глядзела на берагі.Аблічча сына хісталася перад ёю, залацістае, сінявокае, цвёрдае. Не, гэта не быў толькі яе, матчын, гонар. Хлопец быў сапраўды самым прыгожым з тых, каго ёй даводзілася бачыць. – Ты што глядзіш? – спытаў ён.– Цябе павінны яшчэ многа кахаць, – сказала яна. – Але ўсе будуць любіць цябе не за тое, што я… Не за тое, што я… Не за тое, што ты – гэта ты. Так цябе палюбіць яшчэ толькі адна. Не за твае гэтыя… прэміі. Проста за дабрыню, за радасць быць разам… Але і яна будзе – лепей, але не тое… Я ж цябе люблю яшчэ і таму, што ў тры гады ледзь не памёр, што ў сем уначы пайшоў на могілкі… За многае.Ён спыніў шлюпку ў невялікай лазурна-сіняй і празрыстай бухце. Уся прасвечаная да дна, чыстая, як сіні алмаз, яна спакойна грэлася між скал, а пасярэдзіне яе строма абрывалася з усіх бакоў у ваду скала, падобная на ветразь. – Прыгожа, – сказаў сын.– Але, – сказала яна. – Ты памятаеш, як пахне хлебная дзяжа?– Нашто спытала?У чысцейшай вады сінім прадонні, як кветкі, варушыліся бэзавыя і белыя медузы. Як дзівосныя вялізныя кветкі. Яны грэліся на сонцы. І маці раптам амаль фізічна, як зімою ля агню, адчула, як цячэ па яе жылах пахучая, сухая, добрая спёка. Яна поўніла ўсё: рукі, плечы, калені.– Ты не забывай, – сказала яна, – ні хаты, ні дзяжы, аніводнага слова. Іначай цябе стопчуць…– Чаму ты раптам?– Хачу, каб ты быў шчаслівы, вольны, здаровы. Усім бы заплаціла за гэта. Усім.– Лухта, – ніякава сказаў ён.– Канечне. Нічога не зробіш. Толькі мей вочы, будзь добры, не крыўдзі сапраўдных, не вер горшым.Ён апусціў галаву.– Я… буду добрым, мама.Над морам, заліваючы бухту і яго залацістыя плечы, ззяла сонца. Ззяла, як вечнае свята жыцця.…На беразе ён назбіраў шмат бела-ружовых халцэдонаў і дымных агатаў, высыпаў усё гэта ў прыпол маці і зноў адштурхнуў човен ад берага.– Так лепей? – спытаў ён.– Канечне. Блакіт вакол… Дзякуй табе за сіняе мора.У прадонні, як кветкі, грэліся пад сонцам медузы. А пад імі варушыліся сінія сады. – Буду, – паўтарыў ён.І ўстаў, раздзьмуўшы шырокія грудзі. Глядзеў на“ветразь” з дзіўнай, нібы вызваленай, усмешкай.– Я зараз скокну адтуль. Я не разаб’юся. – Я ведаю, – спакойна сказала яна.Ён хітнуў човен, апісаў вялізную дугу ў сярэдзіне сіняга крышталю, між медуз. Ён плыў, але маці здавалася – ён ляцеў у вольным палёце над сінімі нетрамі падводных садоў. Узмыў, з’явіўшыся на паверхні, паплыў да “ветразя” рухавы і моцны, як малады дэльфін. Ухапіўся за наздраватую паверхню падножжа ўцёса.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22