1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22

Залаты бог

“Ветразь” стаяў над ім, як волат. Але чалавек упарта і спрытна палез па ягоных непрыступных баках. Вось адолеў калені, стан, вось ужо на ўзроўні грудзей.Часам ён нібы прыліпаў да скалы, імкнучыся зліцца з ёю, часам адрываў ад яе тулава.Ад спёкі расцвілі пад вадою кветкі медузы. Ціха шоргала аб бераг мора. А можа, гэта каменьчыкі сыпаліся з каленяў?І яна адчувала, што вісіць нібы над сіняй безданню. Празрыстай да самага дна, як сіні алмаз.– Ма-ма-а-а!!!Яна ўзняла цяжкія павекі. Ён стаяў на верхавіне ўцёса, раскінуўшы рукі.Ускінутая галава, шырокія грудзі, гожая лінія жывата, дасканалыя ногі з гладкай скурай.На верхавіне ўзнесенага ў неба ўцёса – і сам у небе – стаяў, раскрыліўшы рукі, залаты бог.“Не, – падумала маці, – не. Гэты не прападзе. На хвіліну задурманены, раскуты пасля гэтага непатрэбнага пустэльніцтва… Ён справіцца”.Залацісты крымскі загар. Ускінутыя рукі. Адзіная залатая пляма ў празрыстым сінім небе, у якім – між небам і зямлёй, над падводнымі садамі – вісела яна.Ён выцягнуўся, прыўзняўся на дыбачкі і высока падскочыў у сіняе паветра, лёгка перавярнуўшыся ў ім.“Не, – млява падумала яна, – гэта пройдзе. Гэта – старое, нязжытае да канца. Яно пройдзе”.Прыйшло заспакаенне… Вось сады пад вадою. Медузы цвітуць у сярэдзіне сіняга алмаза. Шалясціць, шапоча мора. Сыплюцца з каленяў каменьчыкі.Узняўшы ўгору вочы, яна глядзела туды, дзе, раскрыліўшы рукі, у нязмернай вышыні ляцеў да яе залаты бог.Спёка. Яраснае сонца. Шум… шум… шум мора…– Мама… Мама!.. Што ж ты?!. Мама!!!

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22