1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22

Залаты бог

– Цёцю! – гарлаў ён, вылазячы з вады. – Гэта ж скора вашы імяніны святкаваць будзем!– Ты адкуль ведаеш? – усміхалася яна.– А як жа, – рабіў Петра посную морду. – Дваццаць чацвёртага верасня… Святой першамучаніцы Тэклі.Нельга было не засмяяцца, так не пасаваў посны выраз да яго круглай фізіяноміі.– Ну, – казала яна.– То, можа, разам адсвяткуем, цётачка?– Як гэта?– У мяне ж дваццаць трэцяга… Па-а-кут-ні-кі-і Андрэй, Іван і Петра… Ня-адзе-ля шаснаццатая па-а сё-му-се…– Можна, – казала яна.– Ды ты забудзеш.– Не можа гэтага быць, – казаў ён. – Выпіўку ды забыць.– Будзеш ты на тым свеце смалу з дзёгцем піць.– Прызвычаімся, – казаў ён.– Пі, пляменнічак, колькі няшкодна, – пасля паўзы казала яна. – Гэта ўсё лухта. Няма таго пекла.– Так і няма? – здзіўляўся скульптар.– Няма.– І тое праўда.Яны паглядалі на нешматлікіх суседзяў на пляжы. Ляжалі на гальцы дзяўчаты, карычнева-чырвоныя, гарачыя ад сонца.Хадзілі між іх заўсёднікі – маладыя людзі з ухмылачкай, – шнырылі вачыма, шукаючы, каго б пажэрці.– Бобікі, – казаў таўстун. – Драпежнічкі з вышэйшай хатняй асветай.– Кінь, – казала яна, – сам быў не лепшы.Жанчына глядзела на мора, на сінія ўзгоркі, рэдка парослыя сумахам, і прыжмурвалася:– А-ёй, гарачыні колькі. Во каб гэта нам… Што б расло!Яна ўспамінала свае балоты, векавыя ліпы ў прысадах, палёт бяроз на гасцінцах і туман між медных ствалоў пушчы.…Дні праз чатыры пасля таго як жанчына з’явілася ля мора, прыехала новая група, чалавек восем, усе ажыўленыя, але бледнатварыя – відавочна, з поўначы. Штосьці рабіла іх падобнымі адзін да аднаго, гэтых мужчын. Магчыма, іронія, магчыма – утрапёны агеньчык, які гарэў у іхніх вачах, калі яны, спрачаючыся, ішлі з аўтобуса да канцылярыі.Вызначаліся сярод іх асабліва двое: стары з абліччам румянага фанатыка і малады чалавек год пад трыццаць.Калі малады чалавек раздзеўся, кінуўшы вопратку на ляжак, і павольна пайшоў берагам, “драпежнічкі” глянулі на яго і засумавалі. А дзяўчаты, калі ён праходзіў, глядзелі наўздагон ва ўсе вочы, забыўшыся на сарамяжлівасць і стрыманасць, забыўшыся нават на спрадвечную жаночую ўніклівасць, якая бліжэй за ўсё да какецтва.Ён быў дзівосны. Кісці рук і галава, відаць, трохі ўжо загарэлыя ў дарозе, залацістыя, а ўсё астатняе белае, як пена.Шыракаватае аблічча, прыемныя цвёрдыя мускулы ля рота, сінія вочы ўразлёт, залацістыя валасы… А цела!.. Толькі на грэчаскіх статуях бывае часам такое. Ані грана лішняга не было ў ім, але не было і таго, што часам брыдзіць цела прафесіянальнага гімнаста, тых суцэльных вузлоў мускулаў, што, як звязкі змей, непрыгожа ходзяць пад скурай.Яно было гладкае, цвёрдае, з шаўковай скурай. І дзіўнымі здаваліся пры шырыні плячэй дзявочая талія і вузкія моцныя клубы.Не звярнуў на яго ўвагу толькі мастак, які сядзеў з альбомам на лежаку, ліхаманкава замалёўваючы жанчыну ў чорным. Жанчына стаяла ля самай вады, гледзячы ўдалячынь. Мастак толькі што прыехаў, выйшаў на пляж і ахнуў: перад ім стаяў жывы прататып смуткуючай маці для ягонай карціны.А ён шукаў яго доўга. Вось ужо, сапраўды, не ведаеш, дзе знойдзеш, а дзе страціш.Малады чалавек падышоў да старой і, схіліўшыся, пацалаваў яе ў скронь.– Дзень добры, матуля… Не засумавала тут без мяне?Схаваўшыся ўся ў яго абдымках, яна знізу гледзяла на яго і, нібы не ведаючы, што ёй рабіць, разгублена шаптала:– Валерык… Сынок мой…

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22