1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22

Залаты бог

– Не сумна было?– Што ты… Мора якое!.. І Лорачка… І Петра Мадэставіч… Валерык… Сыночак…– Прабач, трошкі затрымаліся… Цяпер ужо – разам.Мастак, гледзячы на іх, крэкнуў і падумаў, што ён – бездар і што яму трэ было б пісаць зусім другую карціну… Проста – маці і сын. Проста – шчасце.…Петра Мадэставіч з’явіўся на пляж, калі маці пайшла ўжо адпачыць перад абедам, і, убачыўшы Валерыя, таксама ахнуў: “Ляпіць”. Але падышоў, пазнаёміўся, пагаварыў і… сумеўся.“Галаву хіба толькі… Вучоныя з такім целам не бываюць… Не паверыць ніхто”.…За абедам у вялізнай прахалоднай сталовай ён сядзеў у сваім кутку і здалёк назіраў, як васьмёрка тых, што прыехалі, заняла два ссунутыя сталы, як старая сядзела побач з сынам, якога ён агойтаўся ляпіць, як усе пачціва дагаджалі ёй, – і толькі тут, параўнаўшы вочы, і бровы, і выраз абліччаў, і тое агульнае ў рухах старой і маладога, здагадаўся, што перад ім маці і сын, і сам сабе свіснуў:– Вось табе маеш… І паверыць нельга, што Тэкля свет Данілаўна нарадзіла такога.А калегі Валерыя глядзелі толькі на яе, глядзелі ўлюблёнымі вачыма, бо, відаць, любілі яе сына.Старая амаль не гаварыла з імі: напэўна, саромелася вясковай гаворкі. Але гонар усё больш поўніў яе сэрца, калі яна бачыла павагу ўсіх да сына. А сын часам усміхаўся ёй і звяртаўся да яе, таксама па-вясковаму, і тады сэрца старой аж аблівалася цеплынёю. Кожны раз.Падышла сястра-гаспадыня.– Вось, – ускінулася старая. – Вось гэта Ларысачка… А гэта, Ларысачка, мой сын.Сястра паглядзела на яго і трохі пачырванела.Валерый глядзеў на яе з добрай усмешкай. Нельга было не ўсміхнуцца з дабрынёй, зірнуўшы на такую. Ладненькая, маленькія ручкі, добрыя сінія вочы, пяшчотны румянец на твары. Наіўны маленькі рот, а ля яго хатнія, таксама наіўныя, ямачкі.– Дзякуй вам за маці, – сказаў Валерый.– Што вы, – пачырванела яна, – я вельмі яе…І сумелася.– Дзякуй, – яшчэ раз сказаў Валерый.– А дзе Ярынька? – спытала старая.– Гэта хто? – спытаў Валерый.– Яраполк гэта, – сказала старая, – брацік яе. Яны, Валерачка, без усіх засталіся. Адны. Ларысачка яго гадуе. Такі добры хлопчык. – Ды дзе яму быць, – сказала Ларыса.– Зноў, пэўна, сабак ганяе.– Ты яму – гасцінчыка. – Старая падала сястры пакунак. – Гасцінчыка нашага… слонімскага. Там цукеркі такія, “бульба беларуская”, і антонаўка. Бо ў гэтых тутэйшых яблыках ан-ніякай смакаты няма… Як вата… І скажы яму, хай купаецца лепей. Восень скора, хай набіраецца сонцам. Ларыса ўсё чырванела, паглядаючы то на яе, то на Валерыя, які стаяў і глядзеў на яе, пільна, з усмешкай.Калі яна пайшла, а Валерый сеў, старая, хаваючы вочы, сказала:– Добрая якая… Ну проста дзіва… Што ёй у старой бабе?… А яна…І раптам – ні да чаго – сказала:– І што дзецям у гэтых сабаках?Сабакі гадаваліся ля сталоўкі. Было іх штук пяць, усе тлустыя, добрыя, кашлатыя, хоць ты іх на полюс холаду вязі, і ўсё дрэннай пароды. Яны ведалі людзей і за Петрай Мадэставічам, напрыклад, кідаліся табуном.– Прыхлябацелі, – бурчаў скульптар. – Дармаеды. Нахлебнікі. Выселіць вас.Сабакі матлялі хвастамі.– Працаваць трэба, – бурчаў ён. – Бог падасць.І выкладаў на жвір косткі, недаедкі і што іншае.…Сястра-гаспадыня, стоячы ля століка скульптара, усё яшчэ паглядала на новенькіх. Яе здзіўляла, што ўсе з асаблівай павагай глядзяць на гожага маладога чалавека, нават старыя, і ўсе слухаюць, калі ён гаворыць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22