1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22

Залаты бог

– Чаму гэта так? – спытала яна ў таўстуна. – Хто ён? Хто яны?– Яны?– Але.– Магу сказаць, – буркнуў стары. – Ленінская прэмія за сепарыраванне плазмы… За працы над плазмай – Нобелеўская прэмія гэтага года.– Галоўны, відаць, той, сівы.– Сава Апанасавіч?.. Не, ён – пачынальнік. Так бы мовіць, шэф. Ён якраз на другім месцы ў гэтай кампаніі. Галоўны геній там унь той… бог.Замармытаў:– Недагеніі… Перагеніі… Эксгеніі… Супергеніі.І раптам спытаў:– Ведаеце хто ён? Валерый Палецкі.Сястра паціснула плячыма. – Неадукаванасць і недасведчанасць ёсць грозныя бічы чалавецтва, – сказаў стары. – Такая галава з’яўляецца раз у стагоддзе. Глядзіце, гаспадынька, можа, больш не давядзецца. Ён быў трохі пакрыўджаны тым, што маці за ўвесь час абеду нават не глянула ў ягоны бок. Але як толькі скульптар – раней за ўсіх – скончыў абедаць, Валерый заўважыў гэта і, устаўшы, пайшоў да яго.– Прабачце, – сказаў ён, – я ўгледзеў, што вы ўсталі раней за ўсіх.– Пілі б свой кампот, – сказаў таўстун.– Крыўдуеце,¬¬¬¬¬ – усміхнуўся “ўсімі беласнежнымі” Валерый.– Вы ж ведаеце. Маці. Яна столькі гаварыла пра вас… Калі ласка, калі хочаце, пераходзьце за наш стол. Вельмі гэта добра будзе. – З прыемнасцю, – буркнуў стары.…Ужо два дні яны елі разам, гулялі, купаліся разам. Скульптара ўзялі ў сваё кола так проста і лёгка, нібы век былі знаёмы.Разам ездзілі ў горы. Падымаліся паўз кінутыя пустыя аўчарні і здзічэлыя міндальныя дрэвы на перавал. Глядзелі адтуль на бязмежнае мора, на бухты ўнізе, на дураломны Чортаў Палец, які стаяў над стромай і не падаў. Старая сядзела, склаўшы на каленях сухія рукі, мружылася пад сонцам, усміхалася ўсім радасна і казала:– Камяніскі якія! А мора! Ляцець хочацца. І зямля харошая.І ўздыхала:– Колькі зямлі прападае. Гэта б сюды нашу ваду. А на пляжы, заўважаючы, як усе людзі глядзяць на яе сына, яна сама цяпер любіла ўсіх. Усе былі

харошыя. Толькі той, што сядзела тады з нагамі ў вадзе, не было ўсе гэтыя дні. Можа, скончыўся срок, і яна з’ехала. А можа, паехала ў горад. У сына былі, здаецца, закаханыя ўсе дзяўчаты. Нават Ларыса, якая дагэтуль глядзела на ўсіх хлопцаў проста і роўна, нібы на істот адной з ёю пароды, апускала доўгія веі, сустракаючыся з ім. Ім нельга было не любавацца, калі ён ішоў у мора. Спачатку белы, ён праз два дні, калі спавіў цела залацісты крымскі загар, стаў увесь залаты, як выліты з золата.– Гэта ўсё мора, – шчасна ўсміхалася старая. – Я дык назнарок нанач рукі не мыю. Пакладу далонь ля рота – салона. Пахне. Шкада – купацца мне ўжо нельга.На трэці дзень, калі сядзелі за абедам і сын, толькі што нажартаваўшыся з Ларысай, глядзеў з усмешкай, як яна ідзе між столікамі, старая спіной адчула нешта няёмкае: нібы цень упаў на яе. – Валерый, – пачула яна жаночы голас. – Ты якім чынам тут?Сын узняў вочы, і старая спалохалася, яшчэ не ведаючы, у чым справа: з залатога ён стаў залацісты, нібы ўся кроў адхлынула ад аблічча.– Дзень добры, Агата, – сказаў ён. – Рад бачыць.Маці азірнулася. За яе спіною стаяла тая, з пляжа. У белай шаўкавістай сукенцы, таксама ўся залацістая. На дасканалых руках – белыя карункавыя пальчаткі. Рот усміхаецца. Шэрыя вочы глядзяць на Валерыя насцярожана і неяк нязвыкла.– Даўно тут?– Трэці дзень.– А я ў Ялце была… Што ж, прыемна бачыць. Толькі на хвілінку знік з яе вачэй гэты дзіўны спакой. Калі яна ўбачыла твар маці і пазнала яе,

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22