1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22

Залаты бог

Яна не малілася дваццаць год.– Божа міласцівы, – нібы прыслухоўваючыся да ўласнага шэпту, сказала яна. – Узяў ты майго Максіма, узяў рукамі чужынскімі хату, сад, двух старэйшых… Збаў хаця гэтага ад пакут, ад змяюшкі той у вобразе чалавечым. Літуй яго, аднаго, адзіны мой свет у вачах… Апошняга. Недзе далёка ракатала, цягнула гальку мора.– Ён не вытрымае такога больш. Ты не ведаеш, а ён не вытрымае.Думка ўразіла яе, і таму яна і думку выказала ў сваёй трывожнай споведзі.Лягчэй не ставала.– Кроў яна з яго высмакча, змяя.Яна ўсё разумела. Яна ведала: не дапаможа.– Сябе аддасць раз, а з яго за гэта – жыццё возьме.У адказ гучаў толькі голас мора, якое драбіла бераг. І тады Тэкля ўстала, ведаючы, што ніхто не дапаможа, што спадзявацца можна толькі на сябе.Маці не ведала, што Валерый якраз у гэтую хвіліну сядзіць на вялікім камені, які выдаецца ў мора, і слухае цішыню і сябе. Хвалі разбіваліся аб падножжа валуна, усплёсквалі, кідалі часам на гарачы лоб кроплю вады… Была ціша, і толькі здалёк, з танцавльнай пляцоўкі, далятаў сумны і страсны голас спевака: круцілі пласцінку.Песня была не вельмі ўжо і хвацкая, але ў гэтыя дні ўсе нібы павар’яцелі з ёю, круцілі, можа, сто разоў, да адчаю. І хлопец раптам адчуў, што гэтыя немудрагелістыя гукі нейкім чынам адпавядаюць яго настрою.Ты так печально целуешь меня,Словно знаешь,Что эта встречаБудет последней,Чувство тоски безнадежнойСжимает мне сердце.Может ли завтраПрийти без тебя?І Валерый раптам з нечаканай вастрынёй зразумеў: “заўтра” прыйсці “без яе” не можа. А калі прыйдзе, яму ў такім “заўтра” няма патрэбы.Што яму, сапраўды, рабіць з гэтым “заўтра”? Выбівацца, як раней, працаваць, як вярблюду, як чорнаму валу, як гэта ён рабіў дагэтуль. Ну вось, яму трыццаць. Ён не дазволіў сабе дагэтуль ані хвіліны адпачынку. Ён ні разу не бачыў мора, гор, пустынь, вінаграднікаў. Усё гэта было “рана”. Дванаццаць год затворніцтва, да якога ён сам прысудзіў сябе.Ён быў славалюбівы і сам прызнаваўся сабе ў гэтым, лёгка, нават з гонарам. Быць лепшым, быць першым – іначай не варта было нараджацца на свет.Дабівацца гэтага ўсяго не інтрыгамі, не падкопамі, не дагаджэннем камусьці. Пасля такога не паважаеш сябе, а ён хацеў не страціць і кроплі гонару. Дабівацца не аслінай упартасцю, а тым, за што ніколі не асудзіць сябе чалавек: уласным талентам.Але таленавітых шмат. Колькі ён бачыў тых, што так і не пайшлі далей ухвалы сяброў: “Здольны хлопец”. Не, яму ўсяго было мала. Ён ведаў, што ён выключна абдараваны, і працаваў як вол, каб стаць незаменным, лепшым, самым прыкметным. Ён не шукаў папулярнасці. Ён ведаў: яна прыйдзе сама. Ён працаваў. Усё было “рана”. Ён не завёў сям’і, не хацеў ніякіх слабасцяў. У яго не было ніякіх “хобі”. Усе, хто сутыкаўся з ім, здзіўляліся яго нечалавечнай, немагчымай для многіх працаздольнасці.

Усе гэтыя гады ён спаў гадзін пяць у суткі. Сон і работа. І яшчэ фізічныя практыкаванні. Са слабым здароўем нельга было б зрабіць і сотай часткі той вялізнай працы, якую рабіў ён. Ён часам казаў, што можа замяніць адзін увесь аддзел. І сапраўды таго, што ён паспеў зрабіць, іншым хапіла б на ўсё жыццё.Дні і ночы, ночы і дні. Гімнастыка, душ, сняданак… Не піць, акрамя свят, не курыць… Работа, гімнастыка, абед… Не дазваляць сабе ніякіх кафэ… Хваёвая ванна ўвечары…Пры яго вялікіх здольнасцях і такой працаздольнасці ён рабіў усё, здавалася, з падазронай лёгкасцю… Яго не толькі ўсе паважалі. Яго пабойваліся, нібы лёс даў ім, звычайным людзям, магчымасць стаяць побач з чымсьці незразумелым, невытлумачальным, малаімаверным.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22