1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22

Залаты бог

І пры гэтым ён ніколі не быў машынай. Жывы розум фантаста, багатае ўяўленне – штосьці ад паэта ў фізіцы, вясёлая, азартная праца. Яго любілі за скупую жартаўлівасць, чысціню, за арганічную няздатнасць не толькі да подласці, але і да звычайнага кампрамісу.І так дванаццаць год… Не, адзінаццаць… Два гады назад было т о е . Іх вялікасць “Сам-Палецкі” зволілі “уцюрыцца” ( як, не вельмі дасціпна, казаў калега, блазнаваты паскакун Віцька Малімончык, лепшы спецыяліст па матэматычнаму аналізу). Суцэльным прыніжэннем быў той год. Каб не ён – яны скончылі б яшчэ год назад. А маці ж таксама было цяжка чакаць.

Ні хвіліны асабістага. Мозг, здавалася, ператварыўся ў пачвару, якая жарэ ўсё… Жанчыны самі падыходзілі, але, адчуваючы, што яны менш патрэбны яму, чым ён ім, адыходзілі.Прага шчасця, адпачынку, музыкі? Лухта. Потым.І вось яны “дасягнулі”. Далей, здавалася нат, не было куды ісці. Цяпер можна было пачынаць жыць. Для пачатку яны выехалі сюды. З непрывычкі да поўнага спакою і гультайства Валерый першыя ночы дрэнна спаў. Гэта было ненатуральна. Бо ён нават падчас замежнай паездкі здзіўляў усіх тым, як ён працаваў у самых непадыходзячых умовах. Пайшлі кнігі, заплывы ў такую далячынь, што за два дні яго двойчы вярталі з катэрам, кіно, у якім ён не быў сто год. У Феадосіі ён цэлы дзень сядзеў ля малюнкаў Валошына, адчуваючы амаль сладастрасную насалоду ад звычайных квадрацікаў паперы з разнастайнымі фарбамі, якія былі – прыгажосць, свой погляд на свет. Цяпер ён шкадаваў, успамінаючы самалёты, вуліцы чужых гарадоў, усплёскі “блітцаў”, шумлівы натоўп. Піць гэта трэба было. Піць. І раптам… Яна. Зноў тое самае. Зноў цяжкая, без прасвятлення, з адным бязмерным болем, неўтаймоўная цяга.Нічога добрага з гэтага не магло атрымацца. Нічога. Зноў патаемныя сустрэчы, зноў дабрыня і пакорлівасць, калі ён ішоў прэч у ярасці на яе і на лёс. Зноў абыякавасць, калі ён цягнуўся да яе.…Наступнага дня ён ляжаў на пляжы, заплюшчыўшы вочы, і напалову драмаў. Мозг, пазбыўшыся за першыя ж дні свінцовай стомы, працаваў надзіва ярка, чыста, магчыма, нават хварабліва ясна. У напаўдрымоце ён камбінаваў розныя, часам узаемавыключныя з’явы, вобразы, словы, ствараючы з іх стракатую непрыемную мазаіку. Цень упаў на яго аблічча. Думаючы, што гэта нехта са сваіх, ён сказаў:– Адыдзі, не засці мне сонца. І адразу пачуў яе голас:– Дзень добры, Валерый.Усё здрыганулася ў ім, але ён адказаў, не адкрываючы вачэй:– Дзень добры. Што, хочаш пераступіць? Як калісь? Няма іншай дарогі?– Грубасць ніколі не ўпрыгожвала мужчыну.– А двудушнасць – жанчыну.

Яна засмяялася, села.– Жанчына не можа не быць двудушнай, калі мужчына – табліца лагарыфмаў, хадзячы электронны мозг.– Ты нашто падышла? Што хочаш запраграмаваць?– Ці можна парушаць маральны кодэкс, – іранічна сказала яна. – І адказ?– “Заляцацца да чужых жонак з несур’ёзнымі намерамі – нельга. Можна толькі – з сур’ёзнымі. За іншае мала біць морду”. – Што ж, па-мойму, правільна. – А калі “чужыя” зусім не думаюць, сур’ёзныя намеры ці не?– Тады няхай чужыя ідуць да дзядоў з атрафіраваным сумленнем.– Я і прыйшла, – сказала яна. – Ты ж некалі не ўспамінаў аб сумленні.– Бо не хацеў… Не мог.Яна дражніпа яго, але ён праз заплюшчаныя павекі не мог бачыць гэтага і гаварыў больш-менш сур’ёзна. А яна сядзела над ягонай вялізнай постаццю і глядзела, схіліўшы галаву, хітравата, як лісіца ў глыбокі калодзеж.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22