1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22

Залаты бог

– Штосьці ты і не падыходзіш да мяне?– Не хачу.– Дурны. – Яна сказала гэта раптам сур’ёзна, тым тонам, ад якога ў яго заўсёды падала сэрца. – Я ж бачу. Кінь ты мучыць самога сябе… У жыцці і так усё няпроста. Прыходзь… Ну?

Ён маўчаў, і тады яна ўстала. Пайшла. Праз няшчыльныя веі ён бачыў, як яна ішла па гальцы, падабраная, пластычная – уся як успамін і як пакута.…Дзень імянін маці скульптар вырашыў святкаваць разам са сваімі і падбіў усіх, каб прынеслі шмат віна і “грукалі ў дзверы толькі нагамі”. Сабраліся удзесяцёх: сябры, маці, Петра Мадэставіч, Ларыса.Да апошняй заляцаліся напрапалую. Усе. І маці было дзіўна, што ўсё гэта, здаецца, зусім не закранала Валерыя. Сядзеў спакойны, пазіраў на дзяўчыну вачыма, якія бачылі і не бачылі.На здзіўленне Петры Мадэставіча, усе госці накінуліся не на магазінныя віны, а на маладую тутэйшую маджарку, чырвоную, белую і бурштынава-ружовую. Маджарка стаяла ў вялікіх шкляных збанах, знесеных з усіх пакояў. Была яна трохі каламутная – нават вінаградныя скуркі часам трапляліся, – кісла-саладкавата-даўкая і халодная як лёд. Старой маджарка не спадабалася.– Хіба гэта гарэлка? – усміхалася яна.Але потым прыйшоў сум, прыемны і цёплы. Стала шкада жыцця, якое – што ні кажы – канчалася. І разам з тым было весела, нібы ўвесь шлях ляжаў наперадзе.“Вось у чым справа, – падумала яна. – Вось чаму п’юць тое кіслоцце”. І яна глядзела на гожае аблічча сына і на хатнія ямачкі ля наіўнага рота Ларысы, і ёй рабілася трохі крыўдна. Гаспадарлівая, гожая, добрая. Усе ж мужыкі такія дзеці… Пакінь іх, хаця і ў сорак год, – наробяць глупстваў. Справа жанчыны апекаваць над імі, дапамагаць, кіраваць непрыкметна, каб, крый божа, не заўважылі, не ўсумніліся ў сваім панаванні… “Чым бы дзіця ні цешылася…” І вось з’явілася т а я , нядобрая, страшная ў вечным сваім патрабаванні. Нічога не аддаваць. Толькі браць, браць, браць. Яна не вінаваціла сына, яна нават дапускала, што іначай у яго не магло быць. Сваім прыродным розумам, сваім вялікім вопытам яна ведала, якую ўладу часам бяруць над сапраўднымі мужчынамі, высакароднымі і добрымі, тыя жанчыны, якія не абмяжоўваюць сябе ў сродках: самаўлюбёныя, пыхлівыя, ганарыстыя, хлуслівыя. Тыя, для якіх галоўнае – сцвердзіць сябе, міжвольна прынізіць сваіх сябровак і ўзысці вышэй за іх, няхай нават па трупах.

І таму яна шкадавала яго. А голас за акном, за садам, спяваў усё тое самае:До завтра…А вдруг оно меня обманет?Я буду ждать – ты не вернешься, Я буду звать – не отзовешся, Уйдешь далеко. Гучала ў ім туга і яшчэ радасць, што вось чалавек можа так тужыць, што яму радасна ад тугі, бо ён – жыве. І маці ўспамінала палі, каменную россып на іх, валы з камянёў на межах, – усё ўласнымі рукамі! – сінія лясы і крывавае зіхаценне каласоў у вачах.– Не трэба, – раптам шапнула ёй Ларыса, і маці здзівілася, як гэта тая здагадалася аб усім.Большая частка гасцей спрачалася, пішучы на клапціках паперы шэрагі нейкіх лічбаў і літар. Часам нехта рагатаў, нібы ў лічбе, якая вось зараз толькі з’явілася з-пад аўтаручкі, было нешта смешнае. І толькі сын адчужана глядзеў на іх, думаючы, відаць, пра нешта сваё, ды яны, жанчыны, удзвюх па-змоўніцку шапталіся на рагу стала. – Не трэба, маці… У вас было добрае жыццё… Наўрад ці хто з нас пахваліцца такім пад старасць.– Ведаю… Ты адсунься, доня. Сядзіш на рагу стала.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22