Зброя

РАЗДЗЕЛ ІНізкія – рукой дастаць – хмары пахнулі вугальным дыхам. А можа, гэта і быў дым. Яго несла, варочала, цягнула над Мікалаеўскім вакзалам, над плошчай, над вулкамі, тупікамі, над горадам, над усім светам. Варта было купляць аж у Ангельшчыне кардыф1 і везці яго сюды, каб так засмуродзіць неба.Менавіта ў такі дзень, гнілы лютаўскі дзень 1862 года, прыехаў у Маскву будучы камісар паўстанцаў Ніжняга Прыдняпроўя князь Алесь Загорскі з сябрам Мсціславам Маеўскім, старым “дзядзькам” Кірдуном (а па прозвішчы “Халява”) і “дзядзькаваным” сваім братам, вольнаадпушчанікам, Кандратам Кагутом.Дзве мэты было перад імі: закупіць патрэбную дзеля паўстання зброю і яшчэ – паспрабаваць вызваліць Кандратавага блізнюка, Андрэя, якога вось-вось павінны былі прывезці этапам з Беларусі ў Бутырскую турму.Пажыццёвая высылка. Згадзіцца на гэта было немагчыма. Больш, чым брат. Брат па крыві – па выхаванню і думках. Брат, кінуты ў няволю за тое, што спяваў на кірмашы песню, якую напісала твая рука, прыдумаў твой мозг. Нельга было паважаць сябе, каб дапусціў, што друга, брата б’юць “на Балоце” бічом, а пасля вядуць у ланцугах Уладзімірскай дарогай....Не лютаўская, гнілая сыпала на горад мжычка, напалам з жоўтым снегам. Паўз снежныя горы цягнуліся праезджыя дарожкі, і на іх стаялі лужыны колеру мачы, глыбокія, ператоўчаныя са снегавой кашай.З цягніка амаль ніхто не сышоў. Дый каму было ездзіць у такое надвор’е? Справы пачакаюць да сухіх дарог, а цяпер сядзі, браце, ля печкі.Ля пустой рамізніцкай стаянкі яны стаялі толькі чатырох. Наперадзе, нібы чужыя, Мсціслаў з Кандратам. За імі – Алесь з Кірдуном.– Стаў кофры, хамская морда. – У Мсціслава смяяліся вочы. – М-маеш ты ў мяне.Ён даводзіў так Кагута ўсю дарогу... Той і цяпер толькі носам сапнуў.У чорным паліто, у ласіных пальчатках і занадта модных чаравіках Мсціслаў быў дзіва які добры – ні даць ні ўзяць эўрапеізаваны купчык з багатых таганскіх недарасляў. Алесь толькі пасмейваўся, паглядаючы на яго.– Да Макарыя на кірмаш едзе, сукін сын, – нібыта аб чужым, сказаў Кірдуну Алесь. – Пявічак там будзе ў шампанскім купаць, у рэдэрэры, пяць семдзесят бутэлечка. Х-хам.У Мсціслава непрыкметна закалаціліся плечы.– Слухай, Мсціслаў, – ужо сур’ёзна сказаў Загорскі. – Вы зараз з Кандратам паедзеце першыя. Спыніцеся ў гасцініцы “Дрэздэн” гасцініцы “Дрэздэн”, на Цвярской плошчы... Возьмеш трохпакаёвы нумар з асобным пакоем для Кандрата. Ты ж мільянер, купец.– Чорт яго пабірай. Ніколі не думаў, што ўдаваць дрэнныя манеры так цяжка.– Звыкнеш... А мы з Кірдуном паедзем у гандлёвы цэнтр. Спынімся там у нумарах пры “наватроіцкім” тракціры... Я адразу дашлю Кірдуна са звесткай аб нумары.– Не разумею, нашто гэта, – сказаў Кандрат Кагут. – Адразу драбіць хаўрус.– Я т-табе дам хаўрус, хам, – сказаў Мсціслаў. – Ведай сваё месца. Ты – слуга, а ніякі мне не хаўруснік.– Так трэба, Кандрат, – сказаў Алесь. – Наш тракцір на Іллінцы, у самым гандлёвым цэнтры, Андрэя павязуць добра калі праз два месяцы. За гэты час я павінен наладзіць сувязі з гандлярамі... І не толькі легальнымі, а і падспуднымі, Давядзецца зведаць увесь патаемны рынак, стаць там сваім чалавекам.– То што?– Гэта не тое што купіць стрэльбу на дыван над ложкам, – сурова сказаў Алесь. – Нам усё ж трэба дзве тысячы стрэльбаў, столькі ж халоднай зброі, ды жалеза для паробак, ды паперы, бо ў Кастуся зрываецца справа.