Зброя

– Бітва пад Дрэздэнам, – горка жартавалі збітыя. А старыя бурчэлі:– Справядлівасці ім захацелася, нігілістам. Хадзілі б сабе па знаёмых на тынцы, гулялі ў шарады, частаваліся, яблыкі елі б. Цукеркі ад Эйнема, Studentenfrass, batins de roi de Negovi, le quatre mendiants1 – як добра!Просты пачастунак, але здаровы. Іншага ім, бачыце, пачастунку захацелася – вось і атрымалі.Пачуццё брыды выклікала гэтае зларадства над чысцінёй. Лаялі новае – а чаго дабіліся за свой век? Хіба што пагубілі дзяржаву і зрабілі яе сімвалам усякага гвалту, сімвалам развалу. Нават тут, у горадзе.У горадзе была вышэйшая на ўсю Эўропу смяротнасць: з тысячы паміралі трыццаць тры – таму што снег і гной ніколі не звозілі, а сметнікаў ніколі не чысцілі... Двары патаналі ў памыях і адкідах, з крам ішоў смурод разлажэння, па прыбіральнях гойсалі пацукі (на ўвесь горад ледзь-ледзь з’явіўся першы дзесятак ватэрклазетаў, і іх паказвалі гасцям, як дзіва).Паўз Ахотны рад нельга было праехаць, а жыхары куплялі тут ежу.У горадзе нішто не забяспечвала абывацельскай бяспекі, і пешаходу часта даводзілася разлічваць толькі на сябе. Калі ўначы з бульвараў далятаў “гвалт!” – жыхары мацней зачыняліся ў сваіх кватэрах. Адзінай “дапамогай” было адчыненае акно, у якое голасна крычалі: “Выходзім! Трымайся!..” На вуліцу выбягалі толькі найбольш мужныя. І ўсё гэта аніяк не датычылася паліцмайстра Агарова, які замест дзейсных захадаў займаўся фліртам з актрысамі.Сум Алеся па дому, калі яму даводзілася трапляць сюды, з часам рабіўся нясцерпны. Ён не ведаў, як магчыма тут жыць. І ў гэты прыезд толькі мэта, дзеля якой ён сюды прыехаў, суцішвала бязмерную настальгію. Трэба было дачакацца вясны, калі адсюль звязуць у Маскву катаржан, вясны, калі пачынаюць адпраўляцца па Ўладзімірцы этапы. Нельга было пакінуць Андрэя, дзядзькаванага брата, самага ўлюбёнага з усіх Кагутоў – калі не лічыць Кандрата – друга, паплечніка, чалавека, які пакутаваў, у пэўнай меры, з-за яго. Нельга было, каб ён уздымаў кайданамі пыл, каб цягаў тачку, каб з яго здзекаваліся, каб ён жыў сярод чужых. А час да вясны трэба было выкарыстаць на куплю зброі....Вечарам таго самага дня Алесь даслаў Кірдуна ў “Дрэздэн”, да Маеўскага. Там усё было на месцы, і фальшывыя пашпарты вярнулі з паліцыі без аніякіх заўваг. Кандрат паспеў пасябраваць з гасцінічнымі слугамі і непрыкметна зведаць ад іх, хто з дворнікаў і персаналу звязаны з сыскам. Выявілася, што купец Вакх Шандура са слугою ніякіх падазрэнняў сваёй персонай не выклікаў.Алесеў загад Мсціславу быў ранейшы: сядзець ціха, у меру “гуляць”, часам ездзіць для “здзелак” у Кітай-горад, але “сутнасць сваіх камерцыйных спраў” трымаць у сакрэце....Вечарам наступнага дня князь Загорскі паехаў на Ўзвіжанку, у прыватны цырк Сулье, і там сустрэўся з прадстаўніком зямляцтва ў Маскве. З купляй зброі справы ў “землякоў” былі дрэнныя. “Белая” група, як багатая, павінна была выдзеліць на гэта грошы, але, відаць, спалохалася. І тут быў недавер, панская пагарда і дрэнна прыхаванае пабойванне перад беларусамі. Усё гэта так абрыдла Загорскаму, што ён вырашыў самым рэзкім тонам патрабаваць у Кастуся адмежавацца ад усёй гэтай навалачы.“Ублытаюць у сваю справу, падманам прымусяць каштаны з агню цягаць, а потым здрадзяць, як гэта ўжо сто разоў бывала. І пойдуць “браткі” зноў здыхаць пад чужымі сцягамі. І пойдзе гуляць па нашых спінах бізун. А і пераможам – будзе тое самае рабства. Беларусі, бачыце, яны патрабуюць, старых, велікапольскіх, межаў. А хто спытаўся ў беларусаў, хочуць яны гэтага ці не? Гарматнае мяса ім патрэбна, а не сябры. Як не лічыліся з намі, так і не будуць лічыцца, пакуль карцеч і шыбеніца іх чамусьці не навучаць, як заўсёды, запознена”.