Зброя

Глухое абурэнне аж душыла Алеся. Невідушчымі вачыма ён глядзеў на выбрыкі клоўна Віля, на дзівосна прыгожую наезніцу Адэль Леангарт і ведаў, што большасць гэтых ягоных думак прападзе марна, што “белыя” пачнуць бунт, калі гэта будзе выгадна ім і толькі ім, у самы непадыходзячы для Беларусі і Літвы момант. А “чырвоныя” не палічаць за магчымае кінуць іх у бядзе і таксама выйдуць са зброяй. І атрымаюць “узнагароду” за прыроджаную пыху.А варта было б кінуць. Варта было б правучыць за фанабэрыстасць. Як бы адразу заскакалі?! Якія б абяцанні пачалі даваць?! Якія адразу “дарагія” сталі б “правінцыялы”? Як бы адразу пачало “паважаць” іхнюю чалавечую і народную годнасць гэтае паршывае панства?!...Гінуць за чужога дзядзьку. Якая лухта! Якая трагічная памылка! Без імя, без правоў лезці ў чужую кашу, для пана, які пагарджае “тутэйшым хамам”. Дабіцца толькі таго, каб уласнае адраджэнне назвалі “польскім мяцяжом”, або, у лепшым выпадку, “вынікам польскай інтрыгі”.Ён ведаў: усе сілы свае ён пакладзе на тое, каб гэтага не было. Калі паміраць, то паміраць за сваю волю і веліч. Не паўставаць, калі белае панства наплюе на інтарэсы Беларусі. Хай гінуць!І няхай нават потым нехта назаве гэта “здрадай”. Чужыя здраджвалі гэты бедны народ тысячу разоў. Няма чаго служыць чужым. Мы ім не негры. Хай скачуць у паветры, хай хрыпяць пад тымі вербамі, з якіх столькі год рэзалі розгі на беларускую спіну. Чысцейшае будзе паветра....Нешта дні праз два ён гаварыў аб гэтым з прадстаўніком “чырвонага” крыла варшаўскага зямляцтва і з прадстаўніком расейскай “Зямлі і Волі”. З першым сустрэўся ў Праломных варотах Кітай-горада, на рынку лубачных кніг. З другім – у славутым гроце Аляксандраўскага саду, запушчаным, спісаным непрыстойнымі надпісамі самага бруднага і жывёльнага тону.Абодва хлопцы абяцалі “падумаць” над гэтым. Алесь і не спадзяваўся ні на што іншае. Яго справядлівае абурэнне збоку магло выглядаць як спроба завесці несвоечасовыя звады. Ну і д’ябал з імі. Неяк абыдземся.А між тым і таму і другому варта было над гэтым падумаць. Алесева ідэя датычылася і палякаў і расейцаў. Палякаў таму, што іхняе слова і іхні нацыянальны гонар былі заталочаныя ў гразь. Расейцаў таму, што іхняе становішча таксама было небліскучае.Як гэта ні дзіўна было, але расейская навука, мастацтва, літаратура таксама знаходзіліся ў стане самага глыбокага крызісу. Сялянства не чытала зусім, мяшчанства і купецтва абыходзілася “Ерусланам Лазарэвічам” і жывацела ў стане самага страшнага бескультур’я і быдлячага свінства. Астыла любоў да роднага слова і літаратуры нават у асвечанай праслойкі. Дваранства ледзь не канчаткова кінула родную мову і, у большасці сваёй, не чытала нічога, акрамя французскіх раманаў.Алесь з жахам упэўніўся ў гэтым. З кожным днём больш і больш яму здавалася, што расейскія калегі павінны з гэтай прычыны біць у набат і, праз свой глыбокі боль, асабліва добра разумець падобны боль суседа. Нічога такога, аднак, не было. Нават самыя перадавыя цікавіліся больш палітыкай, чым пытаннем, як жыве свая мова, свая культура. А ўмовы іхняга існавання былі страшныя.Высока трымаў сцяг адзін Малы тэатр, і таму нешматлікія людзі, якія адчувалі трывогу, не проста любілі, а абажалі яго. Астроўскі быў у іх богам. Садоўскі, Шумскі і Самарын – апосталамі. Але і тут не было поўнага “ансамбля”, і тут заўсёды грашылі ў сэнсе дэкарацыі, гістарычнай праўды, касцюмаў. Волаты ігралі побач з пігмеямі. І Алесь не мог не думаць, наколькі нават гэты тэатр у адносінах да ансамбля, да вернасці, аксесуараў, да сыгранасці – наколькі ён ніжэй за тэатр у Вежы. Такіх мужчын у Вежы, вядома, не было, калі казаць аб коміках (хто мог стаць побач з Провам Садоўскім?!), але затое якія слабыя былі актрысы ў параўнанні з Геленай! Нават Фядотава.